Беларускае народнае адзенне

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Янка Купала

Беларускія народныя строі

Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працалюбства бацькоў, продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, яго імкненні, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць.

"Усе народы,- пісаў В. Р. Бялінскі,- таму толькі і ўтвараюць сваім жыццём адзін агульны акорд сусветна-гістарычнага жыцця чалавецтва, што кожны з іх уяўляе сабою адметны гук у гэтым акордзе, бо з зусім аднолькавых гукаў не можа выйсці акорд" .

Беларускі народны стройСвая, цудоўная спадчына ў беларускага народа. Стагоддзямі, узбагачаючы і ўдасканальваючы, нягледзячы на цяжкія гістарычныя ўмовы, на ліхалецці войнаў, выраблялі беларусы ўзоры народнага мастацтва, у якім сцвярджалі свой эстэтычны ідэал, у якое ўкладвалі тонкі густ і высокае майстэрства. Адыходзіла і гублялася многае - лёс не песціў беларусаў. Але і тое, што засталося, раскрывае перад нашым сучаснікам па-мастацку дзівосны, па-філасофску мудры свет народа - пранікнёнага творцы і ашчаднага хавальніка лепшага, таленавітага. Беларуская народная творчасць - паэма жыцця беларускага народа на ўсіх этапах гісторыі, трапяткое люстра яго душы, невычэрпная крыніца творчага натхнення і мастацкіх вобразаў.

Яркім здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі з'яўляецца народнае адзенне. Сфарміраванае ў выніку доўгіх і складаных працэсаў развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, яно больш, чым іншыя сферы побыту, адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларусаў. Таму лічыцца, што пасля мовы народнае адзенне - найважнейшая этнічная прыкмета. Глыбока і паэтычна выказала гэта простая беларуская сялянка. Яна хоча быць пахаванай ва ўборы сваёй маладосці, каб, паводле яе прыгожай фантазіі, продкі пазналі, "хто яна, хто мы як народ".

Сапраўды. Калі мы кажам "беларус, грузін, іспанец", то абавязкова хочам уявіць, як ён выглядае, як апрануты. Альбом "Беларускае народнае адзенне" і пакажа нам саміх сябе, пакажа ўсім, хто зацікавіцца, як выглядалі, як апраналіся беларусы, працоўныя людзі адной са славянскіх нацый. І поўныя ансамблі адзення, і кожная з яго частак - гэта, з аднаго боку, рэчы утылітарнага прызначэння, з другога - творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Народ заўсёды, ва ўсім - мастак. Усякі выраб яго рук адухоўлены шчырасцю пачуцця, расквечаны цікавай выдумкай. Пры гэтым ён практычна і эстэтычна мэтазгодны, пазбаўлены выпадковага, штучнага. Таму творы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўсе часы былі і застаюцца бясспрэчнымі ўзорамі сапраўднага мастацтва, дзейсна ўплываюць на сучасную культуру, на яе далейшае развіццё і ўзбагачэнне.

Згодна народным уяўленням, прыгажосць жанчыны заўсёды атаясамлівалася не толькі са знешнім выглядам, але і з яе працавітасцю, умельствам, густам. Калі надыходзіла пара выходзіць замуж, дзяўчына рыхтавала бацькоўскай сям'і і жаніховай радні багата аздобленыя кашулі, наміткі, паясы, ручнікі. Гэтым яна сведчыла свае здольнасці, рупнасць, кравецкі і вышывальны спрыт. У народных песнях хлопцу раіцца, якую дзяўчыну браць за жонку:

І не выбірай, Ясю, каторая гладка,
Сам глядзі, у людзей пытай, чы мецена хатка.
Не ўважай, Ясеньку, каб была росла,
Сам глядзі, у людзей пытай, чы ўмее ткаць кросна.
Не глядзі, Ясю, чы ў пацёрках шыя,
Сам глядзі, у людзей пытай, чы кашулю ўшые...
Не ўважай, Ясю, чы пекне ў танцу ходзіць,
Сам глядзі, у людзей пытай, чы усенько зробіць.

Дэкор касцюма беларускіх сялян суладны з пяшчотнай мелодыяй народнай песні, мяккай пластыкай нацыянальнага танца, строгай велічнасцю драўлянага дойлідства. Цесная ўзаемасувязь і танальная зладжанасць мастацтва народнага касцюма з усімі праявамі творчай дзейнасці беларускага сялянства, з абрадамі, звычаямі - адна з самых яго вызначальных рыс. Як і ў іншых відах народнага мастацтва, у традыцыйным касцюме мы назіраем тэктанічную яснасць і пластычную выразнасць, паэтычную сілу і ліра-эпічную напружанасць. Маляўніча аздоблены, ён хораша ўпісваўся ў беларускі пейзаж, адпавядаў інтэр'еру сялянскай хаты з яго самабытнай мэбляй, ручнікамі, абрусамі.

Гістарычнае развіццё беларускага народнага адзення адбывалася ў непасрэднай сувязі з прыродна-кліматычнымі і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. Засцерагаючы чалавека ад холаду і спёкі, адзенне адпавядала таксама маральным патрабаванням, задавальняла эстэтычныя густы. У розныя часы і па-рознаму яно выконвала магічную і абрадавую функцыі, служыла сродкам адрознення паводле сацыяльнага паходжання, роду заняткаў. Па састаўных частках касцюма, спосабу нашэння, па кампазіцыйна-дэкаратыўнаму афармленню, каларыту і арнаментыцы можна было дазнацца, з якой мясцовасці чалавек, якое яго сямейнае становішча, узрост.

У святочным і абрадавым адзенні адлюстравалася само жыццё беларуса, яго светапогляд, адносіны да людзей. Ільняное белае адзенне з саматканкі спадарожнічала беларускаму селяніну ад нараджэння да смерці. У зіхатліва-белы мятлік апраналі немаўлятка, у далікатна вышытай кужэльнай кашулі апускалі нябожчыка ў магілу. Сама назва - Беларусь, як мяркуюць некаторыя гісторыкі, этнографы, паходзіць ад таго, што ўлюбёным колерам адзення беларусаў быў белы. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці свята, надзяваць на вяселле ці радзіны, з выпадку радасці ці жалобы. У пост, напрыклад, хадзілі ў "пасцяным" касцюме, у якім адсутнічаў чырвоны колер. У самае прыгожае ўбіраліся і да працоўнай урачыстасці: першы выган жывёлы "на юраўскую расу", свята першай баразны, першага снапа на ніве, першага пракосу на сенажаці.

Асабліва строгі і вытанчаны быў святочны касцюм маладзіц да нараджэння першага дзіцяці. Нібы гатычныя мадонны, павітыя ў бялюткія наміткі, апранутыя ва ўзорыста-маляўнічыя андаракі, велічна і грацыёзна хадзілі яны па роднай зямлі і, як усе жанчыны свету, адчувалі сябе ва ўрачыстых уборах высакароднымі і прыгожымі, шчаслівымі і радаснымі.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Менавіта жаночы касцюм з найбольшай яркасцю і паўнатой увасабляе мастацкае мысленне народа, багацце яго фантазіі, развітасць густу і пачуццё меры. Ён - найбольш яскравая і пераканальная частка рукатворнай спадчыны беларускага народа.

Крыніца: М. Раманюк. Беларускае народнае адзенне. М., "Беларусь", 1981

Каментары чытачоў
vkl.name напiсаў(ла) 29.11.2011 23:07
Хочацца больш малюнкаў, асабліва з мужчынскім адзеннем, зараз становяцца моднымі вышыванкі, чаму б не раскрыць гэтую тэму?
Олександр напiсаў(ла) 08.08.2012 01:21
Вітаю,сябри! А чи багато білорусів ходить у вишиванках? У нас в Україні вишиванка стала символом національно свідомих людей,патріотів своєї Батьківщини.
Admin напiсаў(ла) 14.08.2012 19:35
У нас таксама стала, але з сапраўднымі патрыётамы ў нас цяжкавата :) Таму пабачыць чалавека ў вышыванцы наўпрост на вуліцы - вельмі рэдкая з'ява.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.