Гістарычныя навіны

Для пачатку рэстаўрацыі Бабруйскай крэпасці патрэбна $10 тысяч

08.05.2010

У Бабруйску аднавіліся працы па ўзнаўленні 3-га палігона Бабруйскай крэпасці. Аднак перашкодай для пачатку паўнавартасных рэстаўрацыйных работ з’яўляецца недахоп каля 200 дакументаў.

Яны знаходзяцца ў Маскоўскім Вайскова-гістарычным архіве. Кошт адной копіі складзе прыкладна 1600 расійскіх рублёў (каля 50 долараў). Агулам усе неабходныя дакументы будуць каштаваць Бабруйску каля 10 тысяч долараў.

“Там шмат вельмі падрабязных планаў, будынкаў у разрэзе, на мапах пазначаныя дакладна многія пабудовы, размяшчэнне равоў, праекціроўка будынкаў, многія з якіх цяпер амаль разбураныя, ― распавёў Еўрарадыё першы намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Бабруйску Ўладзімір Джум. ― Гэтыя дакументы неабходныя для таго, каб праектавальнікі і выканаўцы пачалі працу па аднаўленні і рэстаўрацыі 3-га палігона”.

Нагадаем, што аднаўленне Бабруйскай крэпасці цалкам залежыць ад гарадскога бюджэту. На нядаўняй прэс-канферэнцыі загадчык Магілёўскага аблвыканкаму Пётр Руднік заявіў, што грошай на рэстаўрацыю чакаць не варта. “У рэстаўрацыю Бабруйскай крэпасці бюджэтныя грошы ўкладацца не будуць. Варта прыцягваць прыватны капітал”, ― заявіў ён.

Алесь Сушчэўскі
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Алесь напiсаў(ла) 13.10.2010 16:51
Дык чаму нельга грамадскасць падключыць на збору грошай? Адкрыйце рахунак і збірайце грошы. Усе прапановы прымаюцца на alessss@tut.by

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.