Гістарычныя навіны

Музей Тадэвуша Касцюшкі неўзабаве з'явіцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы

09.02.2010

Помнік Тавушу Касцюшку

Музей Тадэвуша Касцюшкі, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання, нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, з'явіцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна. Гэта вынікае з інфармацыі, змешчанай на сайце Брэсцкага аблвыканкама, падпісанай супрацоўнікам упраўлення культуры Леанідам Несцерчуком.

Вось што спадар Несцярчук распавёў Еўрарадыё:

"Натуральна, праўдзівая інфармацыя. Там будзе дзяржаўны раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Сяхновічы - гэта радзінны маёнтак Касцюшкаў. У музеі будуць мемарыяльныя пакоі Касцюшкі. Мы ўжо ўклалі ў музей 100 мільёнаў беларускіх рублёў. Думаю, што да канца года асноўная экспазіцыя адкрыецца".

Вёска Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна месціцца непадалёку ад трасы М1 Брэст - Мінск - усходняя мяжа Беларусі. Аб’ект лёгкадаступны для раварыстаў і нават байдарачнікаў. Пад музей прыстасоўваюць былую пачатковую школку, якая стала малакамплектнай. Перад ёй стаіць адзін з нешматлікіх беларускіх помнікаў Андрэю Тадэвушу Банавентуры Касцюшку.

Яўген Бяласін
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.