Вартаўнічай вежы Нясвіжскага замка будзе вернуты барочны выгляд XVIII стагоддзя, паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Паводле яго слоў, рашэнне аб вяртанні вежы яе гістарычнага аўтэнтычнага навукова-абгрунтаванага выгляду было прынята 20 студзеня ў Мінску на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Рада ўзгадніла эскізную прапанову навуковага кіраўніка рэстаўрацыі Нясвіжскага замка Сяргея Друшчыца і даручыла яму завяршаць падрыхтоўку праекта-сметнай дакументацыі па аднаўленні вонкавага выгляду вежы, сказаў Астаповіч.
Ён адзначыў, што рада падтрымала праектную прапанову архітэктара УП "Лантэрна" Уладзіміра Галкоўскага па будаўніцтве чатырохзоркавага двухпавярховага гатэля на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу XVIII-XIX стагоддзяў у Мінску з захаваннем прамысловых будынкаў Лошыцкай сядзібы - спіртасховішча і карпусоў броварнага завода XVIII-XIX стагоддзяў. Па сваёй архітэктуры і аб'ёмах будынак гатэля стылістычна будзе адпавядаць прамысловым збудаванням сядзібы, сказаў Астаповіч.
Акрамя таго, ён паведаміў, што рада не пагадзілася з дэмантажам дома па вуліцы Сацыялістычнай, 44, у Гродне - помніка архітэктуры мадэрну канца XIX - пачатку XX стагоддзя, а таксама рэкамендавала ўнесці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей помнік беларускага традыцыйнага драўлянага культавага дойлідства XIX стагоддзя - сінагогу ў Любані (Мінская вобласць) і месца пахавання прадстаўнікоў роду Ельскіх у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (на тэрыторыі помніка археалогіі "Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку" V стагоддзя да н.э. - V стагоддзя н.э. ва ўрочышчы Кобань на правым беразе ракі Пціч на адлегласці 200 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Дудзічы Навапольскага сельсавета).
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.