Гістарычныя навіны

Распачалася кампанія па збору сродкаў на рэстаўрацыю Наваградскага замка

21:15

Па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Нававаградскага райвыканкама распачынаецца агульнанацыянальная кампанія па рэстаўрацыі (кансервацыі) аднаго з найважнейшых помнікаў Беларусі, калыскі Вялікага Княства Літоўскага – Наваградскага замка.

У межах акцыі прадугледжаны збор сродкаў на рэстаўрацыйныя працы шляхам пералічэння іх з рэспубліканскага, абласнога, раённага бюджэтаў, правядзення шэрагу тыражоў латэрыі “Скарбніца”, а для прыватных ці карпаратыўных ахвяраванняў адкрыты пазабюджэтны мэтавы рахунак аддзела культуры Наваградскага райвыканкама.

Наваградскага замка

Дык падтрымаем жа супольную акцыю “Рэстаўрацыя Наваградскага замка”. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заклікае прыняць удзел у рэспубліканскай латэрэі “Скарбніца” і пералічваць грошы на святую справу захавання і рэстаўрацыі нашай спадчыны. Будзьма разам! Будзьма беларусамі!!!

Розыгрыш прызавога фонда латэрэі “Скарбніца”: 22 красавіка 2010 г.

Разліковы рахунак аддзела культуры Наваградскага райвыканкама № 3632000001310 у АСБ “Беларусбанк” код 698 г. Наваградак, УНП 500031377 з адзнакай “На рэстаўрацыю Наваградскага замка”.

Крыніца: "pomniki.budzma.org"




«Гісторыя беларускай кнігі. Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага»

19:53

Гісторыя беларускай кнігіЦі шмат мы ведаем пра тое, як выглядалі першыя рукапісныя кнігі? А як змянялася мастацкае аздабленне кніг на працягу стагоддзяў? Падрабязныя адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў кнізе “Гісторыя беларускай кнігі. Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага”, якая зусім нядаўна пабачыла свет у сталічным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Гэта манаграфія доктара філалагічных навук з Санкт-Пецярбурга, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Міколы Нікалаева.

Увогуле “Беларуская энцыклапедыя” задумала выдаць двухтомнік па гісторыі беларускай кнігі. Першы том, напісаны Міколам Нікалаевым, ужо можна патрымаць у руках. Што тычыцца тактыльных ды эстэтычных адчуванняў, то кніга сапраўды вартая таго. Больш за 400 гладкіх блішчастых старонак павялічанага А4 фармату, плюс да таго болей за 200 іліюстрацый. Фактычна, па ілюстрацыі – на кожным развароце. Думаю, пагартаць такую кнігу ніхто б не адмовіўся.

Першы том, пра які ўласна і вядзецца гаворка, прысвечаны гісторыі беларускай кнігі ў перыяд існавання ВКЛ. Кніга падзяляецца на тры раздзелы: “Спадчына Кіеўскай Русі”, “Уздым і крах літоўскай культуры (1501-1648)”, “Культурная перыферыя Рэчы Паспалітай (1648-1795)”. Навуковымі кансультантамі выступілі В. Антонаў і А. Мальдзіс.

Плануецца, што другі том “Гісторыі беларускай кнігі” будзе ахопліваць перыяд ад 19-га стагоддзя да канца ХХ стагоддзя. Ён будзе падрыхтаваны калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй Міколы Нікалаева.

Запатрабаванасць такога выдання для Беларусі відавочная. Па словах Міколы Нікалавева, апошнім сур’ёзным даследаваннем на тэму гісторыі беларускай кнігі была выдадзеная ў 1926 годзе ў Коўне “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага. “Затым былі асобныя артыкулы ды тоненькая кніжка Наталлі Бярозкінай “Гісторыя беларускага кнігадрукавання”. Універсітэцкага рангу кнігі не было”, -- гаворыць Мікола Нікалаеў. Гэтую лакуну можа запоўніць двухтомнік “Гісторыя беларускай кнігі”.

Лёс першага тома няпросты. Аўтар працаваў над ім 8 год, і яшчэ 9 год падрыхтаваны макет кнігі чакаў свайго выдаўца.

“Справа ў тым, што правы на тэкст належалі мне, а на ілюстрацыі – выдавецтву “Асар”, -- распавядае аўтар. -- З-за вялікай колькасці ілюстрацый кніга аказалася вельмі дарагая, да таго ж, атрымалася так што, выдавецтва “Асар” апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы і не магло сабе дазволіць выдаць такую дарагую кнігу. І не адно выдавецтва не хацела брацца за гэту справу. У рэшце рэшт, ініцыятыву праявіла “Беларускя энцыклапедыя” і выкупіла цалкам правы на выданне кнігі. Вельмі шмат намаганняў у гэтым накірунку прыклала дырэктар “Беларускай энцыклапедыі” Таццяна Бялова. Менавіта яна дамовілася з выдавецтвам “Асар” наконт перадачы правоў.”

Сваім цудоўным афармленнем кніга абавязана вядомаму беларускаму мастаку Генадзю Мацуру. Цікава, што той зрабіў уласныя ілюстрацыі-ўпрыгожванні толькі ў прадмове да кнігі, усе астатнія ілюстрацыі – гэта фотаздымкі са старажытных кніг. Такім чынам, чытачу будзе лёгка скласці ўяўленне аб, тым як калісьці выглядалі кнігі.

Выдадзеная кніга поўная ўнікальных знаходак.

Да прыкладу, там змяшчаецца фотаздымак пераплёту гістарычнай хронікі чэшскага гуманіста Яна Дубравіўса. Гэтая хроніка калісьці знаходзілася ў Нясвіжскай ардынацкай бібіліятэцы. Зараз знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургскай бібліятэцы Акадэмі навук.

Хроніка Яна Дубравіўса
Пераплёт гістарычнай хронікі Яна Дубравіўса. Надпіс, арнаменты і герб Мікалая Радзівіла Чорнага вышытыя на аксаміце залатымі і срэбнымі ніткамі.

“Я даведаўся, што гэтая кніга захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскай бібліятэцы Акадэмі навук, -- расказвае Мікола Нікалаеў. – Гэта вялікая каштоўнасць, якую нікому не паказваюць. Я доўга-доўга хадзіў за супрацоўніцамі бібіліятэкі, і нарэшце яны мне дазволілі сфатаграфаваць пераплёт”.

Яшчэ адна ўнікальная знаходка -- гэта закладка-выцінанка 18 стагоддзя. “Нядаўна выйшла кніга Яўгена Сахуты “Беларуская выцінанка”. Дык там выцінанкі толькі з 19 стагоддзя, а ў мяне ў кнізе – 18 стагоддзя, -- з гонарам гаворыць аўтар “Гісторыі беларускай кнігі”. - І такіх знаходак у кнізе вельмі шмат”.

У кнізе аўтарам выдатна адлюстравана інтэграванасць Беларусі ў Еўрапейскую кніжную прастору.

Да прыкладу, на адной са старонак кнігі бачым фотаздымак гравюры з Брэсцкай Бібліі 1563 года. Такую ж гравюру знайшлі ў Бібліі, выдадзенай у Ліёне (Францыя) у 1565 годзе, што сведчыць пра тое, што праз два гады французскі майстар скапіраваў гравюру з Брэсцкай бібліі.

Брэсцкая Біблія 1563 г
Лагер іўдзеяў (дванаццаць каленаў Ізраіля). Гравюра з Брэскай Бібліі, 1563 г.

Figure de la Biblia
Паменшаная гарвюра з Брэсцкай Бібліі. “Figure de la Biblia” Габрыэля Сімеонэ, Ліён, 1565 г.

У сваю чаргу тутэйшыя майстры таксама капіравалі творы замежных мастакоў. Так, у кнізе “Манархія Турэцкая” змешчана гравюра Максіма Вошчанкі, зробленая ў 1678 годзе. Гэтая гравюра з’яўляецца люстэркавай копіяй гравюры французскіх майстроў С. Леклерка і Н. Кашэна 1670 года.

Турэцкая манархія 1678 г
Турэцкая манархія. Разварот з пачаткам раздзела "Пра янычараў" і гравюрай Максіма Вошчанкі. Слуцк, 1678 г.

Турэцкая манархія 1670 г
Турэцкая манархія. Гравюра С. Леклерка і Н. Кашэна, Парыж, 1670 г.

Падчас працы над кнігай аўтарам было зроблена шмат цікавых назіранняў. Адно з іх прынамсі сведчыць пра асаблівасці светаўспрымання тагачасных людзей. Гаворка пра тое, што Мікола Нікалаеў заўважыў, што ў кнізе Андрэя Младзяноўскага “Аб святых патронах Польшчы і Літвы” (1671 г.) віленскі гравёр Тамаш Шнопс паказаў святога Галікана ў вобразе Льва Сапегі.

“Я глядзеў на гэтую выяву і думаў: некага мне нагадвае гэты святы, дзесьці я яго ўжо бачыў, -- рапавядае Мікола Нікалаеў. – Пасля я здагадаўся, што вобраз Галікана змаляваны з вядомай гравюры Льва Сапегі, зробленай ў 1621 годзе”.

Аб святых патронах Польшчы і Літвы 1671 г
Староннка з кнігі Андрэя Младзяноўскага “Аб святых патронах Польшчы і Літвы”, 1671 г. Справа: партрэт Льва Сапегі работы данцыгскага гравёра Вільгельма Хондзія, 1621 г.

Асобным дасягненнем першага тома “Гісторыі беларускай кнігі” можна лічыць тое, што напрыканцы кнігі змешчана рэзюме на пяці мовах: англійскай, польскай, літоўскай, кітайскай і нават японскай.

***

Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 1 Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага / М. В. Нікалаеў ; навук. рэд.: В. В. Антонаў, А. І. Мальдзіс. - Мінск : Беларус. Энцыкл. Імя П. Броўкі, 2009. - 424 с. : іл.

Крыніца: Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”




Знайшоўся падарунак гродзенцаў імператару Мікалаю II

16:01

Драўляная талерка, падораная сялянамі Гродзенскай губерніі імператару Мікалаю ІІ, вернутая ў Царскае Сяло пасля знікнення паўстагоддзя назад.

Такія падносныя талеркі з’яўляліся традыцыйнымі памятнымі падарункамі ў гонар і памяць знакавых падзеяў. Імператару Мікалаю ІІ такія талеркі паднасілі розныя дэпутацыі і прадстаўніцтвы падчас яго падарожжаў, асабліва ў сувязі з святкаваннем 300-годдзя Дома Раманавых. Сёння ў музеі-запаведніку Царскае Сяло захоўваюцца 4 такія талеркі.

Блюда, падоранае імператару гродзенцамі Сакольскага ўезда, знікла ў перыяд блакады Ленінграда, калі экспанат скралі немцы. Да гэтага часу наступны лёс талеркі быў невядомы. Нядаўна нашчадак нямецкага афіцэра вырашыў вярнуць драўляны экспанат у Царскасельскі музей. Выразаная на талерцы дата "1.11.1914 года" супадае з запісам у дзённіку, які пакінуў Мікалай ІІ у гэты дзень "1 ноября. Суббота. В 10 час. утра прикатил в Гродну. Принял начальствующих лиц и депутации от губерний…"

Сашка Верацейчык
Крыніца: "Твой Стыль"




Гісторык Алесь Краўцэвіч прэзентаваў сваю новую кнігу ў Лідзе

15:42

Гродненскі гісторык Алесь Краўцэвіч прэзентаваў у Лідзе сваю апошнюю кнігу “Рыцары і дойліды Гародні”.

У рамках традыцыйнай ўжо “Краязнаўчай школы” ў Лідзе адбылася творчая сустрэча аматараў краязнаўства з доктарам гістарычных навук Алесем Краўцэвічам. Пад час сустрэчы з лідзянамі, якая адбылася ў гісторыка-мастацкім музеі, прафесар прачытаў лекцыю па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама ролі ў ёй князя Гедыміна - заснавальніка Ліды і Лідскага замка.

- Мне вельмі цікава, што тут працуе "Краязнаўчая школа", і як заўсёды Ліда захапіла тым, што такая вялікая колькасць людзей цікавіцца гісторыяй. І не проста цікавіцца, але і вывучае на добрым узроўні. Вельмі прыемна было бачыць столькі светлых, зацікаўленых твараў. І калі на іх глядзіш і бачыш, як яны цябе ўспрымаюць, як слухаюць, пачынае верыць, што хіба недарэмна жыццё праходзіць, што ёсць людзі, якім гэта патрэбна. А што яшчэ гісторыку трэба? Як любому аўтару, які піша, - трэба каб былі слухачы і чытача.

Кніга “Рыцары і дойліды Гародні” Алеся Краўцэвіча - 8-я па ліку з выдадзеных у серыі “Гарадзенская бібліятэка”.

Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч - гісторык і архэоляг, доктар гістарычных навук. Працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, першым прарэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, адкуль быў звольнены з палітычных меркаваньняў. Прафэсар Унівэрсытэту імя Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча). Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства. Аўтар кніг “Стварэньне Вялікага Княства Літоўскага” (1998), “Жыцьцяпіс вялікіх князёў літоўскіх. Міндаўг. Пачатак гаспадарства” (2005), “Рыцары і дойліды Гародні” (2009) ды інш.

Андрусь Панямонаў
"Радыё Рацыя




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»