Гістарычныя навіны

На Браслаўшчыне адкрылася выстава прысвечаная гісторыі адукацыі

06.11.2009

У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава, прысвечаная асноўным этапам гісторыі ўзнікнення і развіцця адукацыі на Браслаўшчыне. Шматлікія матэрыялы археалагічных раскопак сведчаць пра тое, што яшчэ ў старажытныя часы нашы продкі імкнуліся да асветы. Пацвярджэннем таму могуць служыць надпісы на костках з Маскавіцкага гарадзішча, якія датуюцца ХІІ - ХІІІ стст. І маглі быць зроблены дзецьмі ў пару навучання грамаце.

Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з копіямі ўнікальных старажытных прыстасаванняў для пісьма: пісаламі, стылямі, цэрамі, знойдзенымі на тэрыторыі Браслаўшчыны.

Дзякуючы шматлікім фотаздымкам, архіўным матэрыялам з фонду музейнага аб'яднання, экспазіцыя знаёміць з работай парафіяльных, пачатковых, царкоўна-прыходскіх школ і народных вучылішчаў. Узгадваюцца самыя першыя навучальныя ўстановы, якія працавалі ў Іказні, Відзах, Браславе, Дрысвятах. Значная ўвага надаецца сельскагаспадарчай школе ў Опсе, Друйскай і Браслаўскай гімназіям, двухгадовай школе медсясцёр, Друйскаму будаўнічаму тэхнікуму і Відзаўскаму ПТВ.

На агляд выстаўлены падручнікі, пісьмовыя прылады розных перыядаў, цікавыя фотаздымкі з навучальных устаноў.

Крыніца: "WESTKI.info"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.