Гістарычныя навіны

Помнік княгіне Вользе ў Віцебску

16.10.2009

Княгіня Вольга. Праект помніка ў Віцебску.Адзін з 16 праектаў помніка княгіні Вользе, заснавальніцы Віцебску, павінны абраць жыхары горада і журы, канчатковы склад якога яшчэ не зацверджаны. Грамадскае абмеркаванне і галасаванне ідзе ў Музычнай гасцёўні. Скульптары выставілі свае праекты ананімна, не агучваюцца нават прозвішчы, каб віцебчукі не аддалі перавагу знаёмым.

Цікава, што бальшыня скульптараў выкарыстала амаль аднолькавае кампазіцыйнае вырашэнне помніку – Вольга з крыжом у адной руцэ ды будынкам, падобным на Дабравешчанскую царкву, у другой. Нібыта перад тым, як заняцца ўвасабленнем заснавальніцы Віцебску, яны атрымалі нейкую “дзяржзамову”. Мастакі прадставілі не толькі праекты помнікаў, але і пажаданую прывязку іх да мясцовасці. Самым арыгінальным падаецца размяшчэнне помніку на... даху вежы аблывыканкамаўскага будынку. Калі гэты праект атрымае “дабро”, вежу давядзецца перабудаваць ды прыбраць з яе гадзіннік.

А вось калі пераможа другі варыянт, помнік заснавальніцы Віцебску можа стаць адначасова і помнікам расейскай дзяржаўнасці. Скульптар размясціў побач з Вольгай арла, і у суправаджальным артыкуле патлумачыў гэта тым, што “моцная гордая птушка”, на якую паказвае рукой княгіня, ўяўляе сабой “сымбаль дзяржавы расійскай”.

Ядвіга Сташэўская
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.