Гістарычныя навіны

Зміцер Сасноўскі працуе над падручнікам па гісторыі беларускай камернай музыкі

05.10.2009

Лідэр гурту сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі працуе над манаграфіяй - першым падручнікам па гісторыі беларускай камернай музыкі - ад ігры на першабытных інструментах, знойдзеных археолагамі на тэрыторыі Беларусі, да падзей сярэдзіны ХХ стагоддзя. Пра гэта музыкант паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН падчас І фестывалю старадаўняй музыкі "Гальшанскі замак". Фестываль прайшоў 3 кастрычніка ў Гальшанах (Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці) і быў прымеркаваны да 10-годдзя "Старога Ольсы".

Зміцер Сасноўскі"Дзесяць гадоў таму я не думаў, што мы станем заснавальнікамі новага напрамку ў беларускай камернай музыцы, - сказаў Сасноўскі. - У 1999-м ніхто з удзельнікаў "Старога Ольсы" не думаў пра тое, што мы будзем жыць толькі музыкай і пастаянна граць. Праз дзесяць гадоў я магу ўпэўнена сказаць, што "Стары Ольса" - гэта надзейна і надоўга, гэта - лёс".

Асновай фонду музычных інструментаў гурту стала асабістая калекцыя Сасноўскага, якая затым значна пашырылася.

За 10 гадоў калектыў выпусціў сем альбомаў і рэалізаваў музычны праект - аўдыёспектакль паводле легенды Уладзіміра Караткевіча "Ладдзя роспачы". "Мы гастралявалі ў многіх краінах. Сярод тых, што найбольш запомніліся, - Італія, Бельгія, Галандыя, Германія, Швецыя, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія і Украіна, - сказаў Сасноўскі.

Паводле яго слоў, на замежныя гастролі прыпадае прыкладна шостая частка ўсіх канцэртаў "Старога Ольсы". "Выступленні за межамі краіны, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў замежных прыхільнікаў старадаўняй музыкі, даюць магчымасць зарабіць і граць бясплатна для айчынных прыхільнікаў нашага гурту", - заўважыў музыкант.

У планах "Старога Ольсы" - праца над нотамі рукапіснага зборніка старадаўняй беларускай музыкі XVI-XVII стагоддзяў "Полацкі сшытак". Паводле меркавання Сасноўскага, для асваення гэтага "вялізнага скарбу" айчыннай музычнай культуры гурту спатрэбіцца не менш як пяць гадоў. "З 70 твораў "Полацкага сшытка" мы пакуль іграем толькі 15", - паведаміў лідэр калектыву.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.