Гістарычныя навіны

Пад Талачыном археолагі знайшлі старажытны саркафаг

23.09.2009

Падчас раскопак Друцкага кургана ў Талачынскім раёне беларускія археолагі знайшлі старажытны саркафаг з захаваўшымся ў ім чэрапам.

Як паведамляе БелТА са спасылкай на загадчыцу цэнтра Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольгу Ляўко, у калектыўным магільным склепе вучоныя знайшлі 38 пахаванняў. На думку спецыялістаў, парэшткі маглі належаць ваярам, бо рост амаль кожнага пахаванага дасягаў амаль двух метраў. На парэштках аднаго чалавека знайшлі каўнер з арнаментам візантыйскага ўзору. У цэнтры пахавання знаходзіцца каменнае надмагілле, а ўнутры саркафага – чалавечы чэрап.

Па словах В. Ляўко, Друцкі курган не мае аналагаў. Гэта адзіны курган ва Усходняй Еўропе, што быў створаны па паганскім абрадзе і ўключаў каменнае надмагілле. Знаходка датуецца прыкладна ХI-ХII стагоддзямі.

Крыніца: "Народныя навіны Віцебска"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.