Гістарычныя навіны

Галерэя "Гісторыя беларускага пісьменства" у філфаке БДУ

04.09.2009

Галерэя "Гісторыя беларускага пісьменства" адкрылася 4 верасня на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта (вуліца Карла Маркса, 31). Яе адкрыццё прымеркавана да Дня беларускага пісьменства. Праект таксама прысвечаны Году роднай зямлі і 70-годдзю з дня заснавання філалагічнага факультэта БДУ.

Біблія Францыска СкарыныЭкспазіцыя галерэі ўтрымлівае да 100 экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускага пісьменства XI-XVII стагоддзяў. Гэта рэпрадукцыі рэдкіх кніг і рукапісаў трох эпох - Сярэднявечча, Адраджэння і Барока. У ліку экспанатаў таксама першыя навуковыя філалагічныя выданні Беларусі - граматыкі Лаўрэнція Зізанія, Мялеція Сматрыцкага і Івана Ужэвіча.

Як паведаміў журналістам адзін з арганізатараў праекта, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Уладзімір Кароткі, упершыню на выставе дэманструецца шэраг выданняў Міколы Гусоўскага, які ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры як аўтар паэмы "Песня пра зубра". Апрача таго, упершыню прадстаўлены некаторыя выданні Яна Вісліцкага, які разам з Францыскам Скарынам вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Паводле слоў спецыяліста, большасць з прадстаўленых экспанатаў на тэрыторыі Беларусі існуюць у адным-двух асобніках. Таму ў зборы матэрыялаў экспазіцыі дапамагалі многія фонды і бібліятэкі Варшавы, Кракава, Санкт-Пецярбурга, Львова, Кіева, Вільнюса.

Кароткі спадзяецца, што гэтая экспазіцыя дапаможа папулярызаваць беларускую культуру, дазволіць пашырыць колькасць тых, хто з павагай ставіцца да роднага слова і старабеларускага пісьменства. Разам з тым вучоны зазначыў, што ў першую чаргу выстава прызначана для філолагаў, паколькі некаторыя яе экспанаты разлічаны на спецыялістаў.

Дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда ўпэўнены, што галерэя стане "важнай састаўной часткай" навучальнага комплексу БДУ па гісторыі беларускай мовы і літаратуры. Апрача пазнавальнай, яна выконвае і эстэтычную функцыю, лічыць ён.

У сваю чаргу, рэктар БДУ Сяргей Абламейка заявіў, што галерэя з'яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню педагагічнага і студэнцкага складу філфака БДУ, паведамляе БелаПАН.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.