Гістарычныя навіны

У Мінску ўшанавалі памяць Янкі Купалы

29.06.2009

28 чэрвеня на Вайсковых могілках у Мінску адбыўся мітынг, прысвечаны памяці Янкі Купалы - народнага паэта Беларусі, драматурга, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы (07.07.1882 - 28.06.1942).

Янка КупалаСтаршыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, доктар філалагічных навук прафесар Вячаслаў Рагойша назваў сённяшні дзень "сумным і радасным", паколькі, паводле яго слоў, "разам з Якубам Коласам і іншымі слаўнымі песнярамі Купала ўзвысіў беларускі народ, якому належыць слава генія народнага паэта".

Паводле слоў Рагойшы, яшчэ ў 1918-1920 гадах Янка Купала распрацоўваў першую канцэпцыю незалежнай беларускай дзяржавы, у той час як палітыкі гаварылі пра аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі.

Вучоны ўзгадаў словы Купалы аб тым, што "толькі поўная дзяржаўная незалежнасць дасць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу ва ўсім свеце беларускаму народу".

У сваю чаргу, паэт Васіль Жуковіч адзначыў, што сваёй творчасцю "нацыянальны прарок змагаўся за годнасць чалавека і нацыі, беларускай дзяржавы". "Вось чаму яго творы гучаць актуальна і сёння", - лічыць Жуковіч. Паводле яго слоў, Янка Купала бессмяротны - "як сапраўдны паэт, у якога ёсць толькі дата нараджэння".

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да магілы Купалы, прачыталі свае вершы ў яго гонар.

Раніцай у Мінскім Залатагорскім касцёле (святога Роха) адбылося набажэнства ў памяць аб вялікім паэце.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.