Чарговы акт вандалізму здзейснены акурат перад Радаўніцай: ва ўрочышчы Красны Беражок збурылі помнік Расціславу Лапіцкаму.

Ён стаяў на месцы расстрэлу патрыёта. Помнік – камень з мемарыяльным надпісам - вялейская грамада паставіла ўвосень 2008 года. Помнік асвяціў праваслаўны святар з вёскі Касута, адкуль быў родам і сам Лапіцкі і дзе ягоны бацька служыў праваслаўным сьвятаром.
Помнік бурылі магутнай тэхнікай. Засталіся сляды ад вялікага трактара і самазвала.
Надпіс на камені казаў: "У гэтым месцы растраляны РАСЦІСЛАЎ ЛАПІЦКІ (І.ІХ.1928 - 28.Х.1950), Змагар за незалежнасьць Беларусі". Ён стаяў на бетоннай падушцы, быў вагою некалькі тон, камень злучаны з бетонам металічнымі прутамі.
У 1948-1949 гадах Лапіцкі з сябрамі стварылі антысавецкую падпольную арганізацыю, якая распаўсюджвала ўлёткі. Яна пратрымалася некалькі гадоў, пакуль на яе след не выйшлі савецкія спецслужбы. Удзельнікаў адправілі гніць у канцлагеры, Расціслава як галоўнага арганізатара расстралялі. У Менску яшчэ жыве родная сястра Лапіцкага Вольга, у Касуце захавалася хатка Лапіцкіх.
Вечная ганьба вандалам, ненавіснікам беларускасці.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.