Адразу чатыры дасье рыхтуюць беларускія спецыялісты для прадстаўлення ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Аксана Сматрэнка.
Для прадстаўлення на суд экспертаў Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА рыхтуюцца дасье "Фартыфікацыйныя збудаванні Брэсцкай крэпасці", "Дойлідства Беларускага Палесся", "Культавыя збудаванні абарончага тыпу" (в.Сынковічы, в.Мураванка, в.Камаі)", а таксама па палацава-паркаваму ансамблю ў Гомелі.
Беларускія і польскія спецыялісты ў мінулым годзе завяршылі падрыхтоўку трансгранічнага дасье па намінацыі "Аўгустоўскі канал - твор чалавека і прыроды". Акрамя таго, падрыхтавана дасье "Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Еўфрасінні Полацкай", у адпаведнасці з якім у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА прапанавана ўнесці Спаса-Праабражэнскую царкву Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра сумесна з Сафійскім саборам і гістарычнымі тэрыторыямі, звязанымі з імем праваслаўнай святой Еўфрасінні Полацкай. Абодва дасье перададзены ў Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і цяпер праходзяць экспертызу, устаноўленую міжнародным рэгламентам.
У спіс ЮНЕСКА унесены Белавежская пушча (1992 г.), замкавы комплекс Мір (2000 г.), Геадэзічная дуга Струвэ (размешчаная на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, 2005 г.), архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Нясвіжы (2005 г.).
Цяпер у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 4 тыс. 787 аб'ектаў спадчыны. З іх найвышэйшай катэгорыяй, што прысвойваецца аб'ектам, якія ўключаны або прапанаваны для ўключэння ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, адзначана 14 помнікаў.
Аксана Сматрэнка дадала, што ў выдавецтве Беларускага тэлеграфнага агенцтва па заказу Міністэрства культуры выйшаў у свет друкаваны варыянт Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Выданне з'яўляецца першым поўным зборнікам звестак аб аб'ектах спадчыны краіны.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.