Гістарычныя навіны

Лужкоўскаму вадзяному млыну XIX—XX стагоддзяў пагражае разбурэнне

04.03.2009

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікаў улады выратаваць ад разбурэння Лужкоўскі вадзяны млын XIX-XX стагоддзяў (вёска Лужкі Шаркоўшчынскага раёна Віцебскай вобласці), які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння.

У інтэрв'ю БЕЛАПАН Астаповіч адзначыў, што руйнуюцца драўляныя канструкцыі плаціны і маста праз плаціну; з боку ракі Мнюта прасеў падмурак, што выклікала расколіны ў сценах, распаўзанне бэлечных і кроквавых канструкцыяў даху. Па ягоных словах, помнік не мае аналагаў у краіне па памерах і захаванасці вытворчых механізмаў.

Лужкоўскі вадзяны млын
Лужкоўскі вадзяны млын XIX-XX стагоддзяў

У лісце ў Шаркоўшчынскі райвыканкам ад 2 сакавіка старшыня таварыства зважае на нездавальняючы санітарна-тэхнічны і аварыйны стан помніка. Як адзначаецца ў лісце, бескантрольны доступ да Лужкоўскага вадзянога млыну можа прывесці да непрадказальных наступстваў.

Аўтар ліста нагадвае, што артыкулы 27, 28, 38, 44 закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 9 студзеня 2006 года прадугледжваюць комплекс мераў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У першую чаргу гэтыя меры павінныя выконвацца ўласнікамі альбо ўладальнікамі помнікаў. А мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у тым ліку Шаркоўшчынскі райвыканкам, паводле пункта 2.4 артыкула 10 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, павінныя праводзіць улік гісторыка-культурных каштоўнасцяў і забяспечваць кантроль за іх выкарыстаннем і ўтрыманнем, гаворыцца ў лісце.

Мяркуючы па стане Лужкоўскага вадзянога млына - адзначае старшыня таварыства - мерапрыемствы, прадугледжаныя заканадаўствам і накіраваныя на захаванне гэтага помніка, не выконваюцца. Таварыства патрабуе даць інфармацыю аб уласніку альбо ўладальніку каштоўнасці і адказаць на шэраг пытанняў, звязаных з заключэннем ахоўных абавязанняў на помнік, а таксама запланаванымі мерамі органаў улады Шаркоўшчынскага раёна ў мэтах забеспячэння захаванасці вадзянога млына.

У лісце ў Міністэрства культуры ад 2 сакавіка А.Астаповіч прапаноўвае накіраваць загад Шаркоўшчынскаму райвыканкаму аб невыкананні пункта 2.4 артыкула 10 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, што, адпаведна, прывяло да парушэння артыкулаў 27, 28, 38, 44 гэтага закона з боку ўласніка або ўладальніка гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Крыніца: "westki.info"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.