1 сакавіка ў музейным комплексе старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", што размясціўся за 40 кіламетраў ад Мінска на маляўнічым берагу Пцічы, прайшло свята Масленіцы.
Расказвае загадчык музейнага комплексу Сяргей Дзюкараў: "Сёння ў нас не простая, а сярэднявечная Масленіца. Робім гэта ў першы раз, але, як бачыце, усё адбыаецца цікава, шумна, весела - народу падабаецца. Спадзяемся, што надвор'е не спалохала нашых наведнікаў, і наш каларыт, асаблівасць нашай Масленіцы, у адрозненне ад тых традыцыйных, што праводзяцца ў нашых гарадах, дасць свае вынікі. Народ яшчэ больш пацягнецца да нас у музей. Дапамагае арганізоўваць нашу Масленіцу рыцарскі клуб "Берсерк".
Музей быў заснаваны ў 1993 годзе на тэрыторыі былога маёнтка сямейства Ельскіх. Яны запрашалі ў Дудуткі ўмелых рамеснікаў, якія вучылі мясцовую моладзь разнастайным рамёствам. Дзякуючы Ельскім гэтыя месцы сталі адным з цэнтраў культурнага жыцця Беларусі.
Наведнікі музея могуць акунуцца ў атмасферу Беларусі XIX стагоддзя, азнаёміцца з укладамі сельскага жыцця і даведацца пра тайны народных рамёстваў.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.