Адзінаццаць ікон XVIII стагоддзя вярнулі да жыцця рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея.
Гэтыя абразы двойчы выратоўвалі ад знікнення. Першы раз - калі ў “эпоху атэізму” музейныя работнікі вывозілі шэдэўры жывапісу з зачыненых храмаў, якім пагражала разбурэнне. Другі раз - калі ўжо ў наш час спецыялісты ўзяліся за іх рэстаўрацыю. Пры тым што прафесіяналаў, якія ўмеюць аднаўляць творы старажытнага мастацтва, у нашай краіне можна пералічыць на пальцах.
Іконы калісьці аздаблялі алтары цэркваў і касцёлаў. У 1970-я гады іх адшукалі ў зачыненых храмах супрацоўнікі тагачасных Дзяржаўнага мастацкага музея і Музея старажытнабеларускай культуры.
- Цяпер здаецца неверагодным, але каштоўныя, для многіх святыя абразы нашы вучоныя выцягвалі з кучаў смецця, - расказвае Алена Карпенка, загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. - Абліччы Хрыста, Дзевы Марыі былі пакрыты плямамі бруду, галубінага памёту. Многія карціны дагэтуль ляжаць у нашых сховішчах такімі, якімі іх прывезлі з экспедыцый.
На жаль, раней з-за розных прычын амаль ніхто не займаўся іх вывучэннем, аднаўленнем.
- Да сённяшняга дня чакаюць рэстаўрацыі яшчэ 246 твораў сакральнага мастацтва, якія захоўваюцца ў нашых фондах, - агучыў уражальную лічбу Аркадзь Шпунт, загадчык навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея. - Многія з абразоў невядомыя нават спецыялістам.
Калі мы ўбачым гэтыя шэдэўры? Адзінаццаць вернутых да жыцця твораў ужо сёння экспануюцца ў мастацкім музеі на выставе “Алтарны жывапіс Беларусі XVIII - пачатку XIX стагоддзя”, а іншыя абразы чакаюць, пакуль да іх дойдуць рукі “лекараў”. Са старой іконы, каб яна зноў стала як новая, трэба часам зняць да васьмі слаёў пазнейшых запісаў - і на гэта патрэбна не менш як год руплівай працы рэстаўратара
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.