Гістарычныя навіны

Тысячагоддзе Літвы адзначылі ў Беларусі

22.02.2009

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі 18 лютага адсвяткавала тысячу год імені Літвы. Угодкі вялікай даты, а таксама Дзень узнаўлення літоўскай дзяржаўнасці наладзілі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас павіншаваў усіх прысутных і прачытаў па-беларуску вядомы верш Максіма Багдановіча "Пагоня".

"Нас аб’ядноўвае супольнае гістарычнае мінулае, супольныя каштоўнасці, агульнае Вялікае княства Літоўскае. І гэтая супольнасць дае бясспрэчнае права спадзявацца на тое, што ў нас больш супольнага, чым рознага" – сказаў Э. Багдонас.

На ўрачыстай вечарыне ў Філармоніі выступілі знакамітыя літоўскія выканаўцы пад акампанемент Ковенскага сімфанічнага аркестра. Гледачы вельмі цёпла сустрэлі дырыжора Мадэстаса Пітрэнаса.

Упершыню на сцэне філармоніі дзеці акапэльна выканалі гімны Літвы і Беларусі: Піюс Пажусіс з Літвы і Андрэй Кунец, які заваяваў для Беларусі другое месца на дзіцячым "Еўрабачанні" ў 2006 годзе.

Гасцям свята была паказаная адмысловая стужка, якую падрыхтаваў Літоўскі нацыянальны тэлеканал з нагоды тысячагоддзя першай узгадкі імя Літвы. Кожны атрымаў у падарунак кампакт-дыскі з фільмам "Вільня – культурная сталіца Еўропы", праграму віленскіх мерапрыемстваў і буклеты з тлумачэннем, што для літоўцаў значыць тысячагоддзе імя і 16 лютага – Дзень незалежнасці.

Назва "Літва" была ўзгаданая ў Кведлінбургскім летапісе, датаваным 1009 годам.

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.