22 і 23 лютага Нацыянальны музей гісторыі і культуры праводзіць свята "Абаронцу Айчыны", прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Беларусі, паведаміла БелаПАН малодшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Пунько.
Паводле яе слоў, да свята ў музеі ўпершыню падрыхтавана экспазіцыя з уласных фондаў, у якой паказана халодная і агнястрэльная зброя XIX - пачатку XX стагоддзяў пяхоты Вялікабрытаніі, Расіі, Германіі, Аўстрыі і Турцыі. Разам з унікальнымі мундзірамі XVIII-XIX стагоддзяў (ваенныя фракі, паўкафтаны і тунікі) на выставе будуць дэманстравацца армейскія галаўныя ўборы (грэнадзёркі, ківеры і фуражкі). Акрамя таго, удзельнікі свята змогуць убачыць афіцэрскія шалікі XVIII стагоддзя, паясы генералаў і маршалаў Савецкай Арміі.
Як зазначыла І.Пунько, наведнікі музея змогуць адчуць сябе сапраўднымі салдатамі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, бо атрымаюць магчымасць апрануць шынель, будзёнаўку, змогуць узяць у рукі вінтоўку і зрабіць здымак, скарыстаўшыся паслугамі музейнага фатографа.
Паводле яе слоў, гэтымі днямі ў кошт уваходнага білета (ад 1,5 да 3 тыс. рублёў) уключана і наведванне выставы "З вытокаў вечнай прыгажосці" (золата і серабро з калекцыі музея).
22 лютага музей працуе з 11.00 да 19.00 (каса да 18.30), а 23-га - з 12.00 да 20.00 (каса да 19.30).
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.