У Гродзенскай вобласці плануюць паступова аднавіць усе замкі і сядзібы. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка.
У бліжэйшыя гады намечана пачаць рэканструкцыю комплексу Старога замка ў Гродне, цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Больш як Br2 млрд. выдзеляць у 2009 годзе на рэканструкцыю замка ў Лідзе. Да канца 2010 года плануецца завяршыць рэстаўрацыю Мірскага замка. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, у бліжэйшыя гады пажадана аднавіць адну з вежаў Гальшанскага замка, які папулярны сярод турыстаў, і арганізаваць там экскурсіі.
- З 13 беларускіх замкаў 8 размешчаны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, - адзначыў Аляксандр Лойка. - Таму аднаўленне замкаў, - гэта, можна сказаць, абавязковая ўмова для дынамічнага развіцця турыстычнага бізнесу ў рэгіёне.
Большасць з замкаў, якія размешчаны на тэрыторыі вобласці, патрабуюць увагі і грашовых укладанняў: замкі ў Гродне і Гальшанах, Лідскі замак, замак XVI стагоддзя ў Любчы. Найбольш моцна разбураны Крэўскі замак, помнік абарончай архітэктуры XIV стагоддзя і замак у Навагрудку. У Геранёнах ад замка засталіся толькі фрагменты фундамента. Старажытныя сядзібы захаваліся на тэрыторыі вобласці ў Больцініках, Жалудку, Жамыславе, Залессі, Красках, Кушлянах, Свяцку.
У цэлым на тэрыторыі вобласці знаходзіцца 1207 аб'ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Мірскі замак уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай культурнай спадчыны.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.