У многіх гарадах Беларусі з 14 па 17 лютага праходзілі сустрэчы з аўтарам кнігі пра беларускія вайсковыя фармаванні прафесарам Алегам Латышонкам. Пра выданне і кур’ёзныя сітуацыі, звязаныя з падарожжам па Беларусі, з аўтарам выдання “Жаўнеры БНР” Алегам Латышонкам гутарыў Зміцер Косцін.
- Спадар Алег, не так даўно выйшла кніга “Жаўнеры БНР”, вы кажаце ў прадмове да яе, што гэта асабістая кніга. Чым яна важная для Вас?
- У ёй сабрана тое, найважнейшае, што я чвэрць стагоддзя пісаў: пра беларускія вайсковыя фармаванні, гаворачы проста, пра людзей, пра незалежную Беларускую Народную Рэспубліку, пра жаўнераў паасобных, пра БНР як дзяржаву, пра спадчыну БНР, пра яе сімволіку, асабліва пра Беласточчыну, пра беластачан у БНР-аўскім руху. Для мяне гісторыя БНР стала асабістай, паколькі я яшчэ паспеў пабачыць людзей, якія змагаліся за БНР, таму для мяне БНР – гэта не проста гісторыя, гэта справа, якая адбывалася за жыццё маёй бабулі. Аснова гэтай кнігі “Жаўнеры БНР” – мая кандыдацкая дысертацыя, якая па-польску выйшла ў 1995 годзе ў Беластоку, “Беларускія вайсковыя фармаванні 1917-1923 г.г”. Абараніў я яе ва Універсітэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні, але апрача таго ў кніжцы змешчана шмат артыкулаў, якія я на блізкія тэмы пісаў. Я ўвогуле пачынаў працу над вайсковай тэмай з думкай напісаць біяграфію генерала Станіслава Булак-Балаховіча і шмат артыкулаў і вялікае эсэ, прысвечанае як раз генералу знайшлося ў кнізе, таксама шмат ужо пасля адбывалася, то помнік адкрыюць, то новы здымак знойдзецца, то новыя дакументы. Такім чынам, я яшчэ доўга працаваў з імпэтам над вайсковай тэмай, а пасля яшчэ рэдагуючы гэтую кнігу, працуючы з рэдактарам кнігі Алесем Пашкевічам, якому я вельмі ўдзячны за тое, што столькі працы ўклаў у гэтую кніжку, я ізноў вярнуўся да гэтай тэмы і напісаў два артыкулы, якія не ўвайшлі ў выданне.
- Прэзентацыі адбываліся ў многіх гарадах Беларусі, у вас быў шчыльны графік падарожжаў. Як у Беларусі ўспрымалі кнігу? Ці была яна адкрыццём?
- Я не сказаў бы, таму што шмат людзей, якія прыходзілі на гэтыя сустрэчы проста цікавяцца гісторыяй. Яны ведалі пра БНР і пра змаганне за БНР, але не бачылі маёй кніжкі. Яны прыйшлі пабачыць аўтара і шмат хто набыў кніжку, а для студэнтаў гэта была сустрэча з жывым гісторыкам з па-за Беларусі, які працуе ў галіне беларускай гісторыі, так што, думаю, для іх таксама гэта было павучальна. Я не меў уражання, што хтосьці не ведаў, пра што я гавару, тут вядома не ў дэталях, але пра агульную ідэю ведаюць. Пры тым яна ўжо фактычна афіцыйная, паколькі летась быў круглы стол пра БНР і яна ўжо становіцца часткай афіцыйнай гісторыі Беларусі. Я, прынамсі, маю такую надзею, што гэта не нейкі эпізод палітыкі, а што гэта настала.
- Перад пачаткам вашай паездкі ўзнікла сітуацыя з забаронай правядзення прэзентацыі на радзіме вашага бацькі Глыбоччыне, дакладней у памяшканні Глыбоцкага касцёла. Чаму так сталася?
- Ну, наколькі я разумею, супрацоўнік па ідэалогіі крыху перастараўся, я толькі што выступаў ва ўніверсітэтах, а ён відаць не надта свядомы, каго прыходзіцца яму прымаць, пабачыў тэму БНР і спужаўся. Я толькі так магу гэта патлумачыць.
- Апошнім пунктам падарожжа была Гародня, куды вы так і не патрапілі.
- Мы так спяшаліся настрымгалоў з Полацка ў Гародню. Я адразу гаварыў Валеру Булгакаву, майму выдаўцу і шафёру, што мы не паспеем. Я летам ездзіў з Гародні ў Полацк на раскопкі і ведаў, што гэта далёка, але Валер верыў да апошняга моманту. Бо ведаў, што шмат чытачоў у Гародні чакаюць гэтую сустрэчу. Дарога была вельмі кепская. Першы раз мы ў полі апынуліся, паляцелі з надсыпу. Машыне 10 гадоў, але вытрымала (смяецца. – РР). Яшчэ з гэтага поля падняліся, але ўжо далей патрапілі ў аварыю. Дзякуй Богу, ўсё абышлося толькі пашкоджаннем машынаў. Але самае галоўнае, апошняга пункту нашага падарожжа мы так і не дасягнулі.
- І гэта будзе нагода, каб прыехаць з адмысловай прэзентацыяй у Гародню.
- Ужо мяне запрашалі, але я папрасіў, каб далі нейкалькі дзён адпачыць, бо цяпер мне думаць пра падарожжа трохі страшнавата.
- Мы жадаем Вам поспехаў. Дзякуем за тое, што кніга пабачыла свет.
- Дзякуй.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.