Гістарычныя навіны

Рэстаўрацыя Каложы зніжае шанцы на прадстаўленне ў Спіс ЮНЕСКА

22.02.2009

Рэстаўрацыя - плюс, спіс ЮНЕСКА -мінус?

Сусветная спадчына вызначаецца як выдатныя культурныя і прыродныя каштоўнасці, якія складаюць здабытак усяго чалавецтва. Беларусь у 1978 годзе ратыфікавала прынятую ў 1972 годзе ЮНЕСКА Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Састаўны элемент Канвенцыі – Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Статус аб’екта сусветнай спадчыны дае дадатковыя гарантыі захаванасці і цэласнасці унікальных прыродных комплексаў, павышае прэстыж тэрыторый і кіруючых імі ўстаноў, садзейнічае папулярызацыі аб’ектаў і развіццю турызму і інш. Да гонару беларусаў, у свеце ведаюць і пра Нясвіжскі, і пра Мірскі замкі, і пра іх заснавальнікаў Радзівілаў. І ведаюць у першую чаргу дзякуючы іх статусу аб’ектаў Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У планах Беларусі пашырыць сваю прысутнасць у гэтым ганаровым пераліку. І адзін з аб’ектаў, што ў бліжэйшай перспектыве плануецца прапанаваць на суд экспертаў ЮНЕСКА, Каложская царква ў Гродне.

Усё б добра, але?

Праект рэстаўрацыі Каложскай (Барысаглебскай) царквы ў Гродне, які прадугледжвае дабудаванне элементаў без дакументальнага абгрунтавання, зніжае шанцы на прадстаўленне яе ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў пасол па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.

Падставай для ўключэння ў Спіс ЮНЕСКА з’яўляецца аўтэнтычнасць і унікальнасць аб’екта. Унікальнасць Каложы ў тым, што царква ўяўляе сабой гродзенскую школу дойлідства ХІІ стагоддзя. Калі казаць пра аўтэнтычнасць, то з дабудовай гіпатэтычна існаваўшых элементаў, напрыклад, купала ў стылі ХІІ стагоддзя або закамар на разваленай у сярэдзіне ХІХ стагоддзя паўночнай сцяне без захаваных чарцяжоў, без выкарыстання першапачатковых матэрыялаў і тэхналогій будуць парушаны патрабаванні, што выстаўляюцца да кандыдатур для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны.

Цяпер у свеце ўсё часцей замест тэрміна “рэстаўрацыя” выкарыстоўваецца “кансервацыя”. Магчыма, менавіта гэта варта было б зрабіць, каб гродзенская царква ў будучым магла папоўніць пералік культурных каштоўнасцей сусветнага значэння. Такая ж праблема была ў Полацку пры рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы, дзе быў заменены рэальна існуючы купал ХІХ стагоддзя на наваробны. Пакуль невядома рашэнне Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА па гэтаму аб’екту, але ў Полацку захаваўся магутны культурны фон і дасье прадстаўлена як “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Святой Еўфрасінні Полацкай”. Для Каложскай царквы пакуль не знойдзена такая важкая аргументацыя, такі культурны пласт.

Нашы шанцы...

У Цэнтры сусветнай спадчыны ЮНЕСКА цяпер знаходзіцца на разглядзе яшчэ адно дасье па трансгранічнаму беларуска-польскаму аб’екту “Аўгустоўскі канал: твор чалавека і прыроды”. Прадказаць рашэнне экспертаў ЮНЕСКА немагчыма. Так, у свой час не быў уключаны ў спіс Тракайскі замак у Літве, паколькі ён пасля рэстаўрацыі лічыцца новабудоўляй. Не ўвайшла і Ясна Гура – месца знаходжання іконы Багародзіцы Чанстахоўскай (Польшча), хоць яна прызнана аб’ектам нацыянальнага значэння.

Ці зможа стаць аб’ектам Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў, таксама прагназаваць рана. З пункту гледжання унікальнасці гэты палац такім для Еўропы не з’яўляецца, і наколькі захавана аўтэнтыка аб’екта, сказаць даволі складана. З пункту гледжання духоўнай спадчыны ўклад Румянцавых і Паскевічаў, пры ўсёй павазе да іх, у сусветную спадчыну не такі значны, як Радзівілаў. Хоць уклад апошніх таксама давялося доўга і грунтоўна даказваць экспертам ЮНЕСКА, калі на ўключэнне ў спіс прэтэндаваў архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Аднак у любым выпадку работа над дасье заўсёды мабілізуе, дае магчымасць сістэматызаваць і адкрыць дадатковыя звесткі, што таксама немалаважна.

Уладзімір Шчасны лічыць, што разабраныя і нанава складзеныя сцены ўсходняй галерэі Нясвіжскага палаца не павінны стаць падставай для выключэння са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА гэтага помніка. Такім дзеянням папярэднічала работа экспертаў, якія і прынялі рашэнне аб выкарыстанні агульнапрынятай у рэстаўрацыі тэхналогіі. Галерэя з самага пачатку будавалася з парушэннямі, фундамент быў недастаткова ўмацаваны, калі значна павялічылі аб’ём будынка. У тым выглядзе галерэю захаваць не ўдалося б. У Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА прадстаўлены пратакол беларуска-польскага пасяджэння экспертаў, на якім было прызнана, што ў цэлым рэстаўрацыйныя работы вядуцца ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі.

Гаворачы аб аб’ектах нематэрыяльнай спадчыны, якія маглі б трапіць у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, Уладзімір Шчасны выказаў шкадаванне наконт таго, што спробы ўключыць у яго беларускія аб’екты пакуль завяршыліся няўдачай. Падрыхтаваныя дасье, на жаль, не адпавядалі патрабаванням, прадугледжаным у Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Згодна з дакуменам, нематэрыяльная спадчына ёсць той від традыцыйнай культуры, які перадаецца ў пэўнай мясцовасці з пакалення ў пакаленне. У Беларусі перарвалася традыцыя батлейкі, парушылася і традыцыя саломапляцення, на змену якому прыйшло мясцовае вынаходніцтва. Замест саламяных павукоў, царскіх варот з'явіліся саламяныя какошнікі, зубры, кветкі, якія, безумоўна, маюць права на існаванне, аднак (магчыма, пакуль) не могуць лічыцца нематэрыяльнай спадчынай, сказаў Уладзімір Шчасны.

У бліжэйшы час у Беларусі плануецца правесці інвентарызацыю рэальна існуючай нематэрыяльнай спадчыны, а не толькі зафіксаваных у працах этнографаў узораў традыцыйнай культуры. Гэта дасць магчымасць вызначыць, што на самай справе з нематэрыяльнай спадчыны захавалася і жыве, а значыць, мае шанц папоўніць сусветны спіс спадчыны. Шукаць трэба ў глыбінцы, дзе магчыма, яшчэ захаваўся сапраўдны ткацкі станок і майстэрства ткацтва перадаецца ў спадчыну. Калі са сталіцы прыязджаюць метадысты і пачынаюць вучыць толькі таму, што яны спасціглі ў сталічным універсітэце, гэта можа прывесці да страты рэальна існуючых мясцовых традыцый, перакананы старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

...і планы

У Беларусі статус аб’ектаў Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА прысвоены Белавежскай пушчы (1992 год), замкаваму комплексу ў г.п. Мір (2000), архітэктурна-культурнаму комплексу рода рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і трансгранічнаму аб’екту Геадэзічная дуга Струвэ (2005).

Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі, цяпер ідзе падрыхтоўка дасье па намінацыі “Фартыфікацыйныя збудаванні Брэсцкай крэпасці”. Запланаваны да падрыхтоўкі таксама намінацыі “Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся” і “Культавыя збудаванні Беларусі абароннага тыпу”, асноўныя аб’екты якіх размешчаны ў Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Мае намер прэтэндаваць на ўнясенне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і Гомельскі палацава-паркавы ансамль Румянцавых-Паскевічаў. Ужо да 2010 года сваю ініцыятыву гомельскія музейшчыкі плануюць прадставіць у выглядзе шматстаронкавага тома ў Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Усяго згодна з галіновай праграмай захавання і развіцця культуры Беларусі да 2010 года намечана падрыхтоўка пяці дасье аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі для паэтапнага іх прадстаўлення на разгляд у ЮНЕСКА. Папярэдні спіс намінантаў у Беларусі складаецца з 10 пазіцый. У дадатак да ўжо названых - архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску (участак ад плошчы Незалежнасці да вуліцы Казлова), Камянецкая вежа. У бліжэйшыя гады павінна весціся вялікая работа па шасці тэмах, паведамляе БЕЛТА

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.