15 лютага ў межах XVI Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя рускамоўнага даведніка "Гарады, мястэчкі і замкі Вялікага Княства Літоўскага".
Кніга выпушчана выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі" накладам 3 тыс. асобнікаў. Над ёю працавалі спецыялісты па гісторыі ВКЛ, аўтары папулярнай двухтомнай энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае".
Як паведаміла загадчыца рэдакцыі навуковага і літаратурнага кантролю выдавецтва, кандыдат гістарычных навук Ларыса Языковіч, 310-старонкавае багата ілюстраванае выданне ўтрымлівае інфармацыю пра больш як тысячу населеных пунктаў Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі і Латвіі, якія амаль 500 гадоў уваходзілі ў склад ВКЛ. Паводле яе слоў, многія з вядомых мястэчак ВКЛ цяпер называюцца вёскамі або наогул зніклі, а ад большасці добра ўмацаваных замкаў засталіся адны толькі руіны.
У выданні падрабязна расказваецца аб гістарычных населеных пунктах Беларусі, уключаючы цяперашнія буйныя гарады, якія ў часы ВКЛ былі вёскамі. Ва ўводзінах распавядаецца пра гісторыю горадабудаўніцтва ў Беларусі, пра эканамічнае і палітычнае развіццё гарадоў, атрыманне імі Магдэбургскага права, а таксама аб ролі замкаў у гісторыі княства і абароне яго ад іншаземных захопнікаў.
Як зазначыла загадчыца рэдакцыі, выбар мовы выдання прадыктаваны імкненнем рэалізаваць кнігу за межамі краіны. У інтэрв'ю БелаПАН яна не выключыла перавыдання кнігі на беларускай мове. Л.Языковіч таксама паведаміла, што па гісторыі ВКЛ рыхтуецца да выхаду шасцітомная энцыклапедыя "Культура Беларусі".
Пасля прэзентацыі даведніка адбылася віктарына па гісторыі ВКЛ. Яе пераможцам стаў студэнт І курса гістфака БДУ, ураджэнец вёскі Лыцавічы Вілейскага раёна Менскай вобласці Іван Косач,
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.