Беларускі гістарычны агляд. том 15, Сшыткі 1-2 (28-29), снежань 2008
Новы нумар БГА, што выдаецца ад 1994 г. (галоўны рэдактар - Генадзь Сагановіч), прысвечаны ваеннай гісторыі ВКЛ ад першых войнаў з Масковіяй да падзелаў Рэчы Паспалітай.
У прадмове "Ад рэдакцыі" зазначаецца, што тыя войны прывялі да разбурэнняў і значных скарачэнняў колькасці жыхароў як у зонах ваенных дзеянняў, так і па-за імі. На Літве, напрыклад, толькі ў 1790 г. аднавілася тая колькасць насельніцтва, што была да сярэдзіны 17 ст.
Войны прывялі як да зменаў структуры насельніцтва, як у нацыянальным, так і сацыяльным плане (непапраўныя страты беларускага мяшчанства падчас вайны 1654-1667 гг.).
Сярод артыкулаў: тэксты Віктара Цемушава ""Вайна" падчас міру". Першая памежная вайна ВКЛ з Масквою (1486-1494)",
Андрэя Янушкевіча "Нявыкарыстаныя шанцы рэваншу: ВКЛ у канцы Інфлянцкай вайны",
Генадзя Сагановіча "ВКЛ і вайсковыя канфедэрацыі 1612-1614 гг.",
Кшыштафа Касажэцкага "Стаўленне шляхты ВКЛ да шведскага і маскоўскага панавання ў 1655-1656 гг.",
Дзмітрыя Віцько "Спробы рэспубліканцаў дамагчыся ўлады над войскам ВКЛ у 1697-1698 гг."
У нумары таксама традыцыйна друкуюцца рэцэнзіі на новыя гістарычныя кнігі.
Андрэй Ціхаміраў, напрыклад, піша пра кнігу Ніла Нікандрава "Іван Солоневич: народны манархіст".
Гэта першая падрабязная біяграфія чалавека, што меў прамое дачыненне і да Беларусі. Нікандраў, сярод іншага, піша, што Саланевіч быў дарадчыкам фінскага ўраду падчас савецка-фінляндскай вайны 1939 - 1940 г., а ў 1941 г. лідэр беларускіх нацыянал- сацыялістаў Фабіян Акінчыц прапанаваў яму стаць міністрам прапаганды ў Беларусі. Саланевіч адказаў, што ён лепш будзе швейцарам у расійскага міністра прапаганды, чым беларускім міністрам.
***Новы нумар у незалежных распаўсюднікаў ды "Акадэмкнізе".
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.