Гістарычныя навіны

Спіс загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны будзе складзены да 2010 года

04.02.2009

Канчатковы спіс грамадзянаў СССР, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, будзе складзены да 2010 года. Пра гэта заявіў начальнік Генеральнага штаба Ўзброеных сіл Расіі, генерал Мікалай Макараў.

Удакладненнем спісу загінулых у 1941-1945 гадах зоймецца адмысловая міжведамасная камісія. У яе склад увойдуць адмыслоўцы Мінабароны, МУС, ФСБ, МНС, Расійскага дзяржархіву, Цэнтральнага архіву Мінабароны, а таксама незалежныя эксперты.

У спіс загінулых у вайне будуць уключаныя не толькі вайскоўцы, але і грамадзянскія асобы. Таксама будуць ацэненыя матэрыяльныя страты ў выніку ваенных дзеянняў.

У 1941-1945 гадах, паводле апошніх звестак, загінулі 26,6 млн жыхароў Савецкага Саюза. Пры гэтым 2,4 млн чалавек лічацца зніклымі без вестак, а імёны 6 млн чалавек, пахаваных у братэрскіх магілах, застаюцца невядомымі.

Па звестках Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі, у 1941-1945 гадах загінулі 2,2 млн. жыхароў Беларусі. Аднак тут не ўлічаныя людзі, што былі вывезеныя ў Нямеччыну і загінулі там. Іх колькасць па розных ацэнках складае каля 260 тыс. чалавек. У агульны лік загінулых не ўключаныя таксама беларускія жыхары, якія зніклі без вестак або трапілі ў палон і загінулі там.

Нагадаем, што паводле афіцыйных заяваў апошняга часу за гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі ад 2,5 да 3 млн і больш жыхароў Беларусі, г.зн. не меней, чым кожны трэці жыхар.

"ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.