У гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў адкрылася выстава "Беларусь на літаграфіях Напалеона Орды". Арганізатарамі творчага мерапрыемства выступілі адміністрацыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Як паведамілі БелаПАН у дырэкцыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, на выставе дэманструецца 47 арыгінальных літаграфій з відарысамі помнікаў архітэктуры Беларусі з калекцыі лаўрэата прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" Уладзіміра Ліхадзедава.
Прадстаўленыя літаграфіі выкананы па малюнках мастака і з`яўляюцца аркушамі спецыяльна выдадзеных (пры непасрэдным удзеле Напалеона Орды) ў другой палове XIX стагоддзя ў Варшаве альбомаў. Гэта архітэктурныя помнікі Менскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай, Магілёўскай (у склад якой раней уваходзіла Гомельская вобласць) і Віцебскай валасцей. Як зазначаюць арганізатары, гістарычная і культурная каштоўнасць выставы ў тым, што яна дае магчымасць наведвальнікам убачыць, як выглядалі вядомыя і забытыя архітэктурныя славутасці, якія ўжо страчаны або значна змяніліся на выгляд ў працэсе рэканструкцыі. Экспазіцыя з`яўляецца працягам рэспубліканскага праекта "У пошуках страчанага".
Адкрыццю выставы папярэднічала музычна-мастацкая вечарына на тэму "Напалеон Орда і яго час". Прагучалі творы Напалеона Орды і іншых кампазітараў, паэтаў і пісьменнікаў XIX стагоддзя.
Выстава будзе працаваць да 29 сакавіка.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.