Бібліятэка гістарычных артыкулаў
На Браслаўшчыне адкрылася выстава прысвечаная гісторыі адукацыі
14:22У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава, прысвечаная асноўным этапам гісторыі ўзнікнення і развіцця адукацыі на Браслаўшчыне. Шматлікія матэрыялы археалагічных раскопак сведчаць пра тое, што яшчэ ў старажытныя часы нашы продкі імкнуліся да асветы. Пацвярджэннем таму могуць служыць надпісы на костках з Маскавіцкага гарадзішча, якія датуюцца ХІІ - ХІІІ стст. І маглі быць зроблены дзецьмі ў пару навучання грамаце.
Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з копіямі ўнікальных старажытных прыстасаванняў для пісьма: пісаламі, стылямі, цэрамі, знойдзенымі на тэрыторыі Браслаўшчыны.
Дзякуючы шматлікім фотаздымкам, архіўным матэрыялам з фонду музейнага аб'яднання, экспазіцыя знаёміць з работай парафіяльных, пачатковых, царкоўна-прыходскіх школ і народных вучылішчаў. Узгадваюцца самыя першыя навучальныя ўстановы, якія працавалі ў Іказні, Відзах, Браславе, Дрысвятах. Значная ўвага надаецца сельскагаспадарчай школе ў Опсе, Друйскай і Браслаўскай гімназіям, двухгадовай школе медсясцёр, Друйскаму будаўнічаму тэхнікуму і Відзаўскаму ПТВ.
На агляд выстаўлены падручнікі, пісьмовыя прылады розных перыядаў, цікавыя фотаздымкі з навучальных устаноў.
Выйшаў новы ARCHE прысвечаны падзеям верасня 1939 г.
13:37Выйшаў восьмы нумар часопіса ARCHE за 2009 год, ён прысвечаны 70-ці годдзю вераснёўскіх падзей 1939-га.
У яго ўвайшлі тэксты, датычныя гісторыі Заходняй Беларусі, падзей верасня 1939-га года, а таксама іншыя цікавыя матэрыялы з гісторыі польска-беларускіх стасункаў. Аўтарамі новага нумару сталі А.Чарнякевіч, А.Пашкевіч, С.Токць, А.Пачобут і інш. Ён багата ілюстраваны, што не можа не дадаць часопісу цікавасці.
Як адзначыў у прадмове да нумару Андрэй Вашкевіч, "маланкі вялікай міжнароднай палітыкі бліскаюць над намі, але ў Беларусі хіба толькі кожны дзесяты зможа даць адказ на пытанне, што адбылося 17 верасня 1939 г. У 2009-ым, у адрознінне ад 1999-га, не будзе на вуліцах каляровых плакатаў з чырвонаармейцам і селянінам. Тое, мабыць, добра. Але забывацца аб далёкім верасні нікому з нас, беларусаў, нельга".
Новы нумар часопіса выкліча хвалю водгукаў. Гэта несумненна. Бо любое абмеркаванне Заходняй Беларусі і яе ролі ў фармаванні сучаснай беларускай нацыі выклікае шквал каментароў. Гэта як увасабленне падзелу на заходнікаў і ўсходнікаў. Тое, што нас некалі аб’яднала ў адной сацыялістычнай і прарасейскай Беларусі, сёння здольнае падзяліць у незалежнай.