Гістарычныя навіны

Пад Глыбокім перапахавали рэшткі нямецкіх жаўнераў загінуўшых падчас ДСВ

19:40

На могілках Харашкі бліз Глыбокага 6 кастрычніка 2009 года адбылося перапахаванне нямецкіх салдат загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны. Як паведаміў прадстаўнік народнага саюзу Германіі па дагляду за вайсковымі пахаваннямі Браст Вольрганг, астанкі нямецкіх салдат былі знойдзены згодна нямецкіх архіўных дадзеных. Раскопкі вёў 52 асобный батальён узброеных сіл РБ. 43 астанкі былі знойдзены бліз г.п. Бешанковічы і 5 астанкаў у раёне в. Івесь Глыбоцкага раёна. Па медальёну, што быў у згінуўшага салдата, дакладна устаноўлена яго імя і прзвішча.

Пасля перазахавання астанкаў згодна карце-плану, родзічам загінуўшых нямецкіх салдат будзе паведамлена дакладнае месца (100х80 см з асабістым нумарам), дзе перапахаваны астанкі загінуўшага сваяка.

Яўген Самсонаў
Крыніца: "westki.info"




Рыхтуецца беларуска-літоўскае кіно пра Грунвальд

19:25

Рыхтуецца праект беларуска-літоўскага мастацкага фільма пра бітву пад Грунвальдам. Аб гэтым 5 кастрычніка на прэс-канферэнцыі заявіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Міністр зазначыў, што бюджэт фільма, прымеркаванага да 600-годдзя знакамітай бітвы, складзе 6 млн даляраў, а сцэнар павінен адлюстроўваць як літоўскі, так і беларускі пункт гледжання на гэтую гістарычную падзею.

Стварэнне мастацкага фільма - толькі адзін з многіх праектаў беларуска-літоўскага культурнага супрацоўніцтва. Дамоўленасць аб такім супрацоўніцтве была дасягнута падчас сустрэчы Паўла Латушкі з міністрам культуры Літвы Рымігіюсам Вількайцісам. Яна адбылася 3 кастрычніка ў Белавежскай пушчы. На сустрэчы міністры таксама дамовіліся стварыць беларуска-літоўскую экспертную групу па захаванні супольнай гісторыка-культурнай спадчыны.

Крыніца: "Наша Ніва"




Палац Радзівілаў у Рыме

17:16

Палац Радзівілаў у Рыме можна назваць напраўду невядомым – яго няма ў турыстычных даведніках, пра яго ведаюць нават не ўсе даследчыкі гісторыі роду. Князі валодалі ім да 1930-х гадоў, пасля прадалі ў сувязі з вялікімі выдаткамі.

Пра месцазнаходжанне гэтага палацу нам падказала князёўна Эльжбета Радзівіл у часе летняга візіта ў Нясвіж. Палац удалося адшукаць, сёння ў ім знаходзіцца ліцэй.

Раён, дзе стаіць палац, досыць прэстыжны – наўкол суцэльна асабнякі заможных рымлян, банкі, непадалёк – амерыканская амбасада, за 10 хвілін можна дайсці да славутай Плошчы Рэспублікі.

Палац Радзівілаў
Палац Радзівілаў у Рыме

Палац чатырохпавярховы, небагата дэкараваны, даволі вялікі, з прылеглым садам. У садзе цяпер месціцца спартовая пляцоўка для ліцэістаў. Дзверы з вуліцы шчыльна зачыненыя, на званок ніхто не адгукаецца. Я паспрабаваў зайсці ў двор, але нейкая жанчына выбегла насустрач і замахала рукамі, лапочучы па-італійску: “Ліцэо! Ліцэо! Нот энтэр!”

Па-ангельску яна не разумела ўвогуле, таму давялося падпарадкавацца і выйсці назад на вуліцу.

Па вяртанні дадому я звязаўся з пані Эльжбетай Радзівіл і папрасіў распавесці колькі словаў пра палац. Адметна, што на перасланых здымках ад "Еўрарадыё" пані Эльжбета ўпершыню пабачыла родны палац пасоля 1920-х гадоў!..

Эльжбета Радзівіл: Там разам з бабкай жыў пан Крупеньскі, расіянін. Жыў наш лекар, аўстрыяк Досталь… Жыла яе сяброўка Галіна Булгак.

Еўрарадыё: А з сям’і ці жыў яшчэ хто?

Эльжбета Радзівіл: Мой бацька, калі прыязджаў, жыў. Я некалькі месяцаў жыла – у 1929 годзе…

Еўрарадыё: Бо я гляджу, што такі дужы палац…

Эльжбета Радзівіл: Дужы! Але ж і бабка мая была дужая!.. (смяецца) Яна была вельмі мажная кабета!..

Адметна, што менавіта гэты палац адыграў вялізную ролю для Радзівілаў у ХХ стагоддзі. Менавіта тут, у Рыме, бабуля пані Эльжбеты Марыя Ружа Браніцкая пазнаёмілася з італьянскай каралевай, якая заходзіла часам да пані Марыі на каву.

І калі пасля 17 верасня 1939 года Радзівілаў кінулі ў канцлагер пад Масквой, менавіта каралева Італіі выставіла савецкім уладам ультыматум: ці выпускаеце Радзівілаў, ці мы больш не хаўруснікі. Камуністы вырашылі, што выпусціць Радзівілаў будзе танней.

Ці мае палац Радзівілаў у Рыме гісторыка-архітэктурную каштоўнасць? Гэтая пытанне мы задалі магістру мастацтвазнаўства Сяргею Харэўскаму. Упершыню здымак палаца Радзівілаў у Рыме спадар Сяргей атрымаў ад "Еўрарадыё".

Сяргей Харэўскі: "Гэты палац адносіцца да эпохі Віктара Эмануіла. Гэта сярэдзіна ХІХ стагоддзя, італьянскі неакласіцызм. Зважаючы на выключную мемарыяльную значнасць гэтага аб’екта для беларусаў, бясспрэчна, хацелася б, каб палац быў уключаны ў спіс абавязковых месцаў для наведвання беларускімі турыстамі ў Рыме".

Адметна, што пра палац Радзівілаў у Рыме не ведаюць нічога дакладна нават у Нясвіжскім гісторыка-культурным запаведніку, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца цяпер замак Радзівілаў. Маўляў, чулі, але здымкаў ніколі не бачылі. Гаворыць намесніца дырэктара Галіна Кандрацьева.

Галіна Кандрацьева: "Мы пра яго чулі ад Эльжбеты Радзівіл, і нават бачылі здымкі, дзе Марыя Ружа з Браніцкіх выяўлена менавіта ў гэтым палацы. Аднак, на жаль, больш падрабязнай інфармацыі і знешняга выгляду палаца мы не маем. Таму для нас гэта вельмі важна! Мы спадзяемся, што вы перадасцё нам гэтыя здымкі для ўключэння ў экспазіцыю пра палацы Радзівілаў у Еўропе. Бо гэта ці не адзіны род, які меў палацы ў дзевяці еўрапейскіх краінах! Таму ваш матэрыял мы абавязкова выкарыстаем у сваёй экспазіцыі".

Раман Тумашык
КрыніцаЖ "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Наваградскі замак – першы прэтэндэнт на рэстаўрацыю ў 2010 годзе

15:22

Да канца года можа быць названы новы замак Беларусі, дзе магчыма пачнецца рэстаўрацыя. Сярод кандыдатаў тры замкі на Гродзеншчыне: Гальшанскі (XVI-XVII ст.), Наваградскі (X-XVIII) і Крэўскі (XIII-XIV). Аб гэтым на сустрэчы з журналістамі заявіў міністар культуры Павал Латушка.

Павал Латушка зазначыў, што гэта яшчэ давядзецца ўзгадняць з кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласьці і Грамадзкім назіральным саветам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Наваградскі замак
Старажытны Наваградак. Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка.

Са словаў Спадара Латушкі, пакуль прыярытэт аддаецца замку ў Наваградку. Міністар таксама зазначыў, што з 2002 года ў Беларусі праводзіцца грашова-рэчавая лятарэя “Скарбніца”, сродкі ад якой плянуюць накіроўваць на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры.

Згодна з інфармацыяй міністра, у 2010 годзе на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры плянуецца выдаткаваць з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў звыш 50 мільярдаў рублёў.

Нагадаю, што зараз у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў каля 4800 аб’ектаў па ўсёй Беларусі, якія патрабуюць рэстаўрацыі.

"Наша Ніва"




Гальшанскі замак рэстаўраваць не збіраюцца

10:58

"Мы не вядзём гаворку пра аднаўленне замка ў першапачатковым выглядзе. Але ёсць добрая ідэя па яго кансервацыі і стварэнні экспазіцыі пад адкрытым небам. Галоўнае - выкарыстаць сам брэнд "Гальшанскі замак", заявіў Старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык.

Гальшанскі замак

Дэпутат палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Валянціна Лузіна паведаміла, што "зараз напрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па вынясенні лініі высакавольтных электраперадач з тэрыторыі, што прылягае да замка. Гэта дазволіць потым праводзіць гідратэхнічыя працы па аднаўленні сажалак вакол помніка. І гэты гісторыка-культурны аб’ект будзе ўспрымацца тады зусім па-іншаму".

Сёння на разглядзе ў міністра культуры Паўла Латушкі знаходзіцца канцэпцыя праекта архітэктара Ігара Раханскага. Канцэпцыя прадугледжвае кансервацыю замка, аднаўленне захаваўшайся вежы і правядзенне на закансерваваных руінах экскурсій. Асобныя фрагменты замка плануецца мезеефікаваць.

Крыніца: "Наша ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»