Гістарычныя навіны

На Полаччыне ўшануюць памяць Яна Баршчэўскага

15:24

Ян Баршчэўскі (Jan-Barszczewski)1 жніўня ў Полацкім мастацкім музеі (Віцебская вобласць) адкрываецца мастацкі пленэр памяці літаратара і выдаўцы Яна Баршчэўскага (вёска Мурагі Расонскага раёна, 1790-я гады - 12.3.1851).

Пленэр арганізаваны культурна-асветным цэнтрам імя Язэпа Драздовіча ў вёсцы Германовічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, паведаміла старшыня цэнтра Ада Райчонак.

У кнізе апавяданняў-прытчаў "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" пісьменнік расказаў аб Айчыне, жадаючы прабудзіць у сэрцах землякоў пачуццё любові да роднага краю, упершыню сцвярджаў ідэю пра самабытнасць Беларусі. Кніга напісана ў 1844 годзе і выдадзена ў Санкт-Пецярбургу ў чатырох тамах у 1844-1846 гадах.

"Самае цікавае, што ў кнізе згадваюцца многія населеныя пункты Беларусі, у тым ліку і яго родная вёска Мурагі, дзе да 10 жніўня будзе праводзіцца мастацкая акцыя. Яе ўдзельнікі пастараюцца выявіць месцы і пейзажы, якімі натхняўся наш славуты зямляк", - сказала Райчонак.

Удзельнікі пленэру будуць жыць у палатачным лагеры на беразе возера Няшчарда. Як мяркуюць даследчыкі, на востраве ў цэнтры возера, верагодней за ўсё, і знаходзіўся маёнтак шляхціца Завальні - героя кніга Яна Баршчэўскага. У праграме пленэру - сустрэчы з беларускімі бардамі, літаратурныя вечары, экскурсіі па месцах жыцця і дзейнасці Яна Баршчэўскага.

Сярод больш чым 30 удзельнікаў творчай акцыі - вядомыя мастакі Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік, Чэслаў Шамшур, Алег Скавародка, Міхась Цыбульскі і Мікола Таранда, а таксама студэнты сталічных мастацкіх навучальных устаноў.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




Новы этап рэстаўрацыі замка ў Любчы

11:52

Сярод дасягненняў гэтага лета раскрыццё і ўмацаванне аўтэнтычных падмуркаў абарончай сцяны паміж брамнай і кутняй вежамі. Зараз ідуць да завяршэння працы па аднаўленні на кутняй вежы малюнкаў у тэхніцы сграфіта вакол байніц і па карнізе. На рэканструяванай прыбудове пачалі ўсталёўваць фахверкавую канструкцыю.

Замак у Любчы
Замак у Любчы

У Любчы распачынаецца гарачая пара. Ажно два валанцёрскія летнікі адбудуцца тут ў жніўні. З 6 па 16 жніўня на замку будзе праводзіцца валанцёрскі летнік пад кіраўніцтвам ГА “Беларуская асацыяцая студэнтаў-архітэктараў”. З 17 па 30 жніўня працаваць прыедуць актывісты МГА “Гісторыка”.

Усе валанцёрскія працы вядуцца пад кіраўніцтвам мясцовага дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” http://www.lubcza.org.

Крыніца: "Твой Стыль"




Архівы Радзівілаў і Нясвіжская калекцыя кніг уключаныя ў рэгістр ЮНЭСКА "Памяць свету"

10:53

Архівы Радзівілаў і Нясвіжская калекцыя кніг уключаныя ў рэгістр ЮНЭСКА "Памяць свету", паведамілі у прэс-службе ЮНЭСКА."Трыццаць пяць новых аб'ектаў дакументальнай спадчыны выбітнай каштоўнасці папоўнілі рэгістр ЮНЭСКА "Памяць свету". З 1997 года іх агульны лік вырас да цяперашняга часу да 191. Генеральны дырэктар ЮНЭСКА абвясціў аб унясенні гэтых аб'ектаў у рэгістр. Рашэнне было прынята ім на аснове рэкамендацый экспертаў, якія сабраліся на трохдзённае пасеяджэнне Міжнароднага кансультатыўнага камітэта праграмы ЮНЭСКА "Памяць свету".

Такім чынам, архівы Радзівілаў і Нясвіжская калекцыя кніг увайшлі ў лік 35 "пачаткоўцаў" рэгістра. У цяперашні час яны знаходзяцца не толькі ў Беларусі, але і ў Фінляндыі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Гэтая калекцыя стваралася з ХV па XX стагоддзе сям'ёй Радзівілаў - адным з самых вядомых арыстакратычных родаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы паспалітай. Архівы Радзівілаў з'яўляліся афіцыйнымі архівамі ВКЛ. У іх захаваліся як дзяржаўныя дакументы і дамовы, так і прыватная перапіска Радзівілаў.

Нараўне з архівамі Радзівілаў і Нясвіжскай калекцыяй кніг у рэгістр "Памяць свету" увайшлі брытанская Вялікая хартыя вольнасцяў, апублікаваная ў 1215 годзе, гераічная паэма сярэднявечнай Еўропы "Песня аб Нибелунгах", архівы Лігі нацый і іншыя.

Крыніца: http://krewa.livejournal.com/48985.html




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»