Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2008 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты серыі "Умацаванне і абарона дзяржавы" - "Давыд Гарадзенскі":
- срэбную - наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыяметрам 38,61 мм;
- медна-нікелевую - наміналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыяметрам 33,00 мм.
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў - выступаючы кант па акружнасці. На бакавой паверхні манет надпіс: УМАЦАВАННЕ І АБАРОНА ДЗЯРЖАВЫ.
На пярэднім баку манет размешчаны: уверсе - рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры - выява рэканструкцыі гарадской крэпасці старажытнага Новагародка (цяпер Навагрудак); пад ёй надпіс: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай) і год чаканкі; справа на срэбнай манеце - проба сплаву.

На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтральнай частцы - рэльефная выява Давыда Гарадзенскага; злева - адлюстраванне звіслай пячаткі, што выкарыстоўвалася для афіцыйных грамат, з выявай на ёй князя Даўманта Нальшанскага, які правіў пад хрысціянскім імем Цімафей і, па адной з версій, быў бацькам Давыда Гарадзенскага; па крузе надпісы: ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ і гады яго службы: 1314-1326.
Манеты адчаканены на ЗАТ "Літоўскі манетны двор": срэбная - якасцю "пруф", медна-нікелевая - "пруф-лайк".
Тыраж срэбнай і медна-нікелевай манет - па 5000 штук. Памятныя манеты, выпушчаныя ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.