У Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску 8 снежня адкрылася экспазіцыя "Гістарычны партрэт Беларусі XVI-XIX стагоддзяў", аснову якой складаюць творы з Нясвіжскай карціннай галерэі князёў Радзівілаў.
З 47 выстаўленых партрэтаў 23 упершыню ўключаны ў пастаянную экспазіцыю НММ. Сярод іх партрэт Лізаветы Сцюарт - дачкі караля Англіі Якава I Сцюарта, напісаны жывапісцам Маркусам Герартам каля 1618 года, партрэт падкамора Вялікага княства Літоўскага Януша Радзівіла, створаны мастаком Барталамеем Стробелем каля 1634 года, а таксама партрэты Марыі Казіміры Сабескай і Кацярыны Сабескай - жонкі і сястры польскага караля Яна Сабескага.
Дырэктар музея Уладзімір Пракопцаў назваў адкрыццё экспазіцыі значнай падзеяй, бо споўнілася мара некалькіх пакаленняў мастацтвазнаўцаў і рэстаўратараў НММ. Ён выказаў надзею, што сумесна з літоўскімі, польскімі і ўкраінскімі калегамі калі-небудзь удасца прадставіць увесь збор галерэі Радзівілаў.
Паводле слоў доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса, музей ўсклаў на сябе нялёгкую ношу Нясвіжа, бо гэтая выстава мелася адбыцца там, дзе стваралася карцінная галерэя Радзівілаў, якія ў XVI-ХVIII стагоддзях "з'яўляліся некаранаванымі каралямі Беларусі". "Аднак пажар у Нясвіжскім замку і разбурэнне адной з яго галерэй ператварылі Нясвіж у хутар", - сказаў вучоны. Ён заявіў, што ў Нясвіжы павінна працаваць не правінцыйная, а "еўрапейская каманда", якая ведае мовы, гісторыю культуры і найноўшыя тэхналогіі ў галіне аховы і рэстаўрацыі помнікаў. Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Счасны паведаміў, што 12 снежня ў Нясвіжы адбудзецца пасяджэнне міжнароднага савета па віртуальнай рэканструкцыі архіва Радзівілаў. "Толькі ў Мінску захоўваюцца 138 тыс. спраў з гэтага збору", - сказаў У.Счасны. Ён выказаў надзею, што многія дакументы з архіва з цягам часу ўпрыгожаць Нясвіжскі замак і стануць выдатным дапаўненнем да 48 электронных копій партрэтаў Радзівілаў, нядаўна перададзеных Беларусі польскім бокам.
У адкрыцці экспазіцыі бралі ўдзел Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі" і рыцарскі клуб "Мінская харугва", паведамляе.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.