29 лістапада 2008 году ў вёсцы Плябань Менскай вобласьці адбылося перапахаваньне зямлі з брацкай магілы 15 паўстанцаў 1863 году ў Вільні, сярод якіх быў Кастусь Каліноўскі. Месца разьмешчаньня брацкай магілы было вызначанае паводле архіўных зьвестак. Жменя зямлі з магілы была прывезеная ў Беларусь, каб годна перапахаваць яе ў месцы шанаваньня нашых герояў - Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 г. Галоўнымі крытэрамі пры выбары такога месца былі :
- гістарычная датычнасьць абранага месца да падзеяў паўстаньня;
- наяўнасьць менавіта брацкай магілы ўдзельнікаў паўстаньня;
- лёгкадаступнасьць да магілы для любога чалавека, нават незнаёмага зь мясцовасьцю.
Такім чынам, было абранае мястэчка Плябань (Маладэчанскі раён Менскай вобласьці, чыг. прыпынак Ласі). Тут, на зарослым пагорку спачываюць змагары з атраду Юльляна Бакшанскага, якія загінулі ў няроўным баі ля вёскі Сьвечкі.

Цяперака тут спачываюць і 13 паўстанцаў, павешаныя ў Вільні. Тут цяперака ляжыць мужны і самаахвярны кіраўнік штабу паўстаньня Зыгмунт Серакоўскі. Тут спачыў, павяртаўшыся нарэсьце на родную зямельку, наш нацыянальны герой і заступнік Вікенці Канстанцін Каліноўскі.
Пра гэта кажа і мэмарыяльная шыльда з надпісам:
“Тут перапахаваная зямля з брацкай магілы Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага - кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, а разам зь імі яшчэ 13 паўстанцаў. Перапахаваныя тут прынялі пакутніцкую сьмерць на шыбеніцы на Лукіскім пляцы места Вільні ўвесну 1864 году. Супакой ім і вечная памяць!”
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.