Кніга "Калекцыйная спадчына Вялікага Княства. Мапы-Гравюры-Манэты-Пячаткі" - багата ілюстраваная, на добрай паперы кніга нарадзілася з ініцыятывы супольнасьці карыстальнікаў парталу "Ізрой".
Мэта кнігі - паказаць сучасьнікам спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Трое зь цяперашніх аўтараў (Дз.Гулецкі, А.Грамыка, А.Крываручка) летась ужо выдалі кнігу "Манэты Беларусі да 1707 году".
Першы разьдзел кнігі прысьвечаны мапам і гравюрам, што зьвязаныя з ВКЛ. Гэта першая спроба сыстэматызаваць цікавую, але мала вядомую для большасьці галіну нашай спадчыны. Прадстаўленыя вядомыя і мала вядомыя старажытныя мапы ВКЛ і гравюры беларускіх гарадоў. Ёсьць табліцы з аўкцыённымі коштамі некаторых выданьняў.
Пры канцы кнігі пададзеныя парады - "Мапы ў інтэр’еры" - аб правільным разьвешваньні, доглядзе і захоўваньні старажытных мапаў і гравюраў.
Другі разьдзел кнігі прысьвечаны манэтам, што абарачаліся на землях Беларусі ад часоў Ягайлы да апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Зьмешчаны пашыраны каталёг з прыблізнымі коштамі на беларускім рынку.
Прадстаўленыя дасьледаваньні беларускіх нумізматаў па літоўскіх манэтах Аляксандра Казіміравіча і Жыгімонта Старога, полацкіх фальшыўках лівонскіх манэт, літоўскіх барацінках 1660-1661 гг. і вытворчасьці манэт за часамі Панятоўскага. Чытача зацікавіць таксама невялікія зацемкі "Цікавыя факты", пададзеныя ці не на кожнай старонцы аб працы мынцаў (манэтных двароў), каралеўскія прывілеі і іншыя падзеі, зьвязныя з вытворчасьцю манэт на землях ВКЛ.
Трэці разьдзел прадстаўляе прыватныя пячаткі ВКЛ. Кніга прапануе шматлікія фота пячатак літоўскай шляхты, заможных месьцічаў і габрэйскіх гандляроў, што захоўваюцца ў прыватных калекцыях і публікуюцца ў Беларусі ўпершыню.
Кніга станецца ня толькі добрым айчынным дапаможнікам для калекцыянэраў, але ж і заахвоціць шмат каго да зьбіраньня старажытных рэчаў, зьвязаных зь Вялікім Княствам.
Калекцыйная спадчына Вялікага Княства. Мапы-Гравюры-Манэты-Пячаткі. - Менск: выд. І.П. Логвінаў, 2008. Аўтарскі калектыў: Дз.Гулецкі, Р.Галоўчанка, А.Грамыка, Ю.Дзенісенка, А.Крываручка, С.Лак, Р.Равяка, У.Юргенсон. - 177 с. - 500 ас.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.