Сагановіч пра Аршанскую бітву

Вайсковая слава і бясслаўе гісторыкаў

У нашай даўняй гісторыі няма іншай падзеі, якая б стала падобным сімвалам і выклікала столькі ж вострых баталій, як бітва пад Воршай. Гэта вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім (праваслаўным!) гетманам. Пачынальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі бачылі ў ёй лепшы доказ гістарычнай нятоеснасці беларусаў і вялікарусаў. А для гісторыкаў расейскіх, наадварот, яна была ці не самай “нязручнай” падзеяй, што ніяк не ўпісвалася ў канцэпцыю “адзінага славянарасійскага народу”. Вось жа стаўленне да гэтай бітвы ў самой Беларусі і вызначалася змаганнем расійскага бачання з беларускім.

Пасля разгрому “нацдэмаўскай” гістарыяграфіі і ўсталявання савецкай гістарычнай дактрыны Ворша была табуяванай тэмай, – да абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Толькі тады “забытая” сеча вярнулася ў падручнікі, была ацэненая як “вялікая перамога” ваяроў, што “баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і”. У першай палове 1990-х гадоў, пры хоць якой дэмакратыі, пра Аршанскую бітву ў нас пісалася болей, чым пра якую іншую падзею айчыннай гісторыі. І штогод колькасць публікацыяў пра яе ў перыёдыцы падвойвалася!

З прыходам А. Лукашэнкі ды яго курсам на рэінтэграцыю з Расіяй стаўленне да бітвы дыяметральна змянілася. Мясцовыя адэпты “трыадзінарускасці” зноў узяліся цвердзіць, быццам бітва пад Воршай не вартая і памяці, бо была … “братазабойчай”. Трашчанок так і піша: войны Масквы супраць ВКЛ “нельга прадстаўляць як беларуска-рускія сутыкненні, у якіх рускі бок быў агрэсарам”, гэта – “зламысная фальсіфікацыя!” Дык кім жа тады быў “рускі бок” у распачатых ім жа войнах?

Для цяперашніх трубадураў “Вялікай Расіі”, як і для іх ідэйных айцоў з ХІХ ст., межы “рускага” народа вызначала праваслаўе, таму, маўляў, агрэсія Масквы супраць Вялікага Княства была справядлівай барацьбой за “ўз’яднанне” зямель Русі ў адной дзяржаве. Але акурат Аршанская бітва і бурыць падобны тэзіс пра праваслаўе як падставу таго “адзінства” ды справядлівы характар войнаў “за ўз’яднанне”.

Вось жа ў ХVІ ст. для нашых продкаў было натуральным не толькі помніць пра перамогу пад Воршай, але і ганарыцца ёю. Праваслаўны летапісец дзякаваў гетману Астрожскаму за тое, што яго стараннямі “маскоўскага ворага пабілі”, і ставіў маскавітаў у адзін шэраг з бусурманамі. У эпоху жорсткага супрацьстаяння з Масквою сечу 1514 году часта згадвалі ў гераічным кантэксце, называючы “вялікай бітвай Аршанскай”. Падзея, якая ўжо тады набыла сімвалічнае значэнне, вартая таго, каб быць ключавым топасам беларускага нацыянальнага наратыву. Таму эпігоны заходнерусізму і стараюцца любым чынам затушаваць ці маргіналізаваць яе. То цвердзяць, быццам армію Астрожскага складала толькі польская і літоўская шляхта, а беларусы калі і былі, дык “паднявольныя”, то што бітва не мела аніякага значэння…

Ніхто не скажа дакладна, якую частку пераможнага войска складалі вершнікі з Беларусі, але гэта не мае прынцыповага значэння. Прынцыповы факт масавага ўдзелу ў бітве праваслаўнай беларускай шляхты (а пад Воршу прыйшло паспалітае рушанне з усіх земляў ВКЛ!) і тое рэха, якое яна выклікала ў тагачаснай Беларусі. Шляхта ж (а яна па вызначэнню не бывала “паднявольнай”) незалежна ад этнічнага паходжання лічыла ВКЛ сваёй дзяржавай і бараніла, бо даражыла яго палітычным ладам.

Што ж да значэння, то хоць перамога і не стала вырашальнай у вайне, яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць гарады Ўсходняй Беларусі, а ў далейшым – і паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага альянсу Масквы з імперыяй Габсбургаў, які пагражаў існаванню ВКЛ. Так што пафасныя словы падручніка пра абарону суверэнітэту зусім не безпадстаўныя.

Менавіта бітве пад Воршай выпала асаблівая роля ў фармаванні сучаснай беларускай тоеснасці. Ніводная іншая падзея не выклікае такога канфлікту ідэнтычнасцяў – беларускай і расійскай. У стаўленні да яе і выяўляецца, хто кім сябе ідэнтыфікуе. Для адных гэта “святая бітва за Бацькаўшчыну”, для другіх – “эпізод унутрырускай міжусобіцы”. І звесці іх немагчыма.

Генадзь Сагановіч
Крыніца: газэта "Свабода"

Дата публікацыі: 08.09.2008

Жыве Беларусь

Гістарычны каляндар:
7 студзеня 1897Нарадзіўся Язэп Адамовіч

Беларускі дзяржаўны дзеяч, прэм'ер-міністр (1924–1927)…

8 студзеня 1919Абвяшчэнне Менска сталіцай БССР

Менск (Мінск) — сталіца Беларусі, адміністрацыйны цэнтар Менскай вобласці і Менскага раёну. Горад зьяўляецца палітычным, эканамічным, сацыяльным, транспартным, культурным і навуковым цэнтрам рэспублікі.…

Увесь спіс падзей
Пошук па сайце: Эксклюзіў на сайце

Гісторыя - настаўніца жыцьця

Historia magistra vitae

(Марк Тулій)

Што ёсць гісторыя, як не байка, у якую дамовіліся паверыць

(Напалеон Банапарт)

Раім наведаць