Гістарычныя навіны

Ці патрапіць гарадзенская Каложа у спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА?

20:27

Гарадзенскія ўлады прапануюць уключыць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА Каложскую царкву і царкву-крэпасьць у вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна. Бліжэйшым часам беларускія адмыслоўцы збіраюцца падрыхтаваць адпаведныя дакуманты.

Каложская царква з’яўляецца адзіным помнікам гарадзенскай архітэктурнай школы XII стагоддзя, які захаваўся да нашых дзён. Аднак, трапіць у спіс ЮНЭСКА Каложа наўрад ці здолее перад усім “дзякуючы” рэканструкцыі, якую бліжэйшым часам плануюць ажыццявіць мясцовыя ўлады.

Паводле архітэктурнага праэкта, царква істотна зменіць гістарычны воблік. З планамі ўладаў не пагаджаюцца нават святары, але да іх думкі ніхто не прыслухоўваецца. Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч лічыць, што сітуацыя выглядае даволі складана перад усім таму, што чынавенства па вялікаму рахунку абыякава ставіцца да гістарычнай спадчыны краіны.

Адсутнасць спецыялістаў – рэстаўратараў адпаведнага ўзроўню як у Гародні, так і на Беларусі прывяла да сітуацыі, калі складаныя рэстаўрацыйныя працы выконваюць звычайныя будаўнікі. Таму гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы выказваюць вялікую занепакоенасць далейшым лёсам Каложскай царквы і Мураванскай царквы-крэпасьці, якія замест таго каб патрапіць у спіс ЮНЭСКА , могуць стаць чарговымі ахвярамі чынавенскай абыякавасці.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




Нямецкі кулямёт часоў Другой сусветнай вайны зноўдзены ў Слонімскім раёне

20:19

У вёсцы Сянькоўшчына Слонімскага раёна падчас пракладкі водаправода быў знойдзены авіяцыйны кулямёт з нямецкага ваеннага самалёта.

Гэтую знаходку перадалі ў Слонімскі раённы краязнаўчы музей.

Нямецкі кулямётСупрацоўнік музея Наталля Руднева расказала нашаму карэспандэнту, што ў гады Другой сусветнай вайны недалёка ад гэтай вёскі нямецкі самалёт зрабіў аварыйную пасадку. Жыхар вёскі Крынчык Павел Вікенцьевіч бачыў, як самалёт рабіў пасадку. Потым ён асмеліўся і падышоў бліжэй да самалёта. У ім нікога не аказалася, нават боепрыпасаў. Хлопец выцягнуў кулямёт і закапаў яго ў зямлю.

З таго часу прайшло 67 гадоў. Няма ў жывых і Паўла Крынчыка. Але жыве яго сын Іван Крынчык, які і распавёў супрацоўнікам музея ўсю гісторыю пра гэты кулямёт.

Супрацоўніца музея Наталля Руднева расказала яшчэ пра тое, што нядаўна Слонімскі ваенкамат перадаў у музей цікавыя нямецкія экспанаты перыяду Другой сусветнай вайны. Экспанаты былі знойдзеныя падчас раскопак захаванняў нямецкіх салдат на Ружанскіх могілках у Слоніме. Гэта пятліцы, пярсцёнкі, сярэбраны га­дзіннік, акуляры, запальнічка і іншыя асабістыя рэчы салдат групы СС, якія праводзілі карныя аперацыі ў горадзе над Шчарай.

Па словах Наталлі Рудневай, музей папоўніўся і яшчэ адным ваенным экспанатам - люкам ад танка “Клім Варашылаў”, які падараваў жыхар вёскі Чамяры. Справа ў тым, што на пачатку вайны каля Слоніма былі падбіты тры савецкія танкі, адзін танк - каля вёскі Чамяры. Люк ад гэтага танка цяпер захоўваецца ў музеі.

Крыніца: "Газета Слонімская"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»