Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Дошка ў гонар Валера Урублеўскага у Гародне можа знікнуць
17:31Мемарыяльная дошка ў гонар героя паўстання 1863 года Валера Урублеўскага можа назаўсёды знікнуць з дома на аднайменнай вуліцы ў Гродна. Пасля рэстаўрацыі будынка працоўныя адмаўляюцца ўсталёўваць дошку на месца, дзе яна знаходзілася.
Падчас рамонтных працаў мемарыяльная дошка ў гонар Валера Урублеўскага была дэмантавана і доўгі час знаходзілася пад сценамі жылога дома, але пасля таго,як жыхары пачалі выказваць занепакоенасьць яе далейшым лёсам,будаўнікі дошку схавалі ў гаспадарчае памяшканне.
Майстар жыллёва-эксплуатацыйнай службы №11 Алена Бурсевіч не выключае, што мемарыяльная дошка ў гонар героя –паўстанца на сваё мейсца так і не патрапіць: будаўнікі,спасылаючыся на тое,што дошка вельмі цяжкая,адмаўляюцца вяртаць яе на былое мейсца знаходжання.
Між тым жыхары дома збіраюцца звярнуцца да мясцовых уладаў і патрабаваць усталяваць мемарыяльную дошку. Гарадзенцаў абурае стаўленне чынавенства да нацыянальнай гістарычнай спадчыны, якую,на іх погляд, шанавалі нават савецкія ўлады.
Клецкая пракуратура распарадзілася праверыць абставіны разбурэння старажытнага свірна ў Янавічах
11:32Клецкая раённая пракуратура распарадзілася праверыць абставіны разбурэння свірна ў вёсцы Янавічы Клецкага раёна. З заявамі ў Клецкую раённую і Мінскую абласную пракуратуру звярнуўся старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён лічыць неабходным распачаць крымінальную справу па факце разбурэння свірна ў вёсцы Янавічы. Свіран быў помнікам архітэктуры пач. XIX ст. Астаповіч патрабуе прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Паводле інфармацыі А.Астаповіча, у пачатку 2008 г. па ініцыятыве кіраўніцтва СПК "Туча" ў вёсцы Янавічы разбурылі драўляны зрубавы двух'ярусны свіран, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ён быў пакрыты драніцай, на галоўным фасадзе меў слупавую галерэю на двух ярусах і па сваёй канструкцыі набліжаўся да традыцыйных беларускіх лямусаў. Разбурэнне свірна, паводле слоў А.Астаповіча, падпадае пад артыкул 344 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае разбурэнне, знішчэнне або пашкоджанне помнікаў гісторыі і культуры).
У лісце ў адказ Клецкая раённая пракуратура паведамляе, што заява Астаповіча накіравана ў Клецкі РАУС для правядзення праверкі ў адпаведнасці з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Як паведаміў А.Астаповіч, на 7 снежня запланавана яго сустрэча з мясцовымі краязнаўцамі і чыноўнікамі Клецка. На ёй старшыня таварыства мае намер абмеркаваць факты парушэння ў Клецкім раёне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
Фотавыстава, прысвечаная Галадамору ва Ўкраіне, адкрылася ў Мінску
11:04У мінскім касцёле святых Алены і Сымона адкрылася фотавыстава, прысвечаная 75-годдзю Галадамора ва Ўкраіне 1932-1933 гг. У экспазіцыі, арганізаванай амбасадай Украіны ў Беларусі, прадстаўленыя 33 стэнды з матэрыяламі, якія адлюстроўваюць рэаліі, гісторыю і сучасныя погляды на Галадамор. 22 лістапада перад цырымоніяй адкрыцця выставы вакол храма прайшоў крыжовы ход, удзельнікі якога выклалі ля ўваходу ў святыню крыж з запаленых знічоў і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр масавага голаду ва Ўкраіне, Казахстане і паўднёвых рэгіёнах Расіі. Як адзначыў у сваім выступе амбасадар Украіны Ігар Лыховый, забойцам ад 4 да 7 млн. украінцаў быў сталінскі рэжым, які такім чынам вырашыў "паставіць Украіну на калені". Дыпламат паведаміў, што 22 лістапада ў 16 гадзін у Кіеве прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка разам з кіраўнікамі шасці еўрапейскіх краін ушанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр Галадамору.
"Я з дзяцінства памятаю вялізныя ўзгоркі над братэрскімі магіламі, дзе без трун, прабачэння і крыжа ляжалі мільёны людзей. Дзесяцігоддзі яны чакалі, калі на іх магілы паставяць крыж, памоляццаза іх душы і назавуць імёны іх забойцаў", - сказаў амбасадар. Паводле І.Лыхавога, людзі павінны ўсвядоміць гэтую трагедыю, каб яна ніколі не паўтарылася.
Дыпламат таксама адзначыў, што 14 дзяржаў прызналі Галадамор генацыдам, а ААН назвала гэтую трагедыю катастрофай чалавецтва ў XX ст. І.Лыховый выказаў удзячнасць усім, хто паказаў салідарнасць з украінцамі ў "дзень адзінства і непадзеленай памяці".
У інтэрв'ю БелаПАН амбасадар Украіны адзначыў, што на адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Азербайджана, Вугоршчыны, Нямеччыны, Грузіі, Ірана, Італіі, Польшчы, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Паўднёвай Карэі і Японіі, а таксама амбасадар па адмысловых даручэннях, старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Шчасны, адзін з лідэраў дэмакратычнага руху Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.
На левым беразе Бярэзіны памянуць напалеонаўскіх жаўнераў
10:5023 лістапада на могілках каля вёскі Студзёнка ў Барысаўскім раёне, на левым беразе Бярэзіны адбудзецца жалобная цырымонія ў памяць аб пахаваных тут жаўнерах Напалеона. Як паведамляе прэс-служба амбасады Францыі ў Беларусі, цырымонія пройдзе з нагоды 196-й гадавіны пераправы арміі Напалеона праз Бярэзіну ў лістападзе 1812 г. У ёй возьме ўдзел амбасадарка Францыі Мірэй Мюсо.
На брацкіх магілах ля Студзёнкі адкрыюць помнік загінулым пры пераправе ваярам напалеонаўскай арміі. Цырымонія завершыцца ўскладаннем вянкоў да трох мемарыяльных помнікаў на Брылёўскім полі каля вёскі Весялова на правым беразе Бярэзіны.
У жніўні 2005 г. 52-і батальён беларускіх Узброеных сіл знайшоў каля вёскі Селішчы Вілейскага раёна астанкі 224 салдат арміі Напалеона. Урна з астанкамі аднаго з іх была пахаваная ў лістападзе 2006 г. каля помніка Бакура на Брылёўскім полі, на правым беразе Бярэзіны. У лістападзе 2007 г. на могілках Студзёнкі прайшла цырымонія перапахавання астанкаў 223 салдат. 5 лістапада 2008 г. астанкі яшчэ 108 асоб напалеонаўскай арміі, загінулых у Беларусі падчас вайны 1812 г., што былі знойдзеныя ў Барысаўскім раёна, перапахаваныя ў другой брацкай магіле на гэтых жа могілках.

Падчас мерапрыемстваў з нагоды 196-й гадавіны пераправы арміі Напалеона праз Бярэзіну амбасада Францыі арганізуе Дні кіно, прысвечаныя Напалеону. 28 і 30 лістапада ў кінатэатры "Цэнтральны" Мінска і кінатэатры "Кастрычнік" Барысава будуць праходзіць паказы фільмаў "Напалеон" Іва Сімано і "Спадар Н" Антуана дэ Кона на французскай і рускай мовах.
Да памятнай даты ў кніжных магазінах Беларусі пачаўся продаж рамана французскага пісьменніка Патрыка Рамбо "Ішоў снег", перакладзенага на рускую мову. Кніга выпушчана выдавецтвам "Макбел" пры супрацы з амбасадай Францыі.
"Еўрарадыё" не ўдалося высветліць, чаму амбасада Беларусі працуе ў нашай краіне толькі з рускай мовай.