Гістарычныя навіны

Памятная дошка ў гонар ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага будзе ўсталявана ў Жодзішках

14:00

Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі15 лістапада ў Жодзішках на Смаргоншчыне ў касцёле святой Тройцы адбудзецца адкрыццё памятнай дошкі з гонар ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. У гэтыя дні будуць адзначацца 120-я ўгодкі з дня нараджэння беларускага каталіцкага святара, грамадскага дзеяча, публіцыста і перакладчыка.

Вінцэнт Гадлеўскі (16.11.1888 - 24.12.1942) быў пробашчам у Жодзішках у 1921-1927 гадах, уводзіў беларускую мову ў касцёл, за што пераследаваўся польскімі ўладамі, два гады правёў у турме. Гадлеўскі вядомы як перакладчык на беларускую мову "Новага Запавету", іншых рэлігійных кніг, ён аўтар шматлікіх публіцыстычных артыкулаў, многія з якіх не згубілі сваёй актуальнасці і сёння.

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў адным з лідэраў беларускага антынацысцкага супраціўлення. Быў арыштаваны і расстраляны мінскім СД.

У суботу, 15 лістапада, у касцёле ў Жодзішках адбудзецца ўрачыстая імша, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння ксяндза В. Гадлеўскага. Пачатак а 10-й гадзіне.

Юрась Вітальеў, Магілёў
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




У Магілёве ўсталявалі помнік ахвярам мясцовага гета

13:43

Помнік магілёўскаму гетаПомнік магілёўскаму гета ўсталявалі сёння ў Магілёве. Камень з адбіткамі рук паставілі ў пачатку вуліцы Віленскай, у тым месцы, дзе знаходзіўся ўваход у гета.

Афіцыйнае адкрыццё помніка адбудзецца 12 лістапада ў межах дзён Ізраіля. Ініцыятары ўсталявання помніка кажуць, што ён ужо набыў вядомасць ва ўсім свеце і яго прызналі ў самім Ізраілі.

Скульптар Андрэй Вараб’ёў сказаў Еўрарадыё:

"У мяне было некалькі ідэяў гэтага знака, але адразу абралі гэтую, бо аказалася, што для яўрэяў рука, далонь чалавека - гэта знак і чалавека, і бога, і малітвы, звароту да бога такім чынам. Гэтыя адбіткі рук сімвалізуюць душы тых, хто загінуў, і кожны можа да іх дакрануцца".

Надпіс на помніку давядзецца перарабіць, бо Вараб'ёў напісаў “ахвяры фашызму”, а трэба “ахвяры нацызму”, бо так зацвердзіла тапанімічная камісія. Сябры камісіі лічаць, між іншага, што фашызм ужо мінуў, а нацызм ёсць і па сённяшні дзень. Дарэчы, надпіс на помніку зроблены на іўрыце і расійскай мове, беларускага варыянту няма. Сцвярджаюць, што гэта таксама рашэнне тапанімічнай камісіі.

Юрась Вітальеў, Магілёў
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Пачаўся збор сродкаў на помнік у гонар 1000-годдзя Берасця

13:32

Аддзел ідэалагічнай працы Брэсцкага гарвыканкама налета мае адчыніць помнік падзеі, якая будзе адзначацца праз адзінаццаць гадоў - 1000-годдзю горада. Упершыню Берасьце было згаданае ў Іпацьеўскім летапісе пад 1019 годам.

Грошы на помнік ужо збіраюць: адкрыты дабрачынны рахунак у банку, інфармацыяй поўняцца афіцыйныя СМІ, у горадзе распаўсюджаныя рэкламкі.

Кіраўнічка ідэялагічнага аддзела Ала Старыкевіч так патлумачыла прычыну ўстаноўкі помніка за дзесяцігоддзе да юбілею:

"Чаму за 10 гадоў да юбілею? Бо якраз ідзе рэканструкцыя цэнтральнай часткі горада, і што - потым перарабляць? Больш важна, што помнік будзе народны, бо даюць на яго грошы ўсе".

Галоўны архітэктар Брэста Алег Ляшук паведаміў, што каштарыс яшчэ не гатовы, і назваў прыблізны кошт помніка: блізу 4 млрд. беларускіх рублёў.

Як стала вядома карэспандэнту “Еўрарадыё”, грошы актыўна збіраюць у калектывах прадпрыемстваў і ўстановаў.

Юльян Навумік, Брэст
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




На Клеччыне знішчаны ўнікальны двухпавярховы сьвіран XVIII ст

12:13

На Клеччыне ўнікальны помнік драўлянага дойлідзтва, які знаходзіўся пад аховай дзяржавы, пусьцілі на дровы.

Вёска Янавічы Клецкага раёну вядомая сядзібна-паркавым комплексам Яленскіх, закладзеным ў XVIII ст. Сюды напрыканцы кастрычніка прыехала група журналістаў, каб пабачыць самую сядзібу ды ўнікальны двухпавярховы, аднесены да 3-й катэгорыі. Побач з мураваным домам гергечуць гусі. Гледзячы на зьнешні стан колішняга дому, якім у розныя часы валодалі Яленскія, Беразоўскія, Войцэхоўскія ды Піляўскія, разумееш, што гэтыя гордыя птушкі не ўратавалі свой Рым. Каля ганку на лаве сядзіць бабуля. Ад яе даведваемся, што сьвіран, які мы не маглі адшукаць, мясцовы калгас...разабраў на дровы. Вось так! Мясцовым начальнікам, зважаючы на тое, што закон аб абароне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў нас фактычна перастаў дзейнічаць, прасьцей разабраць якое-небудзь "ламачча" на паліва, чымся даглядаць яго. Няма помніка - няма праблемы. Дом Яленскіх, пакуль у ім жывуць людзі, неяк ліпіць. Тыльныя памяшканьні ня маюць шыбаў, да сьцяны прытуліліся старыя матрацы з іржавымі спружынамі.

Старажытны сьвіран

Крыніца: "Наша Ніва"




У Менску адноўленая мэмарыяльная дошка брэмэнскім габрэям

12:08

На фасадзе дому № 13 па вуліцы Раманаўскай у Менску адноўленая мэмарыяльная дошка брэмэнскім габрэям, дэпартаваным у гады вайны ў менскае гета. Зь ёй зьвязаная амаль дэтэктыўная гісторыяў навачаснай Беларусі.

Упершыню бронзавая памятная дошка была ўсталяваная на гэтым будынку ў 1992 г. прадстаўнікамі габрэйскай грамады Брэмэну, але ў 2007 яе скралі. Неўзабаве пасьля інцыдэнту нямецкі амбасадар у РБ Марцін Хекер абвясьціў пра ўзнагароду ў тысячу эўра за інфармацыю, якая прывядзе да вяртаньня табліцы. Пасьля таго, як беларускі грамадзянін, які прасіў не раскрываць яго імя, за ўзнагароду вярнуў дошку, усё ж пастанавілі на фасадзе ўсталяваць копію зь сылюміну.

Менск граў важную ролю ў т.зв. "канчатковым рашэньні габрэйскага пытаньня". Сюды ў 1941-43 г. вывозіліся эўрапейскія габрэі, каб урэшце знайсьці сваю сьмерць у самім гета і прыгарадных канцлягерах. Гутарка вядзецца пра габрэяў Нямеччыны, Чэхаславаччыны, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Галяндыі, Вугоршчыны. У менскім гета была нават адасобленая "нямецкая частка", дзе жылі нямецкія і аўстрыйскія габрэі. Але забівалі іншаземцаў нароўні зь мясцовымі. У справаздачы генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ рэйхскамісару Остлянду гаўляйтэру Лёзэ пра зьнішчэньне габрэяў і барацьбе супраць партызанаў ад 31 ліпеня 1942 г. кажацца: "У самім Менску 28-29 ліпеня было зьліквідавана 10 тысяч габрэяў. Зь іх 6500 складалі мясцовыя, беларускія габрэі - збольшага старыя, жанчыны і дзеці, а таксама непрацаздольныя габрэі зь Вены, Бруна, Брэмэну і Бэрліну, якіх адправілі ў Менск летась у лістападзе паводле загаду фюрэра..."

Выступаючы на ўрачыстым адкрыцьці памятнай табліцы заступнік старшыні Агенцтва палітычнай адукацыі горада-зямлі Брэмэну доктар Гюнтэр Фэльдгаўз зазначыў, што ў 1933 г. ў Брэмэне жыло 1300 габрэяў, палова зь якіх загінула ў часы нацысцкага кіраваньня. Паводле яго словаў, 570 брэмэнскіх габрэяў у лістападзе 1941 году былі дэпартаваныя ў Менск, дзе па часе былі зьнішчаныя ў адмысловых рэйдах у гета і ў канцлягеры ля вёскі Малы Трасьцянец.

Крыніца: "Наша Ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»