Паказ традыцыйных беларускіх строяў ХІХ стагоддзя праходзіць у Віцебску

15:57

Беларускі вясельны стройЭкспазіцыя традыцыйных беларускіх строяў ХІХ стагоддзя адкрылася ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Гэта вопратка, рэканструяваная ці стылізаваная майстрыхамі з Лепельскага дома рамёстваў. На выставе можна пабачыць, што было “модна” насіць у розных раёнах Беларусі і, вядома ж, на Лепельшчыне.

Ядвіга Сташэсўкая
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




У Магілёве плануюць усталяваць памятны знак БНР

15:07

Кампанію за ўшанаванне Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве распачынаюць моладзевыя актывісты, партыя БНФ і гісторыкі.

Шляхам збору подпісаў яны прапаноўваюць мясцовым уладам ўсталяваць памятны знак на будынку краязнаўчага музея на Савецкай плошчы. Менавіта ў гэтым будынку ўлетку 1918 года Беларускім Нацыянальным камітэтам было прынятае рашэнне аб прызнанні ўлады БНР. Магілёў - адзіны горад, які афіцыйна прызнаў Народную рэспубліку.

За апошні час намаганнямі грамадскасці ў Магілёве быў адноўлены галоўны сімвал горада - ратуша. Таксама вярнулі гістарычныя назвы некаторых вуліц - Пажарны завулак, замест К. Лібкнехта, Віленскай стала называцца частка вул. Лазарэнкі. Таму грамадскія актывісты спадзяюцца на поспех гэтай кампаніі і збіраюцца працягваць яе, каб аднавіць магілёўскую гісторыю.

Юрась Вітальеў
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярнулася з адкрытым лістом да Генэральнага пракурора Беларусі

12:48

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярнулася з адкрытым лістом да Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.

Кіраўнік таварыства Антон Астаповіч чарговы раз намагаецца прыцягнуць увагу да праблемы, якая ігнаруецца шматлікімі дзяржаўнымі ўстановамі. Гэта – парушэньне нарматыўна-прававой базы ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны падчас рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Менску.

Антон АстаповічАнтон Астаповіч падкрэсьлівае, што праблема руйнаваньня гістарычных помнікаў узьнікла ня ўчора, аднак зацікаўленыя наглядныя органы робяць выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Між тым, як кажа адмысловец, падчас правядзеньня працаў у гістарычным цэнтры Менску, які ёсьць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю 1-й катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, адбываецца татальнае парушэньне закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” і міжнародных мэтадычных дакумэнтаў.

Гэта непасрэдна тычыцца дамоў па вуліцы Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кірыла і Мятоды, на плошчы Свабоды, якія на ахоўнай тэрыторыі фармальна мелі статус недатыкальных. З-за пасіўнай пазыцыі пракурорскага ведамства, адзначаецца ў адкрытым лісьце на імя Генпракурора, працэс зьнішчэньня гістарычнай спадчыны набывае незваротны характар. Так, па вуліцы Рэвалюцыйнай, 17 стары будынак быў зьнесены, бо перашкаджаў узьвядзеньню новага. Там жа зьнішчаныя парэшткі дамоў №12 і 14. Зруйнаваны дом па вуліцы Камсамольскай, 11-а. Толькі намаганьнямі грамадзкасьці ўдалося захаваць ад зьнішчэньня фрагмэнты насьценных росьпісаў ХІХ стагодзьдзя на Камсамольскай, 15.

Практычна ўсе земляныя работы ў гістарычным цэнтры, зазначае спадар Астаповіч, – плянамернае зьнішчэньне культурнага пласта разам з прыкладамі ўнікальнай матэрыяльнай культуры; зьнішчэньне парэшткаў недасьледаванай гарадзкой забудовы, якія павінны зьяўляцца “гістарычнай матрыцай” для правядзеньня навукова-абгрунтаванай, а не хаатычнай рэканструкцыі:

“Згодна з заканадаўчай базай, у першую чаргу сачыць за выкананьнем закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” павінна Міністэрства культуры. Але пра Міністэрства культуры размова асобная, на яго ўвогуле спадзяваньняў няма. Апошнім часам міністэрства пачало выконваць функцыю кшталту сталінскай “тройкі”, якая падпісвае прысуды менавіта на зьнішчэньне гісторыка-культурнай спадчыны. Таму апошняя надзея – на кантрольна-рэвізійныя, наглядныя і праваахоўныя органы, але яны таксама вельмі і вельмі пасіўна сябе паводзяць. У гэтым годзе дэструктыўны працэс у гістарычным цэнтры Менску набірае такія абароты, якія на бачныя былі за ўсю папярэднюю гісторыю. Калі сапраўды вось гэты культурны пласт пад аховай вывозіцца машынамі без археалягічных дасьледаваньняў, зьнішчаюцца помнікі, як па Рэвалюцыйнай, 17. Парушэньні на вачах. Той жа Мінкульт гаворыць, што быццам бы яны дазволу на ўсё гэта не давалі. Дык вось і нагода разабрацца ў парушэньнях, прыцягвайце да адказнасьці!”

Антон Астаповіч выказвае спадзяваньне (хоць і слабое), што ліст чарговым разам ня будзе перададзены на “рэагаваньне” у Міністэрства культуры ці Менгарвыканкам. І згадвае сытуацыю, якая склалася вакол зруйнаванага будынку па вуліцы Рэвалюцыйнай, 17. Зварот таварыства ў Генэральную пракуратуру на незаконныя дзеяньні забудоўшчыка доўга блукаў па інстанцыях (пракуратура Менска, пракуратура Цэнтральнага раёна сталіцы, РУУС Цэнтральнага раёну), пакуль не здарылася лягічная разьвязка – справа была даручана ўчастковаму інспэктару міліцыі, які наўрад ці на што можа ўплываць ужо па сваім статусе.

Трывогу Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падзяляюць вядомыя гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы. Аўтарытэтны спэцыяліст у галіне захаваньня спадчыны гісторык Уладзімер Дзянісаў кажа, што ў часе радыкальных перабудоваў аўтэнтычных збудаваньняў рэстаўратары спасылаюцца на дрэнны стан аб’ектаў. Найчасьцей гэта гучыць з вуснаў якраз прадстаўнікоў Міністэрства культуры, якія такім чынам матывавалі фактычнае зьнішчэньне некалькіх дамоў на вуліцы Гандлёвай, дзе ўзводзяцца навабуды праваслаўнага духоўна-адукацыйнага цэнтру:

“Што тычыцца заяваў, што там была ў вельмі кепскім тэхнічным стане муроўка, то, відаць, гэта ўсё ж не адпавядае рэчаіснасьці. Да пачатку працаў аб’ект стаяў пад дахам, у яго захаваліся ўсе канструктыўныя элемэнты. Больш за тое, некалькі гадоў таму былі выкананыя працы на яго ўзмацненьне. Дарэчы, працы на гэтых помніках вядуцца з грубейшымі парушэньнямі як нашага нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародных нарматыўна-мэтадычных дакумэнтаў. Таму калі ў аб’екта разьбіраюцца амаль два паверхі дзеля таго, каб драўляныя перакрыцьці замяніць на жалезабэтонныя (толькі дзеля гэтага) і цалкам зьнішчыць унутраныя канструкцыі, каб зрабіць новую пляніровачную структуру, нейкімі працамі ўвогуле па рэстаўрацыі гэта назваць нельга”.

Найбольшыя матэрыяльныя страты ў Менску нясе Гандлёвая вуліца, плошча Свабоды (былыя дамы №19-21), стык Гарадзкога Валу з вуліцамі Інтэрнацыянальная і Рэвалюцыйная. А зьнішчэньне культурнага пласта для закладкі падземных камунікацый другой чаргі паркінгу на Нямізе, адзначае Антон Астаповіч у лісьце да Генпракурора Рыгора Васілевіча, праводзіцца нават не хаваючыся, “зь вялікім размахам”.

Крыніца: "Радыё Свабода"




Сёння 300-я гадавіна бітвы пад Лясной

10:24

9 кастрычніка (28 верасьня паводле старога стылю) 1708 г. пад вёскай Лясной (сёньня Слаўгарадзкі раён Магілёўскай вобласьці) адбылася адна з грандыёзных бітваў Паўночнай вайны.

Расейскае войска пад камандаваньнем Пятра І і Меншыкава ўшчэнт разграміла швэдзкі корпус, якім кіраваў Левэнгаўпт. Швэды страцілі забітымі і параненымі 9 тыс. чалавек (усяго корпус налічваў 16 тыс. чалавек), артылерыю і абоз.

Празь дзевяць месяцаў аддбылася Палтаўская бітва.

Да гэтай бітвы і швэдзкія і расейскія войскі ўдосталь пагаспадарылі на Беларусі, спаліўшы некалькі гарадоў і вёсак.

Так, у 1708 г. швэдзкі кароль Карл ХІІ зрабіў рэйд праз усю Беларусь ад Горадні праз Радашквоічы да Магілёва.

Рэччу Паспалітай у той час кіраваў Станіслаў Ляшчынскі, што падтрымаў швэдаў. Аўгуст ІІ у 1706 г. адмовіўся ад кароны.

Капліца пад Лясной
Капліца на месцы бітвы. Пабудавана ў 200-ыя ўгодкі бітвы

Крыніца: "Наша Ніва"




Уся інфармацыя аб музейных экспанатах Беларусі будзе сабраная ў дзяржаўным каталогу

08:32

Да 2010 года ўся інфармацыя аб музейных экспанатах Беларусі будзе сабраная ў дзяржаўным каталогу. Аб гэтым заявіў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш 8 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта дазволіць весці "цэнтралізаваны ўлік музейнага фонду". Для таго каб забяспечыць перадачу інфармацыі ад музеяў у дзяржаўны каталог, не пазней за трэці квартал 2009 года ўсе музеі плануецца падключыць да інтэрнета. Для гэтага неабходна набыць сучасныя камп'ютэры, якія могуць выконваць функцыі сервераў, стварыць унутрымузейныя лакальныя сеткі. Асабліва маюць патрэбу ў абнаўленні тэхнічнага фонду музеі Мінскай вобласці.

Як паведаміў В. Кураш, цяпер у 143 музеях сістэмы Міністэрства культуры налічваецца 2 млн. 800 тыс. музейных экспанатаў. Да 2010 года ў Беларусі будуць адкрытыя яшчэ 24 музеі і 80 экспазіцый, у 53 музеях намечана зрабіць рамонт. У найбліжэйшы час адкрыецца экспазіцыя паўночнай вежы Мірскага замка.

Намеснік міністра таксама адзначыў пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва музеяў за апошні час. Так, беларускія музеі рэалізуюць сумесныя выставачныя праекты з музеямі Расіі, Украіны, Польшчы. Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі адкрытыя выставы слуцкіх паясоў з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы і праваслаўных абразоў з фондаў Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага заказніка і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. У сярэднім за год у музеях краіны арганізуецца больш за 2 тыс. выстава.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»

Жыве Беларусь

Гістарычны каляндар:
7 студзеня 1897Нарадзіўся Язэп Адамовіч

Беларускі дзяржаўны дзеяч, прэм'ер-міністр (1924–1927)…

8 студзеня 1919Абвяшчэнне Менска сталіцай БССР

Менск (Мінск) — сталіца Беларусі, адміністрацыйны цэнтар Менскай вобласці і Менскага раёну. Горад зьяўляецца палітычным, эканамічным, сацыяльным, транспартным, культурным і навуковым цэнтрам рэспублікі.…

Увесь спіс падзей
Пошук па сайце: Эксклюзіў на сайце

Гісторыя - настаўніца жыцьця

Historia magistra vitae

(Марк Тулій)

Што ёсць гісторыя, як не байка, у якую дамовіліся паверыць

(Напалеон Банапарт)

Раім наведаць