Гістарычныя навіны

Планы рэстаўрацыі Лошыцкага сядзібнага дома да сённяшняга часу не вядомыя

14:59

Міністэрства культуры пераадрасавала ў Мінскі гарвыканкам адозву старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча ў сувязі з планамі рэстаўрацыі Лошыцкага сядзібнага дома - помніка архітэктуры эклектыкі канца XIX - пачатку XX стагоддзяў, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У лісце за подпісам намесніка міністра культуры Уладзіміра Грыдзюшкі, які паступіў А.Астаповічу 14 ліпеня, паведамляецца, што адозва накіравана ўладам сталіцы "для разгляду і адказу ў межах сваёй кампетэнцыі з улікам інфармацыі Міністэрства культуры па згаданым пытанні".

У інтэрв'ю БелаПАН А.Астаповіч назваў адказ Мінкульта "дзіўным". Паводле яго слоў, распрацоўкай планаў аднаўлення помнікаў архітэктуры займаюцца структуры Міністэрства культуры: упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, а таксама Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

"Пераадрасаванне нашай адозвы ў Мінгарвыканкам сведчыць пра тое, што Міністэрства культуры адмаўляецца выконваць свае непасрэдныя задачы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны", - падкрэсліў А.Астаповіч.

Ён нагадаў, што 13 чэрвеня звярнуўся ў Мінкульт у сувязі з намерам уладаў сталіцы правесці гэтак званую рэстаўрацыю сядзібы, якая будзе заключацца ў разбурэнні унікальнага помніка і ўзвядзеннні на яго месцы муляжу з газасілікатных блокаў.

У сваім лісце А.Астаповіч выказаў занепакоенасць запланаванымі работамі, якія прадугледжваюць разборку асноўных аўтэнтычных канструкцый помніка архітэктуры і замену іх новымі канструкцыямі з сучасных матэрыялаў, што з'яўляецца парушэннем закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" і агульнапрынятых міжнародных методык. Старшыня таварыства папрасіў даць тлумачэнні наконт перспектыў рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у Лошыцкім сядзібным доме і інфармацыю аб праекціроўшчыку, замоўцы, падраднай арганізацыі і наяўнасці дазволу Міністэрства культуры на правядзенне работ на аб'екце, які ўяўляе сабою гісторыка-культурную каштоўнасць

"Радыё Рацыя"




Буйныя археалагічныя знаходкі ў Косава

12:20

Расійскія манеты 20-40-х гадоў XIX стагоддзя (дзве сярэбраныя і сем медных) знайшлі студэнты Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С.Пушкіна ў час археалагічных раскопак у Косаўскім палацы (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Аб гэтым паведаміў выкладчык універсітэта, вядучы спецыяліст па археалогіі прадпрыемства "Брэстрэстаўрацыяпраект" Аляксандр Башкоў.

У Косаўскім палацы, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы, гэтым летам археалагічную практыку праходзяць дзве групы студэнтаў гістарычнага факультэта універсітэта імя А.С.Пушкіна. У ходзе археалагічных даследаванняў знойдзены фрагменты быту, інтэр'ера некалі унікальнага палаца, у іх ліку дэталі дарагіх сталовых сервізаў, каміннай кафлі. Дастаткова цікавыя выяўленыя ў ходзе раскопак манеты. Яны былі знойдзены пры абследаванні фундамента аднаго з флігеляў палаца. На думку спецыяліста, гэта так званы сакральны скарб, які па традыцыі замуроўваўся пры закладцы новага будынка.

Як паведаміў Аляксандр Башкоў, пасля завяршэння раскопак і навуковай апрацоўкі матэрыялу ўсе знаходкі будуць перададзены ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Хутчэй за ўсё, яны папоўняць экспазіцыю размешчанага каля Косаўскага палаца музея-сядзібы Т.Касцюшкі.

Косаўскі палац - унікальны ўзор неагатычнай архітэктуры і мастацтва ХIХ стагоддзя. Сваю гісторыю ён вядзе з 1838 года. Тады буйны прамысловец граф Пуслоўскі вырашыў пабудаваць палац па праекту французскага дойліда. Унікальны ў Еўропе палацава-замкавы комплекс уражваў хараством да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Арачныя вокны, паркавыя тэрасы, усяго тут было 132 пакоі і зала, кожны з іх меў сваё прызначэнне і аздабленне. Вежы ўзвялі па колькасці месяцаў у годзе. Палац быў пабудаваны так, каб кожны год сонца па два з палавінай дні асвятляла адзін пакой, а сістэма ўнутраных праходаў і вокнаў давалі промням магчымасць трапляць у кожны куток палаца. Але галоўнай адметнасцю быў парадны пакой са шкляной падлогай або акварыумам. Пад нагамі ў гасцей плавалі сотні экзатычных рыбак.

На жаль, усе каштоўнасці палаца, а таксама унікальны сад, які налічваў амаль 150 відаў раслін, з часам былі страчаны. Да нашых дзён захаваліся толькі вонкавыя сцены, якія працягваюць уражваць сваімі памерамі і экзотыкай дэкаратыўных элементаў.

Палац у Косава
Руіны косаўскага палацу

У 2008 годзе Косаўскі палацава-паркавы ансамбль зацверджаны ў якасці рэспубліканскага прыярытэтнага аб'екта на правядзенне рэстаўрацыі. Архітэктарам трэба будзе літаральна адрадзіць унікальны палац. Па плану тут будзе створаны гасцінічна-турыстычны комплекс. Першая чарга адноўленага палаца павінна быць здадзена да 2011 года. На 2008 год на правядзенне рэстаўрацыйных работ з рэспубліканскага бюджэту выдзелена Br400 млн., з мясцовага - Br250 млн.

"Радыё Рацыя"




Сёньня – угодкі Грунвальдскай бітвы

09:58

Значэньне Грунвальдзкай бітвы ў школьных гісторыях Беларусі пераацэньваецца.

Бітва пад Грунвальдам, рамантызаваная пісьменьнікамі і паэтамі, стала адным з цэнтральных сюжэтаў гістарычнай сьвядомасьці беларусаў, адной з тых нямногіх падзей, якімі са школкі вучаць ганарыцца. Мне ж як гісторыку ясна, што якую б фрустрацыю гэта ні выклікала, нам даўно пара адыходзіць ад прапагандысцкіх штампаў і павучыцца ставіцца да Грунвальду больш цьвяроза.

Каб пачаць пераацэнку Грунвальду, дастаткова зьвярнуць увагу на тое, якое сьціплае месца атрымала гэтая бітва ў беларуска-літоўскім летапісаньні. У самых даўніх зводах нашых летапісаў пра яе можна знайсьці літаральна некалькі радочкаў, або й ніякай згадкі, і толькі "Хроніка Быхаўца" зьмясьціла больш-менш разгорнутае апісаньне генэральнай сечы з арміяй Ордэну. Але, што істотна, аўтар хронікі ня зьвязваў з разгромам Ордэну нічога лёсавызначальнага для сваёй дзяржавы ці тым больш для славянства, а проста ўсхваляў ваяцкасьць сваіх суайчыньнікаў: маўляў, прускае войска разбілі, "гарады і землі пабралі", а рэшту - "выпалілі і выпленілі", пасьля чаго "зь вялікім гонарам… на ўвесь сьвет славу здабыўшы… да сваіх земляў даехалі".

Спачатку ў нашай гістарыяграфіі славутая перамога ацэньвалася таксама досыць стрымана. І ў нашаніўскіх публікацыях, і ў першых сынтэзах айчыннай гісторыі (Ластоўскага, Ігнатоўскага, Доўнара-Запольскага) ёй адводзілася сьціплае месца і не прыпісвалася ніякай лёсаноснасьці. Але пасьля другой сусьветнай вайны прэзэнтацыя Грунвальду і яго ацэнкі радыкальна зьмяніліся, і спрычыніліся да гэтага, зразумела, зусім не навуковыя фактары. Савецкія гісторыкі пісалі, што ад немцаў зыходзіла "адвечная сьмяротная небясьпека" для славян, і толькі перамога пад Грунвальдам спыніла іх векавую агрэсію, пра гераізм "рускіх палкоў" у гэтай сечы, і г. д. Акурат такі міт Грунвальдзкай бітвы добра знаёмы нам па падручніках, энцыкляпэдычных даведніках і папулярнай літаратуры савецкай эпохі. Але парадокс у тым, што ў Беларусі і пасьля распаду Савецкага Саюзу, калі гісторыкі ўрэшце разьняволіліся, тэндэнцыя гіпэрбалізацыі Грунвальду ня толькі не аслабла, а наадварот, стала ўмацоўвацца.

Сапраўды, у сучаснай навучальнай літаратуры Грунвальдзкая бітва заняла нябачанае раней месца, а ў яе апісаньні нязьменна сьцьвярджаецца так знаёмы па савецкіх часах набор тэзаў: ідэя сьмяротнай пагрозы з боку Ордэну ды абарончага характару вайны 1409-1411 гадоў, тэза пра эпахальнае значэньне бітвы, яе выратавальнасьць для славян і падобнае. Ня толькі ў падручніках, але і ў навуковых публікацыях у нас можна прачытаць пра пляны Ордэну стварыць "вялікую нямецкую дзяржаву" зь земляў Польшчы, Літвы і Беларусі, пра пастаянную пагрозу "духоўнага і фізычнага вынішчэньня" (або й "анямечваньня"!) літоўцаў і беларусаў, якая зыходзіла ад рыцарскай дзяржавы, ды іншыя неверагодныя байкі… Можна прачытаць нават пра "вялікую вайну" з Ордэнам як барацьбу "за выжываньне славянства"!

Цікава, што нічога падобнага не артыкулявала ані "Хроніка Быхаўца", ані які-колечы іншы помнік айчыннага гісторыяпісаньня. Міт адвечна варожых і агрэсіўных немцаў, запачаткаваны Длугашам, быў нашмат пазьней інкастэляваны ў масавай сьвядомасьці панславізмам як антытэза міту нямецкіх нацыяналістаў пра "нямецкую культурную місію" на Ўсходзе, а затым гіпэртрафаваўся ў выніку сусьветных войнаў. Але палітычная міталягізацыя Грунвальду - асобная праблема, а нас цікавіць цьвярозы гістарычны погляд на знакамітую падзею, балазе яна больш за сто гадоў дасьледуецца гісторыкамі, вынікі працы якіх мы ня можам ігнараваць.

Пачнём з плянаў Ордэну і характару вайны 1409-1411 г.

Па-першае, Ордэн і ў свае найлепшыя часы ня меў ніякіх плянаў стварэньня "вялікай дзяржавы" (тым болей зь земляў Беларусі), бо гэта пярэчыла б яго мэтам, ды было б і не пад сілу. Пагатоў пасьля Крэўскае уніі, калі ордэнская дзяржава незваротна слабела і паволі схілялася да саюзу з ВКЛ.

Па-другое, "Вялікая вайна", падобна да іншых войнам тых часоў, яшчэ ня мела этнічнага характару і не павінна выдавацца за славяна-нямецкае супрацьстаяньне. Не гаворачы пра склад арміі саюзьнікаў, трэба ўлічваць, што траціна жыхароў ва ўладаньнях Ордэну (як і яго арміі) была славянскай.

Па-трэцяе, той быццам "выратавальнай" для славян вайны магло б і ня быць, калі б да яе сьвядома не вялі справу Ягайла зь Вітаўтам. Вялікі магістар Ульрых Валенрод бачыў будучыню сваёй дзяржавы ў саюзе з Польшчай і ВКЛ (з ужо ахрышчанай Літвой), і нямала дзеля гэтага рабіў. Што праўда, ягоны наступнік Конрад Валенрод вызначаўся задзірыстасьцю, аднак і зь ім магчыма было залагодзіць справакаваны Вітаўтам канфлікт. Няўступлівасьць жа вялікага князя і польскага караля вынікала зь іх перакананасьці ў слабасьці Ордэну. Сапраўды, перад вайною адна Польшча ў некалькі разоў пераўзыходзіла ордэнскую дзяржаву па сваім дэмаграфічным патэнцыяле, а разам саюзьнікам проста не было чаго баяцца.

Бітва пад Дуброўнай

Цяпер колькі "некарысных" заўваг пра саму бітву і значэньне перамогі. Не забывайма, што колькасна армія Ордэну сама мала ўдвая саступала злучаным сілам Ягайлы і Вітаўта, так што зыход палявой бітвы быў практычна перадвырашаны. Што нямецкія рыцары складалі значна менш за палову харугваў вялікага магістра, а добрую траціну - палякі і прусы. І што перамога ў той славутай бітве, аплачаная вялікай крывёю, чыста па-рыцарску выглядала б лепш, калі б яна была здабытая не пры такой дыспрапорцыі сілаў, і не ў глыбіні Прусіі, і калі б Вітаўт не павёў у хрысьціянскую Эўропу татараў, і калі б пераможцы не займаліся брутальным рабункам, і да т. п., і г. д.

Але перамога ёсьць перамога, і, не гадаючы, зірнем на яе рэальныя вынікі. Вось жа, падпісваючы ў 1411 годзе мір з Ордэнам, пераможцы задаволіліся кантрыбуцыяй і вяртаньнем Жамойці, ды й то адно на час жыцьця Ягайлы й Вітаўта! А палякі й ня згадалі пра Гданьскае Памор’е, якое так і засталося за Ордэнам. Так што, па вялікім рахунку, нікога бітва не ратавала і нічыіх лёсаў не вызначала! Нават лёсу пакананага Ордэну: хоць разгром грунтоўна падарваў сілы і паскорыў яго канец, гістарычна ордэнская дзяржава была асуджаная задоўга да Грунвальду, і ня менш значным яе прысудам можна лічыць заключаную яшчэ ў 1385 г. Крэўскую унію.

Зразумела, гістарычныя міты - рэч натуральная, і нават карысная для разьвіцьця нацыі. Але ўсяму ёсьць разумная мяжа. І зьмена мітычнага ўспрыманьня немцаў як "адвечных ворагаў", а Грунвальдзкай бітвы - як "выратаваньня" ад фізычнага зьнішчэньня ці асыміляцыі беларусаў, на спакойнае і рацыянальнае стаўленьне да адной зь вялікіх падзей нашай ваеннай гісторыі, была б і разумнай, і больш годнай памяці нашых далёкіх прашчураў, што склалі галовы ў той векапомнай сечы.

Генадзь Сагановіч
Крыніца: "Наша Ніва"

Прапануем да дазенага матэрыялу…

Г. Сагановіч - Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі | Гісторыяграфія
Г. Сагановіч - Русіны пад Грунвальдам (Дуброўнай) у 1410 г | Гісторыяграфія
Г. Сагановіч - "Русь" у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII - пачатак XV ст.) | Гісторыяграфія




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»