Гістарычныя навіны

Рыхтуецца праца гісторыкаў на тэму вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі

15:43

Перспектыўным кірункам у правядзенні далейшых сумесных даследаванняў ваенных гісторыкаў Беларусі і Расіі вызначана тэма вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі.

Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута на сустрэчы ў Мінску 7-9 ліпеня прадстаўнікоў міністэрстваў абароны дзвюх краін. Новую расійска-беларускую ваенна-гістарычную працу па гэтай праблеме мяркуецца распрацаваць у 2009-2011 гадах.

Як паведаміла прэс-служба Мінабароны Беларусі, сустрэча была арганізавана ў адпаведнасці з Планам двухбаковага супрацоўніцтва паміж Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі на 2008 год. Кіраўнік расійскай дэлегацыі намеснік начальніка Інстытута ваеннай гісторыі Міністэрства абароны РФ па навуковай рабоце палкоўнік Іван Басік зазначыў, што двухбаковае супрацоўніцтва ў галіне ваеннай гісторыі развіваецца паступальна і прыносіць свае станоўчыя вынікі.

Так, нядаўна прынята рашэнне аб узнагароджанні прэміяй урада Расіі аўтарскага калектыву папярэдняй сумеснай ваенна-гістарычнай працы "На зямлі Беларусі. Пярэдадзень і пачатак вайны. Баявыя дзеянні савецкіх войскаў у пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны"

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Прапануем да дадзенага матэрыялу...

А. Лукашэвіч - Ваеннае становішча ў Беларусі ў 1812 г. | Гісторыяграфія




Выстава, прысвечаная 755-годдзю каранацыі вялікага князя Міндоўга распачалася ў Навагрудку

15:34

Міндоўг11 ліпеня ў Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку (Гродзенская вобласць) адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная 755-годдзю каранацыі вялікага князя Наваградскага Міндоўга на караля.

Як паведаміў мастак Мікола Купава, выстава 10 аўтараў арганізавана Беларускім саюзам мастакоў. У экспазіцыі - 20 твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Сярод іх - графічныя лісты народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча, лялька караля працы Людмілы Краснеўскай-Кашкурэвіч, бронзавы барэльеф Міндоўга скульптара Валяр'яна Янушкевіча, акварэлі з выявай Навагрудскай літоўскай харугвы М.Купавы, жывапісныя кампазіцыі Юрася Каралевіча "Рыцары Вялікага княства Літоўскага" і Аляксея Марачкіна "Зачараваная карона", графічныя выявы Навагрудскага, Лідскага і Клецкага замкаў працы Віктара Сташчанюка, а таксама гуашы юнай Рагнеды Купавы, прысвечаныя каранацыі Міндоўга.

Як зазначыў М.Купава, выстава з'яўляецца падарункам Беларускага саюза мастакоў першай сталіцы ВКЛ напярэдадні 755-годдзя каранацыі Міндоўга. Мастак нагадаў, што булой папы Інакенція IV ад 17 ліпеня 1251 года Міндоўг быў тытулаваны каралём, а яго дзяржава абвешчана каралеўствам. 6 ліпеня 1253 года ў Навагрудку біскуп Кульмскі Гейндрых урачыста каранаваў вялікага князя. Міндоўг пачаў аб'яднанне беларускіх (літоўскіх) зямель вакол Навагрудка і на тэрыторыі Беларусі заклаў асновы новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага.

На думку кандыдата філалагічных навук Алеся Жлуткі, каранацыя Міндоўга стала "вузлавым пунктам" еўрапейскай гісторыі Беларусі.

"З моманту стварэння каралеўства і абвяшчэння біскапату славянская Беларусь стала называцца Літвой і ператварылася ў сапраўдную еўрапейскую дзяржаву. Пры каранацыі Міндоўг даў прывілеі нямецкаму ордэну, а таксама права свабоднага гандлю нямецкім купцам і грамадзянам Рыгі. Разам з каралём больш за 600 баярскіх родаў прынялі хрысціянства і, такім чынам, перайшлі ў новае вымярэнне духоўнага жыцця. Новая дзяржава захоўвала сваё адзінства на працягу амаль 550 гадоў - аж да інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі", - сказаў вучоны.

Выстава будзе працаваць да 3 жніўня.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»