Завяршэньне атрымала адна з самых гучных справаў апошняга часу, зьвязаная з нацыянальным скарбам.
Са студзеня ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі будзе адкрытая выстава "З крынiц адвечнай прыгажосьцi". На ёй, сярод іншых унікальных рарытэтаў з фондаў музэю, будзе прадстаўлены славуты "Пас Вітаўта". Гэты шэдэўр ювэлірнага мастацтва з Крыма быў знойдзены ў пачатку 1990‑х пры раскопках ля вёскі Літва пад Маладзечнам.
Пас - падарунак хана Хаджы‑Гірэя вялікаму князю Вітаўту - датуецца ХIV ст. і складаецца з 11 срэбных, пазалачоных паясных бляхаў, адной срэбнай спражкі, аднаго срэбнага наканечніка ўсходнекрымскага паходжаньня.
Упершыню "пояс Вiтаўта" стаў ведамы навукоўцам у 1994 г. Яго з мэтай продажу прынёс у Нацыянальны музей гiсторыi i культуры жыхар Крупак, былы вайсковец ды калекцыянер з 20‑цігадовым стажам Антон Грыбаў. Цікава, што пас быў занесены у Дзяржаўны рэестар гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў вышэйшае катэгорыі і 11 гадоў знаходзіўся ў прыватных руках. Між іншым, у гэты час кіраўніком Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны быў Дзьмітры Бубноўскі.
У лiстападзе 2005 г. Аўкцыённы дом "Paragis" паведаміў сэнсацыю: на таргi выстаўляецца пояс Вялiкага князя Лiтоўскага Вiтаўта Вялiкага, стартавая цана - 80 тыс. у.а.
Высьвятленьнем лёсам паса заняўся прафэсар кафедры археалёгii гiстарычнага факультэта БДУ, славуты гісторык Валянцiн Рабцэвiч. Ён пачаў высьвятляць рэальнае паходжаньне гэтага ўнікальнага артэфакту й абставіны ягонае "прыватызацыі". Згодна з адказам спадара Абламскага, "камплект срэбранага пояса першай трэцi XV ст. знаходзiцца ва ўласнiка "Группа СТС" з выкананьнем усiх неабходных ўмоў захоўвання, прадугледжаных Законам Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка‑культурнiцкай спадчыны". Сп. Рабцэвіч высьветлiў, што скарб быў выпадкова знойдзены падчас работаў ля вёскi Лiтва Маладзечанскага раёна. Увесь ён быў парасьцяганы. Куды патрапілі іншыя рэчы, невядома.
Высьвятлілася, што А. Грыбаў ужо здаў рэліквію ў вытворчае прадпрыемства "Саюзтэхсэрвіс". На момант продажу рэлiквiя была ацэненая экспэртамi ў 80‑100 тыс. даляраў, а прыдбаў "Cаюзтэхсервіс" усяго за 5 тысячаў. Артыкул №70 Закона аб ахове гiсторыка‑культурнiцкай спадчыны забараняе "перадаваць (прадаваць, дарыць) матэрыяльныя каштоўнасьцi ва ўласнасьць цi карыстаньне замежным юрыдычным цi фiзiчным асобам". Але прадпрыемства "Саюзтэхсэрвіс" (пазьней "Група СТС", а сёньня ўжо проста "Группа"), што "купiла" нашую рэліквію - фiрма з цалкам расейскiм капiталам.
Пасьля быў суд. Унікальны срэбраны "Пас Вітаўта", ціха й незаўважна для грамадзтва, рашэньнем Вярхоўнага суда накіраваны ва ўласнасьць беларускай дзяржавы. Гэтак шэдэўр ювэлірнага мастацтва зноў мае заняць сваё пачэснае месца.
У студзеньскай экспазыцыі "З крынiц адвечнай прыгажосьцi" будуць таксама ўнікальныя манэты, рэчавыя скарбы, творы ювэлірнага й дэкаратыўна‑ужытковага мастацтва з фондаў нашага Нацыянальнага музэю гісторыі й культуры. Зараз у гэтай беларускай скарбніцы зьберагаецца звыш за 350 тысячаў экспонатаў. Выстава будзе трываць больш за год.
Каго і як пакаралі за ўвесь гэты карагод злачынстваў - застаецца пакуль невядомым. Як і тое, куды падзеліся іншыя рэчы зь "Літоўскага скарбу". Зрэшты, гэта ўжо іншая гісторыя… Хоць і вельмі тыповая для сёньняшняй Беларусі.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.