Па сьлядох другой сусьветнай

Ю. Весялкоўскі 20.11.2008

Сапраудны твар вайны

Гітлер прыйшоў да ўлады ў 1933 г. і адразу пачаў праводзіць у жыцьцё сваю праграму. Найперш трэба было разбудаваць і ўзброіць армію. I калі гэтае было зробленае, фюрэр пачаў прылучаць да Нямеччыны суседнія краіны, што забаранялася пастановай Вэрсальскага трактату 1919 г. Міжнародную супольнасьць (і нават Савецкі Саюз) асабліва непакоіла заняцьце немцамі ў 1938 г. Багеміі й Маравіі, на што Савецкі ўрад выслаў у Бэрлін ноту пратэсту. У такіх дзеяньнях немцаў была й віна брытанскага прэм'ера Чэмбэрлена, які пагадзіўся аддаць Нямеччыне чэскія Судэты, а Нямеччына заняла ўсю Чэхаславаччыну.

Выглядала на тое, што неўзабаве распачнецца вялікая вайна, і Савецкі ўрад павялічыў выдаткі на абарону з 23 да 41 млр. рублёў. Гэтыя мільярды мелі йсьці на такое ўзбраеньне Чырвонай Арміі, каб "фашыстоўская Нямеччына ня сьмела напасьці на нашую краіну" - так заявіў савецкі наркам фінансаў А. Зьвераў напрыканцы 1938 г. А яшчэ раней, 27 траўня таго самага году, газэта "Праўда" пісала, што "нашая Чырвоная Армія разаб'е кожнага ворага, незважаючы, скуль ён будзе йсьці". Гэта была перасьцярога Нямеччыне й Японіі.

Палітбюро ЦК стварыла міт пра магутнасьць Савецкага Саюзу й ягонай арміі. Аднак, калі-б гэтая "магутнасьць" была сапраўдная, ня трэба было-б гэтак часта паўтараць пра падрыхтаванасьць да вайны. Хаця небясьпека вайны для СССР была рэальная й непазьбежная, тут, на маю думку, больш гаварылася, чым рабілася, і сродкі, вылучаныя на ваенныя мэты, былі няўмела выкарыстаныя. Савецкі партапаратчык Н. Швэрнік казаў: "Таварышы! Таварыш Сталін вучыць нас, што найбольш небясьпечная справа ў сьвеце - неспадзявана стацца ахвярай". Сталін "вучыў", як ня стацца "неспадзяванай ахвярай", а сам ёю й стаўся.

Здача Чэмбэрленам Гітлеру Чэхаславаччыны выклікала незадавальненьне й сярод брытанцаў. Дзеля таго, каб выправіць сваю памылку, Чэмбэрлен гаварыў, што Брытанскі ўрад у выпадку нямецкай агрэсіі падтрымае Польшчу. На гэтым, нібыта, меўся быць пакладзены канец гітлероўскай экспансіі. Тымчасам паміж Брытаніяй, Францыяй і Савецкім Саюзам распачаліся перамовы наконт таго, каб стварыць супольную абарону супраць агрэсыўных намераў Гітлера. 23 ліпеня 1939 г. Молатаў запрасіў у Маскву брытанскую й францускую ваенныя місіі. Аднак у вадначасьсе Савецкі ўрад навязаў кантакт зь немцамі, так што хаця перамовы брытанцаў і французаў з рускімі й адбыліся, аднак яны наўмысна не былі завершаныя, бо Савецкі Саюз пайшоў на пагадненьне з Гітлерам.

У Маскву прыбыў Рыбэнтроп і 23 жніўня 1939 г. быў заключаны сумнавядомы пакт Рыбэнтропа-Молатава. 3 гэтае нагоды Сталін падняў келіх шампанскага й прамовіў тост за здароўе Гітлера. Савецкі народ быў зьдзіўлены заключэньнем пакту пра ўзаемадапамогу й ненападзеньне, бо-ж ад часу прыходу Гітлера да ўлады быў настроены па-антыфашыстоўску. Неўзабаве, 28 верасьня, быў падпісаны сакрэтны дагавор "Пра сяброўства й межы", які дзяліў Эўропу на сфэры ўплыву. (Заўважым, што й немцы былі зьдзіўленыя падпісаньнем сяброўскага пагадненьня паміж Нямеччынай і СССР, якога дагэтуль нямецкі ўрад уважаў за свайго палітычнага ды ідэалягічнага ворага. Раптам ворагі сталіся сябрамі. Штопраўды, прапаганда Гэбэльса гаварыла пра нямецка-савецкі пакт, як пра важную крыніцу пастаўкі сыравіны для нямецкае індустрыі).

31 жніўня Вярхоўны Савет ратыфікаваў пакт Молатава-Рыбэнтропа, і Молатаў, заявіў, што дзень 23 жніўня павінен быць прыняты за дату вялікага гістарычнага значэньня, паваротным пунктам у лесе Эўропы. А на незадаволенасьць падпісаньнем пакту брытанцаў і французаў дасьціпна заўважыў: "Калі гэтыя спадары маюць нястрымнае жаданьне ваяваць, дык няхай ваююць без Савецкага Саюзу". Камінтэрну было загадана спыніць атаку на фашызм ды скіраваць яе на брытанскі й францускі імпэрыялізм.

Пакт Рыбэнтропа - Молатава быў выгадны як для СССР, так і для Нямеччыны. Першаму ён даваў землі Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны ды вызваляў рукі ў дзеяньнях у Прыбалтацы й на Балканах. А Нямеччына забясьпечвалася савецкай сыравінай, мэталямі, палівам, харчамі й збожжам, - так што ёй цяпер не пагражала брытанская марская блякада.

5 траўня 1939 г., Гітлер заявіў сваім генэралам, што "за малым выключэньнем аб'яднаньне нямецкага народу адбылося. Далейшае паводжаньне ня можа быць асягнутае без праліцьця крыві. Польшча заўсёды будзе на баку нашых праціўнікаў... Данцыг (Гданьск) ня ёсьць мэта. Нашай мэтай ёсьць жыцьцёвая прастора на Ўсходзе зь ейным натуральным багацьцем... Мы павінныя атакаваць Польшчу пры першай-жа нагодзе". Месяц пазьней, 5 чэрвеня, Гітлер сказаў: "Сталін і я - адзіныя, хто бачаць будучыню. Цераз некалькі тыдняў я падам руку Сталіну на супольнай мяжы й падзялю разам зь ім сьвет..."

З гэтага відаць, якую злачынную ў адносінах да сваіх суседзяў палітыку вялі два дыктатары-імпэрыялісты - Гітлер і Сталін. Аднак хаця яны й былі саюзьнікамі й ставіліся адзін да аднаго з пашанаю, паміж імі была вялікая палітычная ды ідэалягічная розьніца.

У 1934 г. Гітлер заключыў з Польшчаю дамову, паводле якой Нямеччына абяцала не прымяняць ваенную сілу і ўсе спрэчныя пытаньні вырашаць мірным шляхам. Аднак неўзабаве пасьля таго Гітлер патлумачыў свайму супрацоўніку ў Данцыгу Герману Раўшынгу, што пагадненьне з Польшчай часовае, і пры гэтым дадаў: "Я зраблю пагадненьне з Савецкай Расеяй і падзялю Польшчу так, як мне захочацца й калі захочацца!" Так Гітлер і зрабіў.

Савецкі Саюз таксама меў заключаны мірны дагавор з Польшчай. Перад пачаткам вайны Варашылаў і савецкі амбасадар у Польшчы запэўнівалі палякаў, што Савецкі Саюз захавае нэўтралітэт у выпадку нападзеньня Нямеччыны й радзілі не капітуляваць перад Гітлерам, як тое зрабілі чэхі, ды абяцалі Польшчы матар'яльную дапамогу на выпадак вайны. Свайго абяцаньня Масква ня выканала. (Сталін, падобна Гітлеру, падпісваў мірныя дамовы, аднак не датрымоўваў іх. Так 13 красавіка 1941 г. быў падпісаны савецка-японскі пакт аб нэўтралітэце, але 8 жніўня 1945 г. СССР аб'явіў вайну Японіі).

1 верасьня 1939 г. нямецкая армія напала на Польшчу, а 17 верасьня Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. За месяц Польшча была падзеленая, і Сталін з Гітлерам адсьвяткавалі сваю перамогу вайсковым парадам у Берасьці.

Заходнія краіны хоць і нэгатыўна ставіліся да савецка-нямецкага супрацоўніцтва, да ўваходу Чырвонай Арміі ў Польшчу аднесьліся спакойна. Аднак вайна СССР зь Фінляндыяй ды захоп Бесарабіі, Паўночнай Букавіны і балтыйскіх краінаў разглядаліся імі як відавочная агрэсія.

***

Ад часу капітуляцыі летам 1940 г. Францыі, Брытанія змагалася супраць Нямеччыны сама адна. Як у той час, так і пасьля заканчэньня вайны, савецкая прапаганда прыніжала значэньне барацьбы брытанцаў. У савецкай прэсе пісалася, што баі былі ў паветры над Англіяй, аднак вялікіх сутыкненьняў паміж брытанцамі й немцамі не было. А ўсё гэта, маўляў, таму, што Гітлер ня мог адважыцца на нападзеньне на Брытанію, баючыся Чырвонай Арміі. Гэтаму супярэчыць той факт, што ў 1941 г. Гітлер Чырвонай Арміі не спалохаўся й загнаў яе пад самую Маскву.

А што было-б, калі-б Гітлер выйграў вайну з Брытаніяй? На гэта цяжка адказаць. Аднак, ведаючы намеры Гітлера, пра якія ён пісаў і казаў, Гітлер пайшоў-бы вайной на Савецкі Саюз. Дык хто-б тады дапамог СССР у вайне з Гітлерам?

На запросіны Рыбэнтропа, 12 лістапада 1940 г. Молатаў паехаў у Бэрлін. У камунікаце ад 14 лістапада гаварылася, што абмен думкамі наконт усіх важных пытаньняў, датычных СССР і Нямеччыны, адбыўся ў атмасфэры ўзаемнага даверу. У сапраўднасьці паездка Молатава ў Бэрлін засталася безвыніковай. Гітлер адмовіўся прыняць удзел у абедзе, каб прывітаць савецкую дэлегацыю. Тады ўжо Сталін узяў ініцыятыву. Ён хацеў, каб немцы пакінулі Фінляндыю, каб Савецкі Саюз разьмясьціў свае ваенныя базы ў турэцкім праліве й каб Іран быў прызнаны за сфэру ўплыву рускіх. I на гэтыя прапановы Сталіна Бэрлін не адказаў. Гітлер ужо ад Молатава ведаў, чаго хочацца Маскве, і ў той самы дзень, як Молатаў пакінуў Бэрлін, загадаў падрыхтавацца да канчатковай разьвязкі з Расеяй. 5 сьнежня ён паведаміў Генэральнаму штабу, што вясной нямецкая армія будзе цалкам узброеная, а 18 сьнежня напісаў дэрыктыву № 21 - "Плян Барбароса" - якая загадвала рыхтавацца да вайны з Савецкім Саюзам.

Тымчасам і Чырвоная Армія пачала рыхтавацца да вайны. Ейная філязофія палягала на стойкай абароне й масыўным контранаступленьні ў глыб тэрыторыі ворага. 7 лістапада 1940 г. з нагоды 23-яй гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыўся вялікі парад савецкай ваеннай сілы ў Маскве. Прапаганда й прэса гаварылі й пісалі, што капіталістычны сьвет вядзе дыструктыўную вайну, і толькі Савецкі Саюз захоўвае нэўтралітэт. Тадышні савецкі міністар абароны маршал Цімашэнка заявіў: "Чырвоная Армія гатовая на першы заклік партыі і ўраду даць зьнішчальны адпор кожнаму, хто адважыцца парушыць сьвяшчэнныя граніцы нашай сацыялістычнай радзімы!" Аднак неўзабаве пасьля таго, 23 лютага 1941 г. з нагоды Дня Чырвонай Арміі, ген. Г. Жукаў у газэце "Праўда" пісаў, што Чырвоная Армія праходзіць працэс трансфармацыі, які яшчэ ня ёсьць закончаны й можа заняць год часу на разнастайныя зьмены ды на рэканструкцыю ўсяе сыстэмы. I так было ў сапраўднасьці. Савецкая армія адставала ў тэхналёгіі, нават афіцэры ня ўмелі карыстацца радыёрацыямі.

22 чэрвеня 1941 г. Гітлер напаў на свайго "вернага саюзьніка". Аднак нельга сказаць, каб нямецкі народ быў задаволены вайной, распачатай супраць Савецкага Саюзу. Ужо на другі дзень вайны, 23 чэрвеня, Гэбэльс адзначыў у сваім дзёньніку: "Мы павінныя выйграць хутка. Настрой насельніцтва дэпрэсіўны... кожны новы тэатар вайсковых апэрацыяў выклікае заклапочанасьць і сумніў".

Пляны Гітлера, якія ён зрэалізоўваў на Ўсходзе, не былі ніякаю навінаю ці сакрэтам. Пра іх Гітлер пісаў у "Майн Кампф", пра гэта ён гаварыў. Так што кожны палітык знаў і чакаў на вайну. Чакаў на яе й Савецкі Саюз, бо нездарма ягоныя лідары так жвава выступалі ды ўсхвалялі магутнасьць Чырвонай Арміі, "гатовую даць зьнішчальны адпор кожнаму ворагу, скуль бы ён ня йшоў". 3 усяго гэтага атрымаўся пшык. Савецкай прапаганьдзе нічога не заставалася, як распачаць трубіць аб "вераломным нападзе" Гітлера, аднак яна ні словам не абмовілася пра вышэй згаданы ганебны пакт Рыбэнтропа - Молатава, згодна якога Чырвоная Армія акупавала Польшчу, Бесарабію, Букавіну ды напала ў 1939 г. на Фінляндыю. Не згадала й пра тое, як Молатаў выслаў віншаваньне Рыбэнтропу з нагоды "выдатнай перамогі" над нэўтральнымі краінамі: Нарвэгіяй, Бэльгіяй, Даніяй, Галяндыяй і Францыяй у 1940 г. Нічога не гаварылася й пра акупацыю ўлетку 1940 г. Літвы,

Латвіі й Эстоніі. Была гэта яўная агрэсіўная гмпэрыялістычная палітыка крамлёўскіх злачынцаў у змове з злачынцам Гітлерам.

Вось што пісала газэта "Праўда" 4 сакавіка 1941 г.: "Падзяляй нашых ворагаў, часова лічыся зь іхнымі дамаганьнямі, а пасьля зьнішчай іх, не даючы ім магчымасьці аб'яднацца". Выступаючы 5 траўня 1941 г. перад курсантам! Ваеннай Акадэміі на сустрэчы ў Крамлі, Сталін, як падае маршал Г. Жукаў, сказаў: "Таварышы, вы пакінулі армію 3-4 гады назад, а цяпер вернецеся ў ейныя рады й не пазнаеце арміі. Чырвоная Армія цяпер далёка ня тая, што была некалькі гадоў таму назад. Мы стварылі новую армію, узброілі яе сучаснай ваеннай тэхнікаю. Нашыя танкі, авіяцыя, артылерыя зьмянілі свой выгляд. Прыйшоўшы ў армію, вы ўбачыце шмат навінак" ("Воспоминания и размышления", Масква 1970, ст. 226). У той самай прамове Сталін сказаў пра нямецкую тэхналёгію, што яна адстае ад савецкай. А калі быў запрапанаваны тост за "мірную сталінскую замежную палітыку", Сталін павольна ўстаў і перапыніў яго, сказаўшы: "Мірная палітыка ёсьць справа добрая, але да часу. Абарончая палітыка праводзіцца датуль, пакуль армія ня будзе адпаведна ўзброеная. Аднак сёньня мы рэканструявалі нашую армію, асягнулі адпаведную тэхналёгію, зрабіліся моцнымі, і цяпер маем час рушыць з абароны ў наступ".

Выглядае на тое, што ўлетку 1941 г. Савецкі Саюз, сапраўды, быў амаль што падрыхтаваны да вядзеньне наступальнай вайны ў Эўропе. Пра гэта пісаў у сваіх успамінах ген. П. Грыгарэнка ў 1981 г. Гэта вынікала й з тых дамаганьняў, якія Молатаў высунуў перад Гітлерам пры ягоным наведаньні Бэрліну ў лістападзе 1940 г. I былы савецкі разьведчык Віктар Сувораў (псэўданім) падае, што з успамінаў савецкіх генэралаў, маршалаў і адміралаў ды іншых архіўных дакумантаў можна бачыць, што савецкім ваенным камандаваньнем быў распрацаваны плян "Гром", паводле якога б ліпеня 1941 г. Чырвоная Армія мела распачаць "вызваленьне" Заходняй Эўропы. Пра плян Сталіна "Гром" Гітлер, напэўна, ня ведаў, але агрэсыўныя намеры Сталіна былі відавочныя. Знаходзячыся ў стане вайны зь Вялікабрытаніяй, Гітлер не хацеў атрымаць удар у сьпіну, і таму першы напаў на Савецкі Саюз і гэтым пакрыжаваў пляны Сталіна. Такім чынам, каб Гітлер не напаў на Савецкі Саюз 22 чэрвеня, дык цераз 2 тыдні, 6 ліпеня 1941 г., Сталін напаў-бы на Нямеччыну. Як бачым, галоўнымі віноўнікамі вайны былі два дыктатары - Сталін і Гітлер.

Так гэта пачалася савецка-нямецкая вайна, і была яна найбольшая ў гісторыі войнаў. Больш за 3 млн. войска, 600 тыс. розных транспартных сродкаў, 750 тыс. коней, 3.580 танкаў і 2 500 нямецкіх самалётаў ды яшчэ 18 фінскіх, 16 румынскіх і 3 італьянскія дывізіі бралі ўдзел у наступе ўздоўж усёй нямецка-савецкай мяжы. Граніцу мелі абараняць больш 4,5 млн. жаўнераў Чырвонай Арміі. Толькі на тэрыторыі адной Беларусі разьмяшчалася 6 тыс. самалётаў, сярод якіх ад 1,3 да 1,5 тыс. былі апошнім словам савецкай авіятэхнікі. (Большасьць савецкіх самалётаў была зьнішчаная першым днём вайны на аэрадромах). Чырвоная Армія мела больш за 17 тыс. танкаў.

Як толькі нямецкая армія перайшла савецкую граніцу, а на Беларусь пасыпаліся нямецкія бомбы, сярод савецкіх урадоўцаў усчалася паніка. За тры дні да прыходу немцаў урад БССР пакінуў Менск і ўцёк на Ўсход. Паўцякала таксама й наехаўшая савецкая адміністрацыя, што кіравала Заходняй Беларусьсю. А чырвонаармейцы, каторыя не пасьпелі ўцячы на Ўсход, ці-то патрапілі ў палон, ці-то хаваліся ў лясох і балотах. Вайна для іх нібыта скончылася, а ў сапраўднасьці толькі пачыналася.

Савецкі Саюз і ягоная Чырвоная Армія былі падрыхтаваныя не да абарончай вайны, а да наступальнай, агрэсіўнай. Сталін ведаў, што Гітлер зьбіраецца напасьць на Савецкі Саюз, ведаў дакладны дзень і час нападу. Аднак нічога не было зроблена, каб спаткаць ворага на сваёй граніцы й каб было чым спаткаць. Савецкія каманьдзіры й жаўнеры на заходняй граніцы бачылі, як немцы рыхтуюцца да нападу й рапартавалі сваім начальнікам, а тыя - у Маскву. Але ім было забаронена рыхтавацца да абароны. "Празорлівы" Сталін ігнараваў перасьцярогі як сваіх, так і чужых. 14 чэрвеня 1941 г. была надрукаваная "Заява ТАСС", якая абнадзейвала насельніцтва, што вайны ня будзе. Сталін верыў у пакт Рыбэнтропа - Молатава й трымаўся думкі, што Гітлер датуль не нападзе на Савецкі Саюз, пакуль не паб'е Вялікабрытанію. Тут Сталін меў частковую рацыю. Яшчэ ў 1939 г. ён адкрыта выклаў прадстаўніку Лігі Нацыяў ход думак Гітлера: "Усё што я раблю, скіраванае супраць Расеі. Калі Захад настолькі дурны й сьляпы, каб не зразумець гэтага, дык я буду змушаны пайсьці на паразуменьне з рускімі, каб біць Захад. А пасьля ягонай паразы, павярну сваю моц супраць Савецкага Саюзу" ("Гітлер энд Назі Джэрманы". Кэмбрыдж Унівэрсытэт Прэс, 1999, ст. 90).

Захад-жа нічога дакладнага пра намеры Сталіна ня ведаў. Ведаў ён пра дыктатуру, судовыя працэсы, лягеры прымусовай працы, прымусовую калектывізацыю, індустрыялізацыю, якую праводзіў Сталін, чысткі сярод каманьдзіраў Чырвонай Арміі. Але пра самую Чырвоную Армію, ейную колькасьць, узбраеньне й баявую здольнасьць жаўнераў амаль нічога ня ведаў. Заходнія эксперты глядзелі на Савецкі Саюз крытычна й зь недаверам. Нямецкі ваенны аташэ ў Савецкім Саюзе ген. Кёстрынг хаця й быў народжаны ў Маскве й добра ведаў рускую мову, ня мог, як дыплямат, свабодна перамяшчацца па СССР, і таму мала ведаў, як разьвіваецца Чырвоная Армія. Зь ягоных рапартаў можна бачыць, што савецкая армія можа быць сур'ёзным праціўнікам у абароне, але ня здольная весьці вайну ў большым маштабе й стаіць значна ніжэй нямецкай арміі. Ёй, паводле Кёстрынга, неабходна добрых пару гадоў, каб асягнуць тую сілу, якую яна мела да "чысткі" Сталіна. Кёстрынг заўважаў, што добрымі саюзьнікамі Савецкага Саюзу ў вайне зьяўляюцца ягоныя кепскія дарогі, клімат, бязьмежныя прасторы. Інфармацыю пра СССР немцы зьбіралі ад сваіх дыпляматаў, агентаў, ад людзей, якія пераходзілі граніцу, і ад сваіх саюзьнікаў: Фінляндыі, Мадзяршчыны (Вэнгрыі), Румыніі й Японіі.

На Тэгеранскай канфэрэнцыі Сталін прызнаў, што Чырвоная Армія слаба была падрыхтаваная ў фінскай вайне 1939-40 гг. і што яе ня трэба было перад тым рэарганізоўваць. Аднак Чырвоная Армія аказалася няздольная спаткаць Вэрмахт і летам 1941 г., і яе трэба было "рэарганізоўваць" другога разу, бо як тады растлумачыць тыя паразы й страты, якія амаль што не прывялі Савецкі Саюз да капітуляцыі ў 1941 г.? I тут галоўным віноўнікам зьяўляецца Сталін, каторага савецкая прапаганда зрабіла вялікім геніем, і ягоныя чысткі "ворагаў народу й шпіёнаў". У 1937-38 гг. Сталін зьнішчыў 90 % здольных генэралаў, 80 % палкоўнікаў і 20-35 тыс. актыўных афіцэраў.

Адзіным саюзьнікам Савецкага Саюзу ў першых месяцох вайны была Брытанія. ЗША яшчэ не знаходзілася ў стане вайны, і Брытанія была адзінай краінай, у якой Сталін мог "дамагацца" ваеннай дапамогі й супрацоўніцтва. Але Брытанія сама вяла вайну зь немцамі й не магла цалкам задаволіць Савецкі Саюз ваеннай тэхнікай й харчамі. Рэальную дапамогу СССР маглі аказаць ЗША. Аднак і для Штатаў памагаць СССР было няблізка й нялёгка. Сьпярша англічане думалі, што Расея будзе пабітая. Таксама й пэрсанал амэрыканскай амбасады ў Маскве падзяліўся ў сваіх меркаваньнях. Ня ўсе верылі, што Чырвоная Армія справіцца на фроньце. Аднак Гары Гопкінс, каторы у якасьці прадстаўніка прэзыдэнта Рузвельта прыбыў у канцы ліпеня ў Маскву, прадбачыў, што калі рускія й ня выйграюць вайны, дык могуць весьці яе вельмі доўга. Гэтага было дастаткова, каб распачаць амэрыкана-савецкае й англа-савецкае супрацоўніцтва. З боку Сталіна пасыпаліся лісты да саюзьнікаў з запатрабаваньнямі ды зазначэньнямі, што бязь іхнае дапамогі Савецкі Саюз можа быць пабіты. Сталін таксама даў знаць Гопкінсу, што 75 % савецкай збройнай індустрыі разьмешчана ў раёнах Ленінграда, Масквы й Кіева й што яна знаходзіцца пад пагрозаю немцаў.

Безумоўна, Савецкі Саюз быў важным саюзьнікам Захаду супраць Гітлера, і таму Вялікабрытанія й ЗША аказвалі яму велізарную мілітарную ды гаспадарчую дапамогу. Не зважаючы на неспрыяльныя атмасфэрныя й ваенныя абставіны дастаўкі, Вялікабрытанія пасылала дапамогу ў Архангельск і Мурманск. 1.528 караблёў брала ўдзел у дастаўцы ваенных грузаў для Чырвонай Арміі. Канвоі везьлі 4 млн. тонаў, 300 тыс. зь якіх былі страчаныя разам з маракамі й караблямі, а ў іх ліку 5 тыс. танкаў і 7 тыс. самалётаў. Савецкая армія патрабавала ўсебаковай дапамогі, бо амаль уся савецкая ваенная тэхніка, што разьмяшчалася на тэрыторыі Заходняй Украіны й Заходняй Беларусі, разам з жаўнерамі дасталася немцам. Неабходна было з дапамогай Захаду нанава мадэрнізаваць і мэханізаваць армію.

Нямецкая армія, хаця й не была цалкам мэханізаваная й выкарыстоўвала ў транспарце коней, мела затое вышкаленых жаўнераў, афіцэраў і здольных генэралаў, чаго не ставала Чырвонай Арміі. Савецкія генэралы вучыліся ваяваць па-сучаснаму не навучэньнях, а ў ходзе вайны. А пакуль яны вучыліся, вайна каштавала краіне страты мільёна жаўнераў ды агромністай колькасьці тэхнікі й абшырных тэрыторыяў у першыя-ж месяцы баёў. Толькі за першыя два тыдні ад пачатку вайны з 170 савецкіх дывізіяў, што былі на Заходнім фроньце, 28 перастала йснаваць, а ў 70 дывізіях засталося толькі палова жаўнераў і вайсковага рыштунку. Камандуючы групы арміяў "Цэнтар" фэльд-маршал фон Бок пісаў 8 ліпеня, што баі за Беласток і Менск закончаныя. Чатыры рускія арміі разьбітыя. Страты ворага велізарныя. Узята ў палон 287.704 жаўнеры, некалькі каманьдзіраў дывізіяў і карпусоў, узята або зьнішчана 2.585 танкаў, 1.449 гарматаў і 242 самалёты. Да гэтага трэба дадаць вялікую колькасьць дробнай зброі, харчовыя запасы й паліва.

З аповедаўаў савецкіх палонных і рапартаў з фронту было бачна, што рускія нясуць вялікія страты на фроньце. Людзкія й матар'яльныя страты рускіх настроілі немцаў на тое, што Чырвоная Армія хутка сьцячэ крывёю й вайна будзе закончаная на іхную карысьць. Аднак рэчаіснасьць паказала нешта зусім іншае. Ужо ў першых двух месяцах кампаніі ген. Гальдэр адзначыў у сваім дзёньніку: "Мы недаацанілі Расеі; мы налічылі 200 дывізіяў, a ix аказалася 360". Дый нават Гітлер, будучы 4 жніўня ў Барысаве, сказаў фэльдмаршалу фон Боку: "Каб я ведаў што яны (рускія) маюць столькі танкаў, я-б два разы падумаў пра нападзеньне на ix".

Каб паўстрымаць ворага ў ягоным, хуткім наступе на Ўсход, савецкія ўлады пакідалі ў тыле дзеля дывэрсіі тысячы камсамольскіх і партыйных работнікаў. Большасьць зь іх пакідала свае атрады й разыходзілася, страціўшы, відаць, веру на перамогу. Так што ў першым годзе вайны мала што было чуваць пра партызанаў у Беларусь А ў Заходняй Беларусі пра іх ніхто нічога ня чуў празь першыя два гады вайны. Калі дзе яны й былі, дык сядзелі ціха й іх нельга было назваць партызанамі. Ніякай баявой дзейнасьці супраць немцаў яны не выяўлялі. Былі гэта пераважна савецкія функцыянэры ды жаўнеры, каторыя не пасьпелі ўцячы на Ўсход і хаваліся па лясох, ратуючы сваё жыцьцё. Сталіся яны марадзёрамі, валацугамі, што жылі за кошт сялянскай вёскі.

Пра адсутнасьць партызанаў у Беларусі ў першыя месяцы вайны піша фон Гэрвардз, які перад вайной працаваў у нямецкай амбасадзе ў Маскве, а ў вайну служыў у нямецкай арміі афіцэрам: "Нямецкае войска у першыя дні вайны было паведамленае пра магчымую дзейнасыдь партызанаў. Але напрацягу першых месяцаў кампаніі мы ня мелі ніякіх сутыкненьняў з партызанамі" ("Эгэйнст ту Дэвілс", ст. 200). Далей аўтар піша, што дзе-б яны ня йшлі, паўсюль іх гасьцінна вітала мяйсцовае насельніцтва сваім трады-цыйным славянскім звычаем - хлебам і сольлю. "Бедныя сялянскія вёскі, - піша Гэрвардз, - частавалі нас агуркамі, кіслым малаком і хлебам. Народ верыў у нямецкую справядлівасьць".

Што да байцоў Чырвонай Арміі, якія патрапілі ў палон, дык паводле праекта А. Розэнбэрга, шэфа Міністэрства акупаваных усходніх тэрыторыяў (Остміністэрыюм - далей: ОМі), палонныя беларусы і ўкраінцы мелі быць звольненыя з палону. I так было, што першых савецкіх ваеннапалонных немцы адпушчалі дамоў, калі дом іх знаходзіўся на ўжо акупаванай немцамі тэрыторыі. У лягеры ваеннапалонных прыходзілі маткі й жонкі шукаць сваіх сыноў і мужоў й калі знаходзілі, немцы з адпаведнай пасьведкай адпушчалі іх.

Аднак Гітлер плянаваў зьнішчыць на Ўсходзе як мага больш славянаў, каб падрыхтаваць абшары для будучай нямецкай калянізацыі. I зьнішчэньнем славянаў займаліся некаторыя нямецкія каманьдзіры, але далёка ня ўсе. Як падае беларускі пісьменьнік Янка Брыль: "Прыгналі вялікую групу палонных. Палкоўнік, немец, гаворыць обэр-лейтэнанту: "Вазьміце роту салдатаў, там, за горадам, ёсьць вялікі яр - ліквідуйце гэтую банду". "Гэр обэрст, - гаворыць той, - я страляю толькі ў баі, а гэта безабаронныя людзі". "Дык што, растраляць Вас разам зь імі?" "Усё, што я меў, я сказаў". I чалавека расстралялі" ("Полымя" №10, 1993, ст. 21). Маем і такі прыклад, які падае Марцін Гілбэрт: "Тры дні пасьля экзэкуцыі ў Марыянпольлі 18 ліпеня група з 45 жыдоў была змушаная капаць яму. Пасьля іх зьвязалі разам вяроўкамі і укінулі ў яму. СС загадала 30 беларусам засыпаць зямлёю жывых людзей. Беларусы адмовіліся. Тады ўсе 75 былі забітыя" ("Сэконд Ворльд Вор" Лёндан, 1989, ст. 213).

Дырэктыва ад 13 траўня 1941 г. дазваляла нямецкаму жаўнеру страляць цывільных, калі яны рабілі злачынствы супраць іх. Афіцэрам дазвалялася на мейсцы ўстанаўліваць віноўнасьць ня толькі асобных людзей, але й цэлых вёсак, што дапамагалі партызанам. I калі людзі аказваліся вінаватыя, іх чакала сьмерць, а вёску - папялішчы. Таксама й дэрэктыва "Загад аб камісарах", выдадзеная Гітлерам 6 чэрвеня 1941 г., забавязваў жаўнераў страляць захопленых у палон камісараў Чырвонай Арміі. За свае злачынствы супраць цывільнага насельніцтва й палонных нямецкія жаўнеры ня несьлі ніякае адказнасьці, і хоць такая дзейнасьць немцаў пярэчыла міжнароднаму праву - загады фюрэра трэба было выконваць без камэнтарыяў.

Згодна нямецкіх дадзеных ад 1 траўня 1944 г., зь лягероў уцякло 67 тыс. савецкіх ваеннапалонных. З савецкіх-жа архіваў дазнаемся, што чырвонаармейцаў, якім удалося ўцячы з акружэньня або зь лягеру, расстрэльвалі як "здраднікаў" партызаны, бо-ж Сталін заявіў, што ў яго палонных няма, і загадаў Бэрыю арганізаваць спэцыяльныя аддзелы НКУС для чысткі неадпаведных элемэнтаў у радох арміі й для правядзеньня строгага сьледзтва над усімі жаўнерамі, што ўцякалі зь нямецкага акружэньня або палону. Гэта прывяло да таго, што беглыя ваеннапалонныя стваралі свае вайсковыя фармаваньні, каб ваяваць супраць гэтай жорсткай палітыкі Сталіна й ягоных партызанаў.

Напрыканцы 1941 г., калі немцы цешыліся сваімі дасягненьнямі й перамогамі на ўсходнім фроньце, Сталін у часе другога спатканьня з Гары Гопкінсам у Крамлі 31 ліпеня сказаў, што найслабшым мейсцам Гітлера ёсьць ягоны перасьлед людзей, і праз гэта шмат хто адмоўна ставіцца да яго. А таму мільёны людзей зь яшчэ неакупаваных гітлероўцамі тэрыторыяў і краінаў спадзяюцца ў барацьбе з Гітлерам на маральную й матар'яльную падтрымку Злучаных Штатаў.

Пасьля вайны нямецкія генэралы на чале з былым шэфам штабу ген. Гальдэрам даказвалі, што яны ня мелі нічога супольнага зь "ідэалягічнымі" дэрэктывамі пляну "Барбароса", якія выдаваў Гітлер і якія безьпярэчна падтрымоўваў Кэйтэль. Псторыкі ў сваёй бальшыні пагадзіліся з гэтай вэрсіяй нямецкіх генэралаў, бо на гэта маюцца шматлікія доказы.

Памылкай Гітлера, каторы меў наўмэце хуткую перамогу нямецкай арміі на Ўсходзе, было тое, што ён ігнараваў супрацоўніцтва з славянскім насельніцтвам, якое уважаў за "унтэрмэлшаў". Зброю маглі насіць толькі немцы. I толькі калі "бліцкрыг" на Ўсходзе ня ўдаўся, Гітлер згадзіўся на арганізацыю вайсковых фармаваньняў з прадстаўнікоў савецкіх народаў. Іхным заданьнем была ахова маёмасьці й барацьба з савецкімі партызанамі.

Немцы скідвалі з самалётаў мільёны ўлётак за лініяй фронту, намаўляючы чырвонаармейцаў да дэзэртырства. Аднак у гэтых у лётках, фактычна, былі пустыя абяцанкі. Толькі пасьля паразы пад Сталінградам, у красавіку 43-га, немцы пачалі трактаваць дэзэртыраў лепш, як палонных. Ды гэта ўжо не паправіла становішча на фроньце. Зло было зробленае, і насельніцтва акупаваных тэрыторыяў ведала пра яго. Шэф ОМі А. Розэнбэрг пратэставаў у лютым 1942 г. фэльдмаршалу Кэйтэлю супраць неадпаведнага трактаваньня палонных і называў такую палітыку немцаў самазабойствам: "Лес савецкіх ваеннапалонных ёсьць трагедыя... З 3,6 млн. савецкіх палонных толькі некалькі сотняў тысячаў засталіся здольнымі для работы, астатнія памерлі з голаду". Пра становішча савецкіх палонных пісаў у кастрычніку 1942 г. кіраўнік палітычнага аддзелу ОМі Ота Браўтыгам: "...ня ёсьць сакрэт, што сотні тысячаў палонных літаральна паміраюць з голаду й холаду ў нашых лягерох. Гаворка пра тое, што для іх няма правіянту пад рукой. Дзіўна выглядае, што ежы не стае толькі савецкім ваеннапалонным, тады як няма нараканьняў на ўтрымліваньне іншых палонных: палякаў, сэрбаў, французаў, англічанаў. Такая нашая дзейнасьць узмацняе супраціў жаўнераў Чырвонай Арміі, бо яны ведаюць, што ў нямецкім палоне іх чакае павольная й пакутная сьмерць". А нямецкі маёр С. Кнапэ, каторы сам патрапіў у палон да рускіх, пісаў пасьля вайны пра савецкіх ваеннапалонных так: "За імі не было належнага дагляду й таму шмат іх памірала з голаду. Ім давалі нешта з калгасаў і мяса забітых у баі коней. Але гэтага не ставала. Была прыкрая сытуацыя, але гэта не азначае, што пра палонных ня думалі зусім - было немагчыма пракарміць такую колькасьць палонных і яшчэ свае войска" ("Солдат". Англія, 1993, ст. 185). На ст. 193 сваіх мэмуараў маёр Кнапэ ўзгадвае пра такі выпадак: "На першай лініі фронту ў часе нашага наступу рускія паднялі рукі й здаліся. Мы іх накінулі ў тыле, а самі пайшлі наперад. Гэтыя палонныя ўзялі ў рукі зброю й пачалі нам страляць у плечы. Адных забілі, іншых ранілі. Пасьля гэтага мы ўжо ня бралі ў палон нікога, а расстрэльвалі. Hi я, ні іншыя афіцэры не былі супраць". А яшчэ адзін немец у сваіх ваенных успамінах згадвае, як немцы на вачох у насельніцтва Воршы забівалі найбольш зьнясіленых ваеннапалонных. Такія паводзіны выклікалі ў гараджанаў горыч і нянавісьць.

Справа савецкіх ваеннапалонных выглядала крытычна. Для іх не было вялікага выбару, куды йсьці й з кім супрацоўнічаць. А тых палонных, якім удавалася знайсьці нейкую работу ў мяйсцовай адміністрацыі й якія не пайшлі ў партызаны, пасьля вайны чакаў няпэўны лес. Так тыя палонныя, што, ратуючы сябе ад, галоднай сьмерці ў нямецкіх лягерох, пайшлі ў армію Ўласава, дорага заплацілі пасьля вайны. Аднак пра лёс і ўшанаваньне памяці гэтых палонных жаўнераў савецкая ўлада не цікавілася й нельга сказаць, каб імі цікавілася й цяперашняе кіраўніцтва Расеі. Згодна загаду Сталіна, жаўнер павінны быў ваяваць, пакуль ня будзе забіты. А калі ён трапляў у палон, дык рабіўся здраднікам, а здрадніка чакала суворая кара. Як падае Рычард Овэры ў "Рашынс Вор" ("Руская вайна" ст. 160), за час вайны 442 тыс. савецкіх жаўнераў было адпраўлена ў штрафныя батальёны, 436 тыс. асуджана й 158 тыс. прыгаворана да расстрэлу. А колькі жаўнераў папоўніла рады самагубцаў і загінула ў штрафных батальёнах, ніколі ня будзе вядома.

Нельга сказаць, каб і рускія адносіліся лагодна да нямецкіх палонных. Як піша Дэвід Кесарыні, нямецкія палонныя жылі зімою ў самых прымітыўных умовах. Ня мелі даху над галавою, ежы, вопраткі, праводзілі тыдні й месяцы ў балоце, на сьцягу, і зносілі хваробы. Але; дзеля прапаганды, рускія заснавалі ў Маскве Нямецкі камітэт на чале з фэльдмаршалам Паўлюсам, заснавалі антыфашыстоўскую групу афіцэраў, школу для палонных немцаў, выдавалі нямецкую газэту. Масква рыхтавала немцаў для свае акупацыі Нямеччыны, а Саюз нямецкіх афіцэраў зьвяртаўся з заклікам да адступаючых немцаў, каб яны дзеля ўратаваньня Нямеччыны ад татальнага зьнішчэньня здаваліся ў палон Чырвонай Арміі.

I савецкія самалёты скідвалі ноччу свае ўлёткі на акупаваную немцамі тэрыторыю. Ва ўлётках пісалася, што жыцьцё пад Саветамі пасьля вайны будзе іншае, што змаганьне супраць фашызму ёсьць змаганьне за жыцьцё й свабоду. Аднак нешта іншае не абяцалася. Партызанскія атрады, каторыя сьпярша насілі ймёны царскіх палкаводцаў, такіх як Кутазаў ці Сувораў, зімою былі перайменаваныя ў атрады ймя Сталіна, Варашылава ды іншых камуністых.

Узятых у палон савецкіх афіцэраў і штабоўцаў немцы дапытвалі, хочачы даведацца ня толькі пра ваенныя справы, але й пра штодзённае жыцьцё, стаўленьне насельніцтва да існуючай у краі сыстэмы й да немцаў. Сярод палонных савецкіх каманьдзіраў не было такіх, хто сьлепа хацеў ісьці на службу да немцаў. Амаль усе яны выказвалі згоду на супрацоўніцтва зь немцамі, але пры ўмове, што Савецкі Саюз будзе краінай вольнай, незалежнай, дэмакратычнай і без сталіноўскай дыктатуры. Такія ўмовы палонных не адпавядалі гітлероўскай сыстэме кіраваньня, якая таксама была дыктатарская.

Штопраўды, сярод штабовых нямецкіх афіцэраў, за плячыма Гітлера, нешта ўсё-ж рабілася ў кірунку ейнай дэмакратызацыі. Так аднаго году немцы дазволілі людзям узяць савецкіх палонных на ўтрыманьне, і шмат іх разыйшлося па сялянскіх хатах, дзе яны дапамагалі ў гаспадарцы. Але й тут яны не зазналі спакою. Як падае доктар тэхнічных навукаў Я. Шыраеў: "Партызаны вышуквалі гэтых ваеннапалонных і змушалі йсьці ў лес ці падпольна працаваць у немцаў для збору разьведдадзеных, аказваючы дапамогу партызанам у правядзеньні дывэрсійных апэрацыяў. Хто адмаўляўся - расстрэльвалі. Так быў расстраляны былы ваеннапалонны, які жыў у суседняй невялікай вёсцы Ўстроньне ў селяніна па прозьвішчу Леган. Мае бацькі таксама прытулілі ваеннапалоннага, Аляксея Калініна (па нацыянальнасьці рускага), які ўцёк з канцлягеру. Уладам ён быў прадстаўлены як сваяк. Павінен заўважыць, што з боку сялянаў такі крок быў спалучаны зь вялікай рызыкай. Па ўказаньні партызанаў Аляксей працаваў на чыгуначнай станцыі Маладэчна" ("Лім" № 14, 3 сакавіка 1992 г.). Калі немцы даведаліся, што палонных ад сялянаў забіраюць партызаны, дык яны пачалі рабіць захады, каб забраць іх пад свой нагляд. Палонныя, знаючы, што іх чакае ў нямецкім палоне, самі пачалі йсьці ў лес да партызанаў.

Партызанская дзейнасьць не была вырашальнаю сілаю ў вайне. Партызаны былі дапаможнымі дзейнікамі для арміі на фроньце. Апрача рознага кшталту сабатажу, дывэрсіяў і злачынстваў над мірным насельніцтвам, партызаны зьвязвалі пэўную частку нямецкай арміі, якая магла быць выкарыстаная на фроньце. Як для каго, а для мірнага жыхарства партызаны былі вялікім няшчасьцем, трагедыяй.

Немцы, што былі на Ўсходзе, здавалі сабе справу, што барацьба супраць партызанаў ня можа даць задавальняючага выніку, калі жорсткія меры будуць прымацца ня толькі ў дачыненьні да партызанаў, але й да тых, хто зь імі зьвязаны. Прадстаўнік разьведкі Галоўнага камандаваньня на Ўсходзе палкоўнік Рэйнгард Глэген у сваім сьнежаньскім мэмарыяле пісаў: "Калі насельніцтва адкіне партызанаў і ня будзе аказваць ім падтрымкі ў змаганьні, праблема партызанаў перастане йснаваць". А прадстаўнік групы арміяў "Цэнтар" у траўні 1943 г. сказаў яшчэ больш выразна: "Павінна быць зразуметае, што цалкавітае зьнішчэньне партызанаў магчымае толькі пры дапамозе самых рускіх. Калі мы здолеем здабыць сымпатыі рускага насельніцтва... тады з партызанамі можна будзе пакончыць у хуткім часе".

Аднак выдадзеная ў Бэрліне дырэктыва барацьбы супраць партызанаў на Усходзе пярэчыла лягічным мэтам разьвязаныя партызанскага пытаньня. У дырэктыве строга ўказвалася: "Захопленых партызанаў і іхных цывільных памагатых расстрэльваць або лепш вешаць". I так рабілі некаторыя немцы.

Тымчасам камуністычная прапаганда дзейнічала рашуча й часта паўтарала: "Як я змагаўся з фашыстамі?", "Як я бараніў родную зямлю?", "Дзе я быў, калі ўвесь савецкі народ гераічна ваяваў супраць ворага?" Таго, хто сам не пайшоў на службу да савецкай улады, змушалі да гэтага парты заны, і даводзілася йсьці, каб пасьля, як прыйдзе Чырвоная Армія, ня мець прыкрасьцяў. Аднак і гэта ня ўсіх ратавала. Калі не адразу па прыходзе савецкіх войскаў, дык пару гадоў пазьней, шмат каго, нават і самых партызанаў, арыштоўвалі й судзілі за калябарацыю з ворагам. Віна іхная была ў тым, што яны ў партызаны прыйшлі пазнавата, каб схавацца ў лесе ды ўратаваць свае жыцьцё.

Умовы, у якіх знаходзіліся партызаны, не дазвалялі ім трымаць палонных. Калі да іх траплялі ўзятыя ў нямецкую армію жаўнеры-чужынцы, такія, як чэхі, бэльгійцы ды іншыя, дык партызаны іх адпускалі пад умовай, што яны будуць гаварыць праўду аб партызанах. Узятых-жа ў палон немцаў пасьля допытаў і атрыманьня неабходнай інфармацыі расстрэльвалі. Толькі найбольш важных перапраўлялі самалётамі ў Маекву. А што да беларусаў-вайскоўцаў, калі яны здаваліся партызанам са зброяй у руках і ня мелі за сабой "віны", дык іх прыймалі ў свае атрады. Тых-жа беларусаў, асабліва, хто служыў у паліцыі, чакала сьмерць.

Як савецкія партызаны, заданьнем якіх было "Забі немца!", адносіліся да немцаў, так немцы ставіліся да партызанаў. Было, як у той прымаўцы: "Вока за вока, зуб за зуб!".

З пункту гледжаньня маральных нормаў Жэнеўскай Канвэнцыі, і саюзьнікі, што перамаглі ў вайне, на сваіх акупацыйных зонах у Нямеччыне злачынна адносіліся да безабароннага цывільнага насельніцтва. Як піша Джэмс Бакю: "Ніхто нідзе не адзначыў факт, што ад 5 да б мільёнаў нямецкага насельніцтва прапала безь ніякага тлумачэньня. Ніводны брытанскі, францускі, рускі, амэрыканскі, канадыйскі ці нямецкі гісторык не згадалі пра гэта. Мільёны людзей паміралі пад кіраўніцтвам аліянтаў, і ніхто не зьвярнуў на іх увагу" ("Краймс энд мэрсіс", ст. 179). Што-праўды, ангельскія газэты ў 1946 г. пісалі, як паміраюць з голаду немцы ў дамох і на вуліцах. Падавалі статыстыку іх сьмерцяў і пісалі пра тую колькасьць калёрыяў, якую яны атрымоўвалі штодня. Дзякуючы гэтым калёрыям чалавек мог жыць толькі лежачы ў ложку.

Калі ген. Макартура зрабілі ваенным губэрнатарам Японіі, дык ён, каб прадухіліць галодную сьмерць японцаў, даў Вашынгтону знаць: "Дайце мне хлеб або кулі!" Яму далі хлеб. А ў вайну японцы не былі лепшыя за немцаў.

Аліянты ня мелі пашаны нават да тых немцаў, каторыя выступалі супраць Гітлера й сядзелі ў канцэнтрацыйных лягерох. Ген. Аўзэнгаўер у траўні 1945 г. на словах абяцаў паводзіцца згодна Жэнеўскай Канвэнцыі, а нелегальна забараніў немцам даваць ежу палонным супляменьнікам, якія паміралі галоднай сьмерцю ў амэрыканскіх лягерох. Ён нават запалохваў людзей карай сьмерці, калі хто зь іх будзе карміць палонных. Як піша Лідэл Гарт ва уступе да сваёй кнігі "Ды адзэр сайд оф ды Гіл" ("Другі бок гары". Лёндан, 1990), пасьля вайны ён наведаў Францыю, Бэльгію, Галяндыю, і стойкія антыфашысты казалі яму, што агульнае захаваньне нямецкай акупацыйнай арміі, за выняткам СС, было лепшае, чым арміі аліянтаў, каторая прыйшла вызваліць іх. Аўтар таксама згадвае, што ён меў спатканьні зь некаторымі аліянцкімі генэраламі, каторыя прыватна асуджалі "варварскія" ўчынкі свае арміі.

Адзін ангельскі палітык пісаў, што ніхто не цікавіцца будучыняй немцаў. Амэрыканцы абыякавыя, французы скептыкі, а рускія - жорсткія. Фэльдмаршал Мантгомэры ня быў варожа настаўлены супраць немцаў і прапанаваў, каб як найхутчэй пракласьці немцам дарогу да дэмакратыі. А брытанскі ген. Б. Горакс арганізаваў для нямецкіх дзяцей сустрэчу пры шклянцы гарбаты, на якой сказаў: "Калі мы хочам прынесьці немцам дэмакратыю, дык мы павінныя пачынаць зь дзяцей".

Ня трэба забывацца, што пасьля вайны камунізм даволі шпарка пашыраўся ў Заходняй Эўропе, асабліва ў Францыі, Італіі й Грэцыі. У зьвязку з гэтым брытанскі ген. Патрык Дзін, каторы ў той час займаўся палітыкай Нямеччыны, 1 лютага 1949 г. пісаў, што паміж У сходам і Захадам трэба накінуць жалезную заслону, а ў гэтым часе падняць жыцьцёвы ўзровень насельніцтва Заходняй Нямеччыны. I калі гэтае будзе зробленае, дык Заходняя Нямеччына не далучыцца да камуністычнай Усходняй Нямеччыны, а станецца адваротна. Заходняй Нямеччыне была аказаная дапамога, яна стала на здаровыя ногі й сталася так, як пісаў Патрык Дзін. А ня так даўно і Ўсходняя Нямеччына далучылася да дэмакратычнай Заходняй Нямеччыны.

Такі твар кожнай вайны, якая прыносіць для многіх народаў шмат бяды, няшчасыдя, горкіх сьлёзаў і людзкіх ахвяраў.

Каментары чытачоў
Цiтавец напiсаў(ла) 02.06.2010 13:10
Пра паразу Чырвонай армii у чэрвенi 1941 года у Беларусi i iншыя цiкавыя падрабязнасцi можна прачытаць у пратаколе допыта генерала Дзмiтрыя Паулава -http://www.battlefield.ru/ru/documents/83-common/336-pavlov-interrogation.html
Стас напiсаў(ла) 07.06.2010 11:03
Самые правдивые слова про сталинскую Россию накануне Второй мировой войны были высказаны графом Чиано, зятем Муссолини: "БОЛЬШЕВИЗМ УМЕР В РОССИИ И ЕГО ЗАМЕНИЛ СВОЕГО РОДА СЛАВЯНСКИЙ ФАШИЗМ".
Уладзiмiр напiсаў(ла) 24.07.2010 17:14
Вось гэта саветы прагадалi падчас заключэння пакту Молатава-Рыбентропа. Вiленшчыну дадумалiся аддаць летувiсам. А калi фашысты напалi на CCCР, летувiская нацыянальная дывiзiя проста паразбягалася. Чырвоная Армiя атрымала з боку Вiльнi такi моцны флангавы удар, што толькi на рацэ Бярэзiне ледзьве здолелi затрымаць ворага.
Борман напiсаў(ла) 17.08.2010 15:33
Из мемуаров Н. Белова "Я был адъютаентом Гитлера" (ноябрь 1937г.) рассказывается про извечные 2 проблемы России - дураков и дороги. "...Мне показалось, фюрер гораздо больше интересуется тем, что я могу рассказать ему о России. Со времени моего пребывания там прошло восемь лет. С тех пор наверняка и в России тоже произошло многое. Но одно представилось мне достойным упоминания: мы были удивлены сноровкой русских механиков, работавших в мастерских и обслуживавших наши самолеты. На вопрос, что думаю я об этой стране и ее людях, я обрисовал Гитлеру две вещи, которые тогда произвели на меня большое впечатление. Поблизости от Липецка находилась лишь частично огороженная местность для учебного бомбометания, куда почти не допускались жители окрестных деревень. Они пытались пасти там свой скот. Однажды сдетонировала неразорвавшаяся бомба, убившая несколько детей, а также лошадей. Русские предъявили счет на возмещение стоимости лошадей, а о детях никто и слова не промолвил. Людей хватает! Лошади ценились куда выше. Затем я рассказал Гитлеру о раскисавших после дождя дорогах. Летом из-за ливней они становились непроезжими для автомашин. На нашей тогдашней учебной территории, где не все улицы были заасфальтированы, всякое движение транспорта прекращалось. К счастью, летом дороги быстро просыхали, но осенью, уже в сентябре, я сам убедился в том, это была сплошная глина".
Стась напiсаў(ла) 02.07.2011 07:22
Вядомым прадказальнiкам быў у Сталiна габрэй Вольф Месiнг. А вось пра невядомага прадказальнiка, звычайнага маскоўскага шкаляра Лёню Фядотава i яго дзённiк, можна даведацца з публiкацыi ў газеце "Аргументы i факты ў Беларусi" за 29 чэрвеня 2011 пад назвай "Школьнiк прадказаў ход вайны". За 17 дзён да пачатку вайны ён запiсаў у дзённiку: "Хотя сейчас Германия находится с нами в дружеских отношениях, но я твёрдо уверен, что это только видимость. Тем самым она думает усыпить нашу бдительность, чтобы в подходящий момент всадить нам отравленный нож в спину".
Алехна напiсаў(ла) 26.11.2011 09:34

Английский журналист А. Верт в книге "Россия в войне 1941—1945" четко указал, как виделась ему проблема, сначала с высоты птичьего полета: "Стоял чудесный солнечный день, когда в конце августа 1944 года мы летели из Москвы в Люблин над полями, болотами и лесами Белоруссии, раскинувшимися на сотни миль вокруг, — теми местами, которые Красная Армия освободила в результате великих битв в июне — июле. Белоруссия выглядела более истерзанной и разоренной, чем любой другой район Советского Союза, если не считать страшной "пустыни", простиравшейся от Вязьмы и Гжатска до Смоленска, За околицами деревень, в большинстве своем частично или полностью сожженных, почти нигде не было видно скота. Это был в основном партизанский край, и, когда мы летели над Белоруссией, нам стало особенно понятно, в каких опасных и трудных условиях жили и боролись партизаны... Немцы сжигали леса, чтобы "выкурить" из них партизан. В течение двух с лишним лет здесь шла ожесточенная борьба не на жизнь, а на смерть — об этом можно было судить даже с воздуха.

Затем мы пролетели над Минском. Весь город, казалось, лежал в развалинах, кроме огромного серого здания — Дома правительства... Трудно было представить себе, что всего три года назад это был процветающий промышленный центр.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.