С. Ёрш - Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі

  1. Поўная карціна
  2. Ад Аўтара
  3. Прысяга Беларускай Незалежніцкай Партыі
  4. Кароткі нарыс гісторыі Беларускай Незалежніцкай Партыі
  5. Асобы
  6. Па мянушцы “Воўк” (Усевалад Родзька)
  7. Інтэрвію з камандзірам "Лясных Братоў" (Віктар Сікора)
  8. "Застаюся верны Беларускай Незалежніцкай Партыі!.." (Андрэй Вайтовіч)
  9. Беларускі генэрал - антыкамуніст (Дзьмітры Касмовіч)
  10. Ён быў намесьнікам Вітушкі (Мікола Рулінскі)
  11. "Тады мы пачалі дзейнічаць..." (Барыс Рагуля)
  12. Загінуў на бальшавіцкай шыбеніцы... (Іван Гелда)
  13. Змагар за волю народа (Юльян Саковіч)
  14. "Мы - беларускія салдаты..." (Кастусь Шышэя)
  15. Лісты прэзідэнта (Міхась Зуй)
  16. Міхась Зуй. Мая аўтабіяграфія
  17. Сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. Біяграфічны даведнік

Поўная карціна

Дасьледчыкі, якія вывучаюць гісторыю паваеннага антысавецкага Супраціву ў Беларусі, сутыкаюцца са складанаю задачай, бо яны пазбаўленыя магчымасьці працы зь вельмі важным корпусам крыніц - архівамі КГБ, якія з 1995 году ў Беларусі зноў вярнуліся да свайго нармальнага прыроднага стану - абсалютнай закрытасьці для грамадзкасьці. Праўда, часам асобныя факты і сэнсацыйныя зьвесткі са сховішчаў КГБ прасочваюцца на старонкі афіцыйнай (так называюць у Беларусі дзяржаўныя мэдыі, якія ўсе зноў сталі падлягаць вельмі жорсткай цэнзуры) прэсы. Але перад гэтымі публікацыямі (некаторыя зь іх названыя ў гэтай кніжцы) стаяць вельмі простыя прапагандысцкія задачы - вдпаведна адбываецца падбор фактаў і даюцца прадказальныя інтэрпрэтацыі. Праўда, аднойчы я спаймаў сябе на дуіцы, што праз свае відавочныя ідэалагічныя задачы гэтыя публікацыі ў выніку працуюць супраць сябе - бо агучваюць для шырокай публікі саму тэму антысавецкага беларускага Супраціву і выцягваюць з патаемных сховішчаў цікавую фактуру.

Гісторыкі, якія паводле ідэалагічных прычынаў ня маюць доступу да архіваў КГБ, больш увагі надаюць іншым крыніцам - прыватным успамінам і эміграцыйным друкаваным крыніцам. Мэтадалягічна гэта вельмі цікава, бо часам вусныя крыніцы могуць даць больш за пісьмовы дакумэнт: вусныя крыніцы пазбаўленыя фармалізацыі пісьмовых і перадаюць міжасабовыя адносіны.

Аўтар кнігі пра Беларускую Незалежніцкую Партыю Сяргей Ёрш ужо ня першы год зьбірае ўспаміны пра антысавецкі Супраціў. Праз сыстэматызацыю і публікацыю ўспамінаў аўтар уводзіць ва ўжытак новыя крыніцы. Больш шырока, чым іншыя гісторыкі, якія публікуюць свае працы, Сяргей Ёрш карыстаецца эміграцыйнымі пэрыёдыкамі.

Улічым, што эміграцыйныя крыніцы могуць перадаваць інфармацыю таксама суб’ектыўна, зважаючы на палітычны падзел у беларускай эміграцыі. Апроч таго, для беларусаў у выгнаньні была патрэба прыцягнуць большую ўвагу Захаду да падзей у Беларусі. Часам удакладненьня патрабуюць ня самі факты падзеяў, а іх маштабы. Яшчэ адзін фактар закрытасьці інфармацыі - кансьпірацыя.

Такім чынам, поўную карціну гістарычных падзеяў мы можам атрымаць у выніку вэрыфікацыяў трох відаў крыніцаў - архіўных, вусных, эміграцыйных. Таксама ёсьць патрэба працы з дакумэнтамі заходніх спэцслужбаў. Сяргей Ёрш праводзіць параўнаўчы аналіз сьведчаньняў, адкідае зусім сумніўныя. Але голад на дакумэнты мы ўсё яшчэ доўга будзем адчуваць.

Тэма паваеннага Супраціву ставіць і іншыя праблемныя пытаньні - калябарацыі, каляніяльнай палітыкі савецкіх уладаў, беларускага Рэзыстансу ў шырокім кантэксьце (ад 20-х гадоў да 50-х).

Трымаючы ў рукох том пад назваю Вяртаньне БНП, мы маем перад сабою кнігу, дзе ўпершыню ў Беларусі сабраная ды сыстэматызаваная інфармацыя пра Беларускую Незалежніцкую Партыю, уведзеныя ва ўжытак новыя крыніцы пра гэтую арганізацыю-лідэра антысавецкага Супраціву. Ведаючы настойлівасьць аўтара не сумняюся, што Архіў Найноўшае Гісторыі зможа надалей прапанаваць грамадзкасьці новыя зьвесткі і дасьледаваньні па гісторыі беларускага Рэзыстансу.

Алег Дзярновіч,
дырэктар Архіву Найноўшае Гісторыі

Ад Аўтара

Заканчваецца стагодзьдзе, ужо ідзе восьмы год пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі, але да гэтага часу застаецца забароненай тэма Беларускага Супраціву бальшавіцкім акупантам у 1940-50-я гады. Камусьці вельмі ня хочацца, каб маладыя пакаленьні беларусаў-патрыётаў ведалі пра сваіх папярэднікаў і іх гераічнае змаганьне за волю й незалежнасьць…

Пра Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая стаяла ў той час на чале беларускага вызвольнага руху, сёньня вядома вельмі мала. Шмат якія эпізоды яе дзейнасьці супярэчліва апісваюцца гісторыкамі, а некаторыя назаўсёды застануцца таямніцай. Напрыклад, дзейнасьць генэрала Вітушкі, праўдападобна, нам прыйдзецца вывучаць больш па легендах ды ўспамінах людзей, чымсьці па дакумэнтах, якія маглі не захавацца… А між іншым, БНП заслугоўвае таго, каб пра яе пісалі дасьледаваньні. Адных толькі партыйных дакумэнтаў хопіць на некалькі тамоў!

БНП пакінула значны сьлед у найноўшай гісторыі Беларусі. На працягу яе дзейнасьці на Бацькаўшчыне і ў эміграцыі ў шэрагах партыі налічвалася шмат тысяч беларусаў, многія зь якіх паклалі свае жыцьці на аўтар Бацькаўшчыны…

Пры падрыхтоўцы гэтай кнігі аўтар атрымаў дапамогу ад сябраў БНП Кастуся Шышэі, Мікалая Рулінскага, Барыса Рагулі, Андрэя Вайтовіча, Паўла Гуза, Віктара Сікоры, Янкі Жамойціна, сьв. пам. Міхася Зуя. Аўтар удзячны і сп. Юрыю Туронку за копіі “Бюлетэняў Беларускай Незалежніцкай Партыі”. 

Сяргей Ёрш
Крыніца: http://autary.iig.pl/jorsz/

Дата публікацыі: 18.12.2007


Каментары чытачоў

Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код