Кароткі нарыс гісторыі Саюзу Вызваленьня Беларусі

С. Ёрш 24.11.2007

Першыя два гады савецкага панаваньня ў Беларусі пасьля выгнаньня нямецкіх акупантаў прайшлі пад знакам актыўнага збройнага супраціву, які арганізавалі польскае, украінскае і беларускае нацыянальныя падпольлі. Большасьць партызанскіх фармацыяў і падпольных арганізацыяў на працягу 1944 - 1946 гг. былі ліквідаваныя савецкімі карнымі органамі, а менавіта - 814 (667 - польскіх, 97 - беларускіх, 23 - украінскіх, 27 - іншых, напрыклад, летувіскіх, нямецкіх). Пры гэтым былі забітыя 3035 чалавек, 17872 чалавекі - арыштаваныя. [1]

Аднак спакайней у заходніх абласьцях БССР ня стала. Ацалелыя антысавецкія партызанскія фармацыі перайшлі ў глыбокае падпольле, падзяліўшыся на невялікія групы, якія дзяржбясьпецы было цяжэй выявіць і зьнішчыць. Рэпрэсіі савецкіх карных органаў прыводзілі да таго, што лясныя аддзелы рэгулярна папаўняліся сьвежымі сіламі. Многія антысаветчыкі жылі легальна альбо хаваліся ў гарадах і вёсках - яны ўваходзілі ў збройнае падпольле, якое не праводзіла актыўнай барацьбы супраць савецкай улады, бо чакала пачатку вайны СССР з Захадам.

1946 год быў годам расчараваньняў і надзеяў. У людзей ужо не засталося ілюзіяў наконт таго, што савецкая ўлада пасьля заканчэньня вайны зьменіцца. Станавілася толькі горш. Асабліва ў Заходняй Беларусі, якая апынулася пад пільнай увагай НКВД-НКГБ. Поўным ходам ішла русыфікацыя адукацыі, “дачышчаліся” рэшткі нацыянальнай інтэлігенцыі, адбываўся прымусовы набор моладзі на працу ў Расею і на Ўкраіну, рыхтавалася глеба для суцэльнай калектывізацыі вёскі. ЦК КП(б)Б у 1946 г. паведамляў у Маскву, у ЦК ВКП(б): “Насельніцтва Заходняй Беларусі толькі на кароткі тэрмін пасьля ўзьяднаньня было далучана да сацыялістычнага будаўніцтва і не прайшло бальшавіцкай школы перавыхаваньня, не прайшло этапаў клясавай барацьбы супраць памешчыкаў, капіталістаў і кулацтва, якія прайшлі працоўныя ўсходніх абласьцей у гады рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і ў гады калектывізацыі і ліквідацыі кулацтва”. [2]

Людзі спадзяваліся на хуткую вайну Англіі, ЗША і іх саюзьнікаў супраць Савецкага Саюзу, якая прынесла б збаўленьне ад бальшавізму. У 1946 г. гэтыя надзеі яшчэ былі досыць моцнымі, яны дапамагалі “лясным братам” трываць цяжкасьці партызанскага жыцьця. І вось у гэты момант, калі старэйшае пакаленьне беларусаў чакала разьвіцьця міжнародных падзеяў, нечакана выступіла моладзь. У 1946 г. у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя маладзёжныя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэньне беларушчыны. Галоўнай мэтай змаганьня маладзёжнага падпольля было здабыцьцё незалежнасьці Беларусі.

Падпольная арганізацыя ў Наваградку паўстала пазьней, чым падобныя групы ў Глыбокім і Паставах (канец 1945 г. - пачатак 1946 г.), Слоніме (травень-чэрвень 1946 г.), Нясьвіжскім раёне і Горадні (лета 1946 г.) - у лістападзе 1946-га. Адрозьненьнем наваградзкага “Саюзу Вызваленьня Беларусі” ад іншых арганізацыяў была наяўнасьць у яго кіраўніцтве ня толькі ўдзельнікаў беларускіх нацыянальных арганізацыяў і збройных фармацыяў часоў нямецкай акупацыі, але і былых франтавікоў Чырвонай Арміі.

Натхняльнікам і кіраўніком СВБ быў ураджэнец Наваградзкага раёну Генадзь Казак. Падчас нямецкай акупацыі ён уступіў у Саюз Беларускай Моладзі (СБМ). У 1944 г. разам зь іншымі сябрамі гэтай арганізацыі быў вывезены ў Нямеччыну, працаваў на вайсковым заводзе. У канцы 1944 г. Казак уступіў у падафіцэрскую школу “Беларускага легіёну” ў Бэрліне. Там ён стаў сябрам нелегальнай Беларускай Незалежніцкай Партыі, неўзабаве ачоліў школьную арганізацыю БНП. [3]

Г. Казак быў шчырым беларускім патрыётам, але ня меў досьведу кансьпірацыйнай працы - ягоны “стаж” у БНП да канца вайны складаў усяго паўгады. Афіцэр брыгады “Беларусь” у Нямеччыне Аўген Усюкевіч успамінае, як у пачатку 1945 г. Казак распаўсюджваў улёткі БНП сярод беларускіх вайскоўцаў: “У лістоўках быў заклік за саюз з прыбалтыйскімі народамі і прапаганда супраць маскалёў і палякаў. Я яшчэ сказаў Гену, каб ён асьцярожней дзейнічаў, каб хто ня выдаў яго немцам”. [4]

Па заканчэньні вайны Г. Казак апынуўся ў адной з зонаў акупацыі Нямеччыны заходнімі саюзьнікамі. Пасьля ён пабываў у Аўстрыі і Францыі. [5] Дзесьці ў канцы 1945 г. - у пачатку 1946 г. ён вырашыў вярнуцца, як рэпатрыянт, у Беларусь. Невядома, ці гэта было яго самастойнае рашэньне, ці ён выконваў інструкцыі Замежнага Сэктару БНП, які рознымі шляхамі засылаў сваіх людзей у БССР для аднаўленьня сувязі з падпольнымі структурамі і партызанскімі аддзеламі. На сьледзтве Г. Казак сьцьвярджаў, што ў сваёй дзейнасьці кіраваўся інструкцыямі кіраўніцтва БНП, якія былі надрукаваныя ў 5-м нумары “Бюлетэню БНП” ад сьнежня 1944 г. [6] У гэтым падпольным выданьні, сапраўды, была зьмешчаная адозва сябры ЦК БНП “Дубовага” (праўдападобна, гэта псеўданім Міколы Шкялёнка) “Да беларускіх вайсковых фармацыяў у Нямеччыне, да беларускіх работнікаў і палітычнай эміграцыі”. У ёй зьмяшчаліся інструкцыі дзеяньня на розныя выпадкі разьвіцьця вайсковых падзеяў. У выпадку паразы Нямеччыны і яе падзелу саюзьнікамі, беларускія эмігранты мусілі дзейнічаць наступным чынам:

“а/ усім беларускім фармацыям прабірацца партызанскім спосабам на Бацькаўшчыну і там лучыць у рады Беларускага Краёвага Войска і далей змагацца за наш ідэал - НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ.

б/ работнікам палітычнай эміграцыі, карыстаючы з мамэнту хаосу, узброіцца і групамі выходзіць з Нямеччыны на Беларусь, дзе ёсьць нашая аснаўная вайсковая база.

...Работнікі і палітычныя эмігранты, абнятыя арганізацыйнай сеткай БНП, паступаюць пад кіраўніцтвам партыйных кіраўнікоў... не абнятыя БНП, арганізуюць самастойна малыя групы ў сіле 5-10 чалавек...”.

Многія сябры БНП пасьля капітуляцыі Нямеччыны прыступілі да выкананьня гэтых інструкцыяў. Напрыклад, у канцы 1945 году ў Пліскі раён Полацкай вобласьці (цяпер - Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці) прыбыў рэпатрыянт Георгі Бортнік, сябра СБМ і БНП. Ён, дарэчы, мог быць знаёмы з Казаком, бо, як і ён, у 1944 г. знаходзіўся ў Чэхіі ў г. Эгер, а пасьля вучыўся ў падафіцэрскай школе ў Нямеччыне. Адначасова з Бортнікам вярнуліся па рэпатрыяцыі яшчэ чацьвёра маладых вайскоўцаў, раней завэрбаваных ім у БНП. Група Бортніка неўзабаве ўлілася ў падпольную арганізацыю “Саюз Барацьбы Супраць Камунізму”, якая таксама ў сваіх дзеяньнях кіравалася адозвай з 5-га нумару “Бюлетэню БНП”. [7]

Праўдападобна, апынуўшыся ў Наваградку, Казак ня меў кантактаў зь іншымі сябрамі БНП. Таму ў падпольнай дзейнасьці зрабіў стаўку на патрыятычна настроеных хлопцаў, якіх ведаў яшчэ з часоў нямецкай акупацыі (яны разам вучыліся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі). Перад імі ён не раскрыўся, што быў у Беларускай Незалежніцкай Партыі.

У лістападзе 1946 г. Г. Казаком і групай аднадумцаў, якія навучаліся ў 10-й клясе наваградзкай вячэрняй школы рабочай моладзі, была створана нелегальная арганізацыя “Саюз Вызваленьня Беларусі”. У арганізацыйны камітэт увайшлі наступныя асобы: Генадзь Казак (псеўданім “Віктар”) - кіраўнік аргкамітэту і аддзела прапаганды, Кастусь Рамановіч (псеўднім “Сокал”) - кіраўнік фінансавага аддзела, Міхась Кожыч (“Дубовы”) - кіраўнік арганізацыйнага аддзела, Пятро Дземянчук (“Бедны”) - кіраўнік вайсковага аддзела, Алесь Усюкевіч (“Аршын”) - кіраўнік сакратарыяту. К. Рамановіч у 1944 - 1946 гг. знаходзіўся ў савецкім канцлягеры за прыналежнасьць да СБМ і навучаньне ў афіцэрскай школе Беларускай краёвай абароны (БКА), вызваліўся і вярнуўся ў Беларусь толькі ў пачатку восені 1946 г. А. Усюкевіч, П. Дземянчук і М. Кожыч ваявалі на фронце ў складзе Чырвонай Арміі, мелі баявыя ўзнагароды.

Да студзеня 1947 г. была закончаная праца над статутам і праграмай арганізацыі, якія пісаў асабіста Казак. Гэтыя дакумэнты пакуль неапублікаваныя, вядомыя толькі асобныя іх палажэньні. У адпаведнасьці з праграмай, асноўнай мэтай СВБ абвяшчалася стварэньне “беларускай нацыянальнай дзяржавы” з рэспубліканскім ладам (“дзяржава працоўнага беларускага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі”). У яе межы падпольшчыкі меркавалі таксама ўключыць беларускія этнаграфічныя тэрыторыі, якія не ўваходзілі ў склад БССР: Віленшчыну, Смаленшчыну, Беласточчыну. Паводле праграмы, беларусы павінны былі змагацца супраць нацыянальнага прыгнёту і каляніяльнай эксплуатацыі за незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны. СВБ, як і БНП, рабіла стаўку толькі на свае сілы - на беларускі народ, які павінен зьдзейсьніць нацыянальную рэвалюцыю і захапіць палітычную ўладу. Дзеля ўсьведамленьня народам патрэбы гэтага змаганьня, дзеля разьвіцьця яго нацыянальнай сьвядомасьці і мусіла працаваць падпольная арганізацыя - “рэвалюцыйная нацыянальная партыя”.

У праграме СВБ асновай грамадзкага жыцьця абвяшчалася праца кожнага грамадзяніна. Кожнаму гарантаваўся 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатная мэдыцына, пэнсіі па дасягненьні адпаведнага ўзросту, у выпадку хваробы альбо згубы працаздольнасьці. Абвяшчалася таксама ўсеагульная абавязковая пачатковая адукацыя, бясплатная вышэйшая адукацыя з сыстэмай дзяржаўных стыпэндыяў, свабода слова, сходаў, дэманстрацыяў і г. д. Асновай эканамічнага ладу беларускай дзяржавы абвяшчалася дзяржаўная ўласнасьць на зямлю, яе нетры, воды, лясы, заводы, фабрыкі, чыгуначны, водны і паветраны транспарт, сродкі сувязі, дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы і камунальныя службы. Продаж зямлі забараняўся, аднак, яе маглі атрымаць (бяз права выкупа) ўсе грамадзяне краіны, якія мелі жаданьне да працы на зямлі. Плянавалася стварэньне “рацыянальна арганізаваных дробных адзінаасобных гаспадарак”. Прыватная ініцыятыва дапускалася ў дробнай прамысовасьці і гандлю. Таксама дэкляравалася права асабістай уласнасьці грамадзянаў на іх прыбыткі і накапленьні, жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы, захоўвалася права спадчыннасьці асабістай уласнасьці. [8]

Нацыянальнымі сымбалямі будучай незалежнай Беларусі былі прызнаныя герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сьцяг і гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.[9]

Структурна СВБ будаваўся наступным чынам. У Наваградку знаходзіўся кіраўнічы цэнтар, які прызначаў у кожны раён раённых ўпаўнаважаных, а яны кіравалі сеткай “троек”. За некалькі месяцаў дзейнасьці СВБ пасьпеў займець упаўнаважаных у Наваградзкім раёне (Самсон Пярловіч), Дзятлаўскім раёне (Віталь Губарэвіч), Любчанскім раёне (Міхась Капціловіч) і ў абласным цэнтры - Баранавічах (Фёдар Даўгач). [10] Праўда, пра ўдзел Даўгача ў СВБ акрамя І. Валахановіча ніхто больш не паведамляе, у тым ліку і былыя ўдзельнікі арганізацыі (Рамановіч, Кожыч ды інш.). А былы кіраўнік “Чайкі” В. Супрун лічыць, што Даўгач ня браў удзелу ні ў ягонай арганізацыі, ні ў СВБ, а адбываў тэрмін за ўдзел у рагулёўскім швадроне (у пачатку 50-х яны знаходзіліся ў адным савецкім канцлягеры на Інце). [11]

За паўгады існаваньня СВБ завэрбаваў у свае шэрагі каля дзясятка новых сябраў (пераважна маладых настаўнікаў, вучняў старэйшых клясаў і студэнтаў пэдагагічных навучальных установаў). Асноўнай формай падпольнай барацьбы СВБ прызнаваў антысавецкую агітацыю ды прапаганду беларускага патрыятызму. Аднак да разбудовы структуры арганізацыі агітацыя і прапаганда праводзілася лякальна, улёткі не выпускаліся. Затое СВБ займеў сваю пячатку з выявай Пагоні, якую зрабіў сябра арганізацыі Адам Чабоцька. Праграма СВБ не выключала і магчымасьці збройнай барацьбы, але адмыслова зброя не зьбіралася - пры арыштах чэкісты знайшлі толькі чатыры пісталеты, якія хлопцы прывезьлі з фронту.

Недасьведчанасьць Г. Казака і яго паплечнікаў у пытаньнях кансьпірацыі ўжо на самым пачатку дзейнасьці паставіла СВБ перад пагрозай правалу. Кіраўнік падпольнай арганізацыі “Чайка” Васіль Супрун (ён жыў і працаваў у Слонімскім раёне), пра існаваньне СВБ даведаўся восеньню 1946 г. Сябры “Чайкі” з Баранавічаў паведамілі нават, што арганізацыяй кіруе “нехта Казак”. “Група даволі шматлікая, але недастаткова кансьпіраваная, складзены нават агульныя сьпісы сяброў і, нібы, афармляюцца пратаколы нарад і рашэньняў, - піша ў сваіх успамінах В. Супрун. - Таму было вырашана ад аб'яднаньня зь ёй устрымацца, але сытуацыю па магчымасьці трымаць пад кантролем. Пры гэтым катэгарычна забаранялася вэрбаваць у наша падпольле членаў СВБ, што практычна ажыцьцявіць было даволі складана. І, як выявілася значна пазьней, нехта з баранавіцкай падпольнай групы ўсё ж увайшоў у кантакт з наваградзкай арганізацыяй СВБ і, верагодна, перадаў яе кіраўніцтву ня толькі нашыя асновы кансьпірацыі, але і іншыя сакрэтныя дадзеныя. Што адразу ж было расцэнена Цэнтрам як магчымы правал усёй справы. Праўда, аб такім кантакце Цэнтру і мне стала вядома прыблізна ў сакавіку 1947 году. Выправіць жа сытуацыю было немагчыма. Заставалася толькі чакаць і спадзявацца на лепшае”.[12]

Праўдападобна, СВБ патрапіў у поле зроку МГБ пасьля вярбоўкі ў арганізацыю некалькіх чалавек у Баранавічах. Відаць, пасьля гэтага і адбыўся выхад на наваградзкае падпольле Аляксандра Бажко, супрацоўніка баранавіцкай абласной газэты. Паводле С. Пярловіча, зь ім ён пазнаёміўся ў 1946 г., яны неаднаразова сустракаліся, мелі аднолькавыя погляды на сытуацыю ў Беларусі. “Ён [Бажко] распавёў, што ў Баранавічах таксама існуе падпольная арганізацыя “Чайка”. А сам ён знаходзіцца ў вышэйшым зьвяне падпольнай структуры. Карацей, начальнік. Я яму верыў”, - успамінаў пазьней Пярловіч. [13]

Спачатку А. Бажко мог быць засланы абласной управай МГБ у баранавіцкую групу, якая, паводле В. Супруна, была таксама слаба закансьпіраваная. Гэтая баранавіцкая падпольная група, якая існавала ў мясцовым пэдагагічным інстытуце, праз студэнта Ўладзімера Салаўя (ён быў родам са Слонімшчыны) летам 1946 г. устанаўлівае сувязь з слонімскай “Чайкай”. Прычым ініцыятыва кантакту належыла Супруну. Салавей, які выконваў яго заданьне, знайшоў патрыятычна настроеных хлопцаў, але не вытрымаў кансьпірацыйных патрабаваньняў і адразу паведаміў ім, што ў Слоніме ёсьць падпольле, ім кіруе настаўнік, яно шукае кантактаў. Баранавічы запатрабавалі тэрміновай сустрэчы з кіраўніком (Супруном). Сустрэча адбылася ў Баранавічах у пачатку чэрвеня 1946 г. У ёй удзельнічалі В. Супрун, М. Ракевіч і сувязны Ўл. Салавей - ад Слоніму, Аляксандар Барэйка, Міхась Агейка і Аляксандар Шапавал - ад Баранавічаў. Адбылося аб'яднаньне падпольных групаў і ўтварэньне кіраўніцтва (аб'яднанага камітэту) “Чайкі” з трох асобаў: В. Супрун (“Пагромавец”), А. Барэйка (“Родны”) і М. Ракевіч (“Маланка”). [14] Паводле І. Валахановіча, у кіраўніцтва ўвайшлі таксама М. Макарэвіч (“Андрэй Вольны”) і М. Агейка (“Белы”). [15] Пасьля ўтварэньня яшчэ некалькіх падпольных групаў летам 1946-га быў створаны каардынацыйны ворган - “Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху” (ЦБВР) на чале з В. Супруном.

СВБ арганізуецца толькі празь некалькі месяцаў - у лістападзе 1946 г. Калі Бажко ведаў амаль усіх “баранавіцкіх хлопцаў” і “ўсе яўкі”, ён мусіў бы спачатку заняцца выхадам на слонімскае кіраўніцтва “Чайкі”. Аднак зьдзіўляе тое, што з Супруном ён не імкнуўся сустрэцца. А ня ведаць пра яго Бажко ня мог, бо, паводле таго ж Супруна, правал “Чайкі” і ЦБВР адбыўся з-за стукача з дзяржбясьпекі, які быў засланы ў СВБ, ведаў прозьвішчы слонімскіх падпольшчыкаў. [16] Супруна асабіста ведалі баранавіцкія падпольшчыкі, якія зь ім праводзілі перамовы ў чэрвені 1946 г., а пасьля ён трымаў шчыльную сувязь з А. Барэйкам, сваім намесьнікам у ЦБВР па арганізацыйна-палітычнай рабоце. Цікавы і той факт, што наваградзкім падпольшчыкам Бажко прадстаўляўся, як “кіраўнік баранавіцкага падпольля”, альбо як “адзін з кіраўнікоў “Чайкі”. Тут ён яўна рызыкаваў, бо мог быць выкрыты сябрамі “Чайкі” са Слоніма і Баранавічаў, якія мелі кантакт з СВБ.

Бажко, аднак, дзейнічаў нахабна, нібыта, нічога не баяўся. Ён сканцэнтраваўся на СВБ, выйшаў на яго кіраўніка. М. Кожыч прыгадвае расповед Г. Казака пра тое, як Бажко “ўвесь час падбухторваў да экстрэмісцкіх дзеяньняў, пераконваў зьбіраць зброю”. [17] Па іншых зьвестках, ён загадваў Казаку “як і што рабіць”. А. Бажко, нібыта, гаварыў яму пра намер аб'яднаць усе маладзёжныя падпольныя групоўкі.[18]

Такім чынам, пасьля кантакту з Бажко СВБ пачаў распрацоўвацца МГБ. Арышты сябраў арганізацыі прайшлі ўначы 30 траўня 1947 г. Усе 18 арыштаваных падпольшчыкаў былі перавезеныя ў баранавіцкую турму МГБ. Падчас ператрусу на кватэры ў Наваградку, дзе жылі Кожыч, Дземянчук і Ўсюкевіч, чэкістамі былі знойдзеныя ўсе дакумэнты арганізацыі, улучна з пратаколамі. Зразумела, што А. Бажко застаўся на волі. Арышты сябраў “Чайкі” і ЦБВР распачаліся ў пачатку чэрвеня 1947-га і працягваліся да восені. Некаторыя ўдзельнікі “Чайкі” засталіся на волі, напрыклад, сябра ЦБВР Уладзімер Салавей, якога чэкістам удалося схапіць толькі празь некалькі гадоў. [19]

Такім чынам, у абставінах правалу СВБ і ролі ў гэтым А. Бажко яшчэ застаюцца “белыя плямы”.[20] Найперш гэта ступень кантактаў Бажко з баранавіцкім падпольлем, прычына, па якой пра гэтага “кіраўніка падпольля” баранавіцкія хлопцы нічога не паведамілі В. Супруну. Нагадаем, што падпольлем у Баранавіцкім пэдагагічным інстытуце кіраваў А. Барэйка. Падчас нямецкай акупацыі ён вучыўся ў Наваградку (быў ураджэнцам Наваградчыны), скончыў ці 6-месячныя настаўніцкія курсы, ці нават вучыўся ў мясцовай настаўніцкай сэмінарыі. У 1945 г. Барэйка скончыў Наваградзкую пэдвучэльню і паступіў у настаўніцкі інстытут. Быў ня толькі кіраўніком падпольнай групы ў гэтай навучальнай установе, але і стаў намесьнікам Супруна ў ЦБВР. Барэйка павінен быў ведаць Бажко, толькі невядома кім апошні яму прадставіўся.

У баранавіцкай падпольнай групе было нямала і іншых хлопцаў з Наваградчыны. Напрыклад, Вячаслаў Краскоўскі і Ўладзімер Грынь, якія падчас нямецкай акупацыі вучыліся ў Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі. З Наваградчыны былі Міхась Агейка, Іван Лазоўскі, Лявон Лях і Іван Маныла, якія ў 1945 г. скончылі пэдвучэльню ў Наваградку і паступілі ў Баранавіцкі пэдагагічны інстытут. Відаць, праз гэтых падпольшчыкаў-ураджэнцаў Наваградчыны Супрун і атрымліваў інфармацыю пра СВБ. Празь іх жа СВБ мог мець інфармацыю пра “Чайку”. Сам В. Супрун дапускае, што на сувязь з наваградзкім падпольлем выйшаў сам Аляксандар Барэйка. “Паколькі ён зьнік і я яго нідзе [пасьля савецкіх канцлягераў] не магу адшукаць, мне падаецца, што Барэйка тады ўвайшоў у наваградзкую арганізацыю. Без дазволу. І цяпер адчувае на сабе віну...”. [21]

“У сярэдзіне 1947 г. у сувязі з правалам наваградзкага Саюзу Вызваленьня Беларусі (правакатар Алесь Бажко) і кансьпірацыйнымі памылкамі некаторых сяброў з баранавіцкага падпольля, Цэнтар і асноўныя структуры патрыятычнага беларускага падпольля былі разгромленыя савецкімі карнымі органамі”, - сьцьвярджае В. Супрун.[22] На нашую думку, агентурна-апэратыўная камбінацыя МГБ была больш складанай і масштабнай. Для яе рэалізацыі былі прыцягнутыя значныя сілы, і ня толькі Баранавіцкай абласной управы МГБ, але і зь Менску. Супраць падпольшчыкаў-самавукаў дзейнічалі прафэсіяналы, адмыслова вышкаленыя для такой працы.

29-31 жніўня 1947 г. Ваенны трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў 18 сябраў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягераў. Найбольшы тэрмін атрымаў кіраўнік арганізацыі - Генадзь Казак, які памёр у зьняволеньні. Загінулі ў савецкіх канцлягерах яшчэ некалькі сябраў СВБ.

Пры пераглядзе справы СВБ Прэзыдыюмам Гарадзенскага абласнога суду ў 1993 г. прысуд 1947-га быў адменены толькі ў адносінах двух чалавек, якія мелі ўскоснае дачыненьне да арганізацыі. [23]

Саюз Вызваленьня Беларусі, ня гледзячы на кароткі час існаваньня і невялікі плён сваёй дзейнасьці, пакінуў пэўны сьлед у гісторыі беларускага вызвольнага руху. Ягоныя самаахвярныя сябры нават у змрочныя часы панаваньня сталінізму ў Беларусі не пабаяліся супраціўляцца. Яны марылі пра вольную і незалежную Беларусь. Яны, як маглі, набліжалі сьветлы дзень вызваленьня. 

Сяргей Ёрш

  1. НА РБ, ф. 4, в. 29, спр. 521, арк. 28.
  2. Тамсама, арк. 26.
  3. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг. Менск: БДУ, 2002, с. 34.
  4. Ёрш С. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Слонім - Менск, 1998, с. 129.
  5. Енка І. Злачынцы ці героі? // Пагоня (Горадня), 1992, № 7, 11-24 верасьня.
  6. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг., с. 34.
  7. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг., с. 36-37.
  8. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг., с. 35.
  9. Рамановіч К. Варшанская перамога // Беларускі рэзыстанс, 2004, № 1, с. 81.
  10. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг., с. 36.
  11. Паведамленьне В. Супруна аўтару гэтых радкоў ад 19 красавіка 2005 г.
  12. Супрун В. Падпольная “Чайка” // Наша ніва, 1998, 29 красавіка, № 8 (105); Супрун В. Штрыхі з успамінаў. Слонім, 2003, с. 54.
  13. Толочко М. Из-за них следователи НКВД начали читать “Молодую гвардию” // Советская Белоруссия, 1992, 2 сьнежня.
  14. Супрун В. Патрыёты маўчаць не схацелі! // Наша слова, 1992, 18 сакавіка, № 11.
  15. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг., с. 51.
  16. Наша слова, 1992, 18 сакавіка, № 11.
  17. Советская Белоруссия, 1992, 2 сьнежня.
  18. Клыкоўская Ц. Жыццё - за імгненьні: да 50-годдзя Саюза вызвалення Беларусі // Беларуская маладзёжная, 1996, № 2 (69), студзень.
  19. Ёрш С. Ён любіў Беларусь // Газета Слонімская, 1998, № 31 (60), 30 ліпеня - 5 жніўня; Ёрш С. Па сьлядох “Чайкі” // Наша ніва, 1998, 28 верасьня, № 18.
  20. Пра гэтыя “цьмяныя сюжэты” згадвалася ў публікацыі Алега Дзярновіча “Старонкі Супраціву. Экспэдыцыя Архіву Найноўшае Гісторыі й “Нашай Нівы” на Слонімшчыну” (Наша ніва, 1998, 29 красавіка, № 8 (105).
  21. Паведамленьне В. Супруна аўтару гэтых радкоў ад 19 красавіка 2005 г.
  22. Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956 / Даведнік - Менск, 1999, с. 89.
  23. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944 - 1953 гг., с. 36.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.