Армія Краёва на Беларусі. Частка IІ. Пад знакам канцэпцыі "двух ворагаў" (Працяг)

Навагрудская акруга АК

Паняцце "Навагрудская акруга Арміі Карёвай" у сэнсе адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення не адпавядала цяперашняму Навагрудскаму раёну, а ахоплівала абшырную тэрыторыю былога Навагрудскага ваяводства альбо (прыкладна) даваеннай Баранавіцкай вобласці, у складзе якой былі 23 раёны: Юрацішкі - на поўначы, Ляхавічы - на поўдні, Шчучын - на захадзе, Івянец - на ўсходзе. Штаб акругі знаходзіўся ў Лідзе, а ўзброеныя фарміраванні АК дыслакаваліся ў асноўным на правабярэжжы Нёмана. Левабярэжжа кантралявалі беларускія партызаны. Вядома, падзел гэты быў даволі ўмоўны, бо не раз акаўцы суседнічалі з беларускімі партызанамі.

Трэба сказаць, у працах многіх польскіх гісторыкаў па заслузе ацэнены ўклад беларускага народа ў разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гарачы патрыятызм і самаадданасць беларусаў. "Усе спробы акупантаў уцягнуць беларусаў у барацьбу на свой бок не мелі поспеху,- піша доктар навук Мечыслаў Юхневіч.- Аб'яўленая БЦР зімой і вясной 1944 г. усеагульная мабілізацыя ў так званую Беларускую краявую абарону закончылася безвынікова..."

Даючы ацэнку баявой дзейнасці беларускіх партызанаў, Ме-чыслаў Юхневіч адзначае, што "яны прадстаўлялі сабой сур'ёзную сілу, здольную весці арганізаваную барацьбу з узброеным да зубоў акупантам, кантралявалі стратэгічныя магістралі, узрывалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, атакавалі аўтакалоны на дарогах, дэзарганізавалі работу нямецкай адміністрацыі, вялі ваенную разведку, выконвалі спецыяльныя заданні".

Разам з тым трэба адзначыць, што сярод беларускіх партызанаў баранавіцкага злучэння на гэтай зямлі змагалася каля 500 прадстаўнікоў польскай нацыянальнасці., раскіданых па розных атрадах і брыгадах, для прыкладу, у брыгадах імя Чапаева, імя Шчорса, імя Жукава, імя Сталіна, імя Панамарэнкі, "26 гадоў БССР". Яны ўдзельнічалі ў большасці баявых акцыяў сваіх фарміраванняў. У складзе брыгадаў імя Сталіна і імя Чапаева ў ноч з 7 на 8 мая 1943 г. грамілі моцны нямецкі гарнізон у мястэчку Налібокі. У жніўні і ў верасні 1943 г. удзельнічалі ў рэйкавай вайне на адрэзку Стаўбцы - Гарадзея, а ў ноч з 5 на 6 верасня атакавалі нямецкі гарнізон у Сялевічах каля Нясвіжа.

Польскія партызаны мелі добрую рэпутацыю сярод таварышаў па зброі, карысталіся павагай камандзіраў. Дарэчы, і самі выконвалі кіроўныя функцыі. Доктар Бенядзікт Шыманскі быў начальнікам медслужбы Баранавіцкага злучэння. Антон Станкевіч камандаваў брыгадай імя Ленінскага камсамола (раён Ліды і Шчучына). Ян Навіцкі быў намеснікам камбрыга імя Чкалава.

3 палякаў ствараліся і асобныя фарміраванні, якія змагаліся пад савецкім кіраўніцтвам,- так званыя зялёныя. У раёне мястэчка Васілішкі дыслакаваўся польскі партызанскі атрад імя Ванды Васілеўскай пад кіраўніцтвам капітана Вацлава Альхімовіча. У апошні перыяд нямецкай акупацыі ў Налібоцкай пушчы быў створаны польскі партызанскі атрад - "Першы батальён Варшаўскага пяхотнага палка імя Тадэвуша Касцюшкі". Ім камандаваў дэсантаваны з Вялікай зямлі паручнік Міхаіл Голдыс. У партызанскім атрадзе імя Будзённага брыгады "26 гадоў БССР" знаходзілася польская рота (камандзір Ян Ліхута), касцяк яе складалі добраахвотнікі з Гарадзішча. У раёне Валожына - Івянца ў брыгадзе імя Чкалава дзейнічала польская разведвальная група Адама Светажэцкага, былога інспектара АК з Нясвіжа, на базе яе пазней была сфарміравана рота пад кіраўніцтвам рабочага з Лодзі Юзэфа Мархвінскага. Так што не ўсе палякі ў Заходняй Беларусі былі ў радах Арміі Краёвай, як праўда і тое, што не ўся АК на гэтай тэрыторыі складалася выключна з палякаў. Падрабязней пра гэта будзе сказана пазней.

Арганізацыйная сістэма Навагрудскай акругі, паводле Яна Васевіча і Юзэфа Вільбіка, прадугледжвала падзел на "абводы", адпаведныя паветам у рамках польскага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення да 1 верасня 1939 г. У сваю чаргу "абводы" дзяліліся на раёны і пляцоўкі, на базе якіх пазней ствараліся роты і ўзводы. Раён ахопліваў некалькі гмінаў (сельсаветаў) і адпавядаў адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню савецкага часу. Пляцоўка ахоплівала, як правіла, адну гміну (сельсавет). Да мая 1942 г. Навагрудская акруга ахоплівала 5 паветаў: Шчучынскі, Лідскі, Стаўбцоўскі, Навагрудскі і Валожынскі (апошні пазней быў перададзены ў Віленскую акругу). Абодва аўтары даследавання падкрэсліваюць, што 40% жаўнераў Навагрудскай акругі АК - гэта праваслаўныя беларусы*. А калі да гэтай лічбы дадаць беларусаў-католікаў і так званых тутэйшых, то мы ў нейкай ступені будзем мець сапраўднае ўяўленне пра Армію Краёву на гэтай тэрыторыі. Гэта спецыфічна беларускі варыянт змагарнае часці супраць акупанта. Не польскай, як мяркуюць асобныя "знаўцы" з Варшавы.

* Па падліках прафесара Аляксандра Хацкевіча з Мінска, у складзе АК на Беларусі было 30-40% беларусаў - праваслаўных і католікаў.

Першым камендантам акругі быў маёр Мікалай Крайнік ("Гжымала"). 3 восені 1942 г. на гэтай пасадзе яго замяніў падпалкоўнік Януш Шульц (Праўдзіц-Шляскі), які, як мы ўжо ведаем, быў арыштаваны ў 1940 г. органамі НКУС на тэрыторыі Беластоцкай вобласці. У пачатку вайны ўцёк пры эвакуацыі мінскай турмы на ўсход. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся да 12 чэрвеня 1944 г. Пра гэтага чалавека засталіся супярэчлівыя ўспаміны. Справа ў тым, што ў Праўдзіца-Шляскага былі далёка не дружалюбныя, а часам нават і варожыя адносіны са сваім суседам - камендантам Віленскай акругі АК падпалкоўнікам Аляксандрам Кжыжаноўскім ("Вількам"). Таму людзі з блізкага акружэння "Вілька" ўспамінаюць пра яго, мякка кажучы, без сімпатыі. Затое паплечнікі Праўдзіца трактуюць свайго былога шэфа з нехаванаю павагаю.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў начальніка штаба Навагрудскай акругі "ціхацёмнага" Станіслава Сэндзяка: "У пачатку кастрычніка 1942 г. мяне назначылі начальнікам штаба Навагрудскай акругі. Лепей і быць не магло. Навагрудчыну добра ведаў з даваення, няраз думаў, каб туды папасці. У тыя мясціны цягнулі мяне знаёмыя мне людзі. Спадзяваўся таксама, што там буду радзей спатыкацца са здрадаю.

Хутка ў Варшаву прыбыў камендант Навагрудскай акругі падпалкоўнік "Праўдзіц" - Януш Праўдзіц-Шляскі. Бачыўся з ім часта, і з яго расказаў пазнаваў склад штаба акругі, камендантаў абводаў, варункі працы... і стан узбраення, арганізацыю сувязі, расстаноўку нямецкіх сілаў і многія іншыя справы, якія мяне цікавілі. "Праўдзіц" праз два тыдні выехаў у Ліду, а я ўсё яшчэ працаваў у Варшаве...

"Праўдзіц" добра ведаў канспіратыўную справу. Меў талент у падборы патрэбных людзей, што было адной з найважнейшых рысаў кіраўніка такога тыпу. Яго ад'ютант - "Здзіслаў" (падпаручнік Зянон Батаровіч.- Я. С), былы камандзір узвода 29-га Гродзенскага палка лёгкай артылерыі; намеснікам заставаўся капітан "Сава" - Уладыслаў Ставоўскі, афіцэр з Валожынскай брыгады Корпусу пагранічнай аховы.

Камендант акругі меў сваю, дарэчы, вельмі слушную, канцэпцыю ўзброенай барацьбы ў першым перыядзе стварэння і ўзмацнення канспірацыі. 80% жаўнераў Арміі Краёвай на нашай тэрыторыі былі вяскоўцы. Вораг кантраляваў тэрыторыю. У маёнтках пасадзіў сваіх упраўляючых (фэрвальтэраў), у адміністрацыйныя органы ўкараніў сваіх людзй. Гэта нам пагражала поўнай стратай свабоды дзеянняў, чаго нельга дапускаць. Немцы і падазраваныя ў супрацоўніцтве з імі элементы павінны былі энікнуць не толькі з вёскаў, але і з мястэчкаў.

Тактыка нашай барацьбы з акупантам была наступнай: мы мерыліся знішчыць немцаў і нямецкія ўлады, а потым "дапамагаць" немцам у стварэнні новых органаў адміністрацыі, укараняючы туды сваіх людзей. Гэта не было для нас складаным, бо мясцовыя органы ўлады, асабліва на правым беразе Нёмана, дзякуючы папярэднім загадам штаба акругі, у большасці былі ў нашых руках, што давала нам магчымасць падсоўваць немцам сваіх людзей на пасады там, дзе мы хацелі. Рэдка хто з немцаў ці іх паслугачоў асмельваўся заняць пасаду, якая "асвабаджалася" ў выніку нашых акцый".

Сам Януш Праўдзіц-Шляскі ў 1976 г. выдаў у Лондане кнігу ўспамшаў пад назвай "Навагрудчына ў барацьбе 1940-1945". Пэўнае ўяўленне пра жыццёвую і палітычную пазіцыю аўтара, на наш погляд, дае вось такі ўрывак: "Нямецкая разведка не была надта здольная ці небяспечная. Нямецкія жандармы плацілі канфідэнту (даносчыку. - Я. С.) 500 рэйхсмаркаў у месяц, гэта была вялікая сума. Для параўнання: мая стаўка каменданта акругі была ў той час 200 рэйхсмаркаў. Гэтай сумы хапала ў цэлым для нядрэннага задавальнення маіх асабістых патрэбаў. Таму не было нічога дзіўнага, што маса бальшавікоў і энкавэдзістаў супрацоўнічала з гестапа, жандармерыяй і паліцыяй, а таксама тэндэнцыйна нішчыла польскі элемент.

Пры дапамозе высокага нямецкага ваеннага чыноўніка "Н", які супрацоўнічаў з польскай канспірацыяй, была ліквідавана савецкая камуністычная арганізацыя, што перашкаджала нам у працы, падкопвалася пад нашу арганізацыю і садзейнічала масавым арыштам палякаў гестапа, якое на 90% складалася з былога НКУС.

Ліквідаваць такую арганізацыю, якая супрацоўнічала з гестапа, было цяжка. Уступіць у адкрытую барацьбу не выходзіла. Першапачаткова для спробы мы аддалі ў рукі гестапа некалькі членаў камуністычнай арганізацыі. Чакалі выніку, але дарэмна. Праз пару дзён іх выпусцілі і перакінулі для дзеяння на другой тэрыторыі. Мы былі засмучаныя. Пан "Н" (высокі нямецкі чыноўнік) параіў пачакаць, а праз пару дзён даў нам знаць, што на нашу тэрыторыю прыбыў атрад нямецкай тайнай палявой жандармерыі № 400. Мы перадалі ім спісак членаў камуністычнай арганізацыі - каля 40 чалавек. У выніку на працягу двух тыдняў былі арыштаваны 80 чалавек, частку з іх расстралялі, частку вывезлі. Такім чынам, часткова мы заплацілі за нашы крыўды і маглі працаваць далей".

Тое, што Праўдзіц-Шляскі ненавідзеў бальшавікоў і НКУС, зразумела. Чалавек, які зведаў пакуты ў падвалах НКУС і ў савецкай турме, любіць іх не мог. Здзіўляе другое. Беспардонная хлусня каменданта. Факты неабвержана сведчаць, што, пакуль акаўцы спалі, раздумвалі і прыкідвалі што ды як, камуністычнае падполле ў Лідзе дзейнічала, правяло шэраг сур'ёзных акцыяў. Усё гэта пацверджана дакументальна, неаднаразова асвятлялася ў беларускім пасляваенным друку, у тым ліку ва ўспамінах аднаго з кіраўнікоў лідскага падполля Роберта Сасноўскага. I ніхто гэтага не аспрэчыў па сённяшні дзень.

Праўдзіц-Шляскі піша, што лідскае гестапа на 90% складалася з былых супрацоўнікаў НКУС, што тайнымі агентамі гестапа, ці, як выражаецца Праўдзіц-Шляскі, канфідэнтамі, была маса бальшавікоў і энкавэдзістаў, якія прадаліся за рэйхсмаркі. Хлусня, ды й годзе! Не трэба праводзіць ніякіх спецыяльных даследаванняў, каб даказаць даўно ўсім вядомае: камуністаў немцы адразу расстрэльвалі ці кідалі ў канцлагеры. Канешне, трапляліся здраднікі сярод камуністаў і энкавэдзістаў, але ж не 40 чалавек адразу - у такім невялікім па тым часе гарадку, як Ліда... Іх усіх разам было меней.

Не выключана, што людзі з акружэння Праўдзіца залажылі, выдалі ворагу патрыётаў-беларусаў.

Да таго, калі верыць Праўдзіцу-Шляскаму, у атрадзе жандармерыі № 400 знаходзіліся дурні, якія не маглі распазнаць, хто іхні агент, і пачалі расстрэльваць без суда і следства. Разам з тым Праўдзіц-Шляскі ўпарта не хоча прызнаць, што лідскую гарадскую арганізацыю АК выдаў немцам сын сапраўднага польскага афіцэра Ежы Рыпер, сын таго самага маёра-інтэнданта Рыпера, які вясной 1940 г. раскрыў органам НКУС Лідскую арганізацыю польскага ЗВЗ. Бацька прадажнік, і сын прадажнік. Вось і атрымліваецца: з хворай галавы - на здаровую. Можна любіць ці ненавідзець беларусаў, камуністаў, але трэба жыць з фактамі ў ладзе. Асабліва чалавеку, які піша мемуары. У нацяжках і хлусні меру знаць.

У першапачатковым перыядзе арганізацыяй акругі АК займаліся 92 афіцэры і 250 падафіцэраў. Начальнікам аператыўнага аддзела штаба быў капітан Уладыслаў Ставоўскі ("Сава"), ад'ютантам ка-менданта, начальнікам сувязі і легалізацыі - падпаручнік Зянон Батаровіч ("Здзіслаў" "Хмара"),начальнікам разведаддзела - капітан Баляслаў Васілеўскі ("Бустрамяк"), інтэндантам - падпаручнік Стэфан Мэнкальскі ("Дунін"), начальнікам бюро інфармацыі і прапаганды - Станіслаў Ваўжыньчык ("Лігенза"), начальнікам інжынернай службы - падпаручнік Юзэф Лубікоўскі ("Сібірак"), шыфравальшчыцамі штаба - Марыя Купрыяновіч ("Марыя"), Аліна Яноўская ("Сава"), кур'ерамі штаба - Рэгіна Даноўская ("Котка") і "Хільда" (прозвішча невядома).

Да лістапада 1942 г. арганізацыя акругі была завершана.

Абвод Шчучын (кодавая назва "Лэнка" - "Луг") узначаліў падпаручнік Казімір Кшывіцкі ("Веслаў").

Абвод Ліда ("Бор") - Ольгерд Кушалеўскі ("Суліма").

Абвод Валожын ("Бжоза" - "Бяроза") - капітан Станіслаў Дэдэліс ("Паль").

Абвод Навагрудак ("Ставы") - Людвік Ненартовіч ("Мядзянка").

Абвод Стаўбцы ("Слуп") - падпаручнік Аляксандр Варакомскі ("Свір").

Абвод Слонім ("Пяскі") - капітан Мечыслаў Астроўскі ("Картач").

Абвод Баранавічы ("Пушча") - капітан "Юзэф" (прозвішча невядома).

Абвод Нясвіж ("Стражніца") - паручнік Мацей Вінтэр ("Станлей").

Першая партызанская група Навагрудскай акругі АК з'явілася ў чэрвені 1942 г. Гэта быў невялікі атрад пад нумарам 301, якім кіраваў афіцэр былога 23-га ўланскага палка падпаручнік Ян Скорб. У 1943 г. у лес выйшлі другія атрады. Як правіла, яны насілі чырвонаармейскую форму, каб не наклікаць збоку немцаў рэпрэсій супраць мясцовага польскага насельніцтва. Менавіта ў такой экіпіроўцы ў лютым 1943 г. рушыў з Ліды са сваімі людзьмі ў ваколіцы Беліцы падпаручнік Стэфан Заянчкоўскі ("Рагнар"). Яго атрад атрымаў нумар 342, а ўжо ў ліпені колькасна пераўзыходзіў батальён.

Прыкладна ў той жа час у раёне Лугамовічы - Трабы - Юрацішкі быў створаны 321-ы атрад, якім камандаваў падпаручнік Эдзіслаў Булак-Балаховіч ("Здрой") - сын смутна вядомага на Беларусі з часоў грамадзянскай вайны генерала Булак-Балаховіча.

Неўзабаве ад 301-га (Шчучынскага) атрада адасобіліся аддзельная дыверсійная група падпаручніка "Вальтэра" і новы, 313-ы атрад пад кіраўніцтвам паручніка "Саўкі". Рэшта 301-га атрада, падмацаваная свежымі сіламі (да 100 чалавек) і ўзбраеннем, перадыслацыравалася на правабярэжжа Нёмана.

У гэты час змяніўся камандзір атрада - замест "Пушчыка", які стаў ад'ютантам каменданта акругі, быў прызначаны ротмістр Юзэф Сьвіда ("Лех"), ужо знаёмы нам былы рэзідэнт польскай разведкі ў Мінску, сын былога ўладальніка маёнтка Малеч на Брэстчыне. Пасля правалу ў Мінску нейкім чынам яму ўдалося вырвацца з турмы. У Варшаве атрымаў назначэнне ў Навагрудскую акругу.

Летам 1944 г. у трохкутнік Нача - Воранава - Эйшышкі вывеў свой атрад (314-ы) падпаручнік Ян Барысевіч ("Крыся"), кіраўнік канспіратыўнай сеткі ў Васілішках і ваколіцах. Пад канец лета 1943 г. на тэрыторыі абводу Баранавічы быў арганізаваны 341-ы партызанскі атрад пад кіраўніцтвам падпаручніка "Міхала".

У кастрычніку ў раён Іўя з сярэдняй Польшчы прыбыў ўдарны кадравы батальён пад камандаваннем Баляслава Пясэцкага ("Саблеўскага") і паручніка Станіслава Каралькевіча ("Шчэнснага"). Першы быў адным з палітычных дзеячаў Канфедэрацыі народа, крайне рэакцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі пілсудчыкаў, другі - кадравым афіцэрам. Першы ў асноўным займаўся палітычнай работай, дарэчы, да вайны ён узначальваў у Польшчы радыкальна-нацыяналістычную, прафашысцкую арганізацыю "Фаланга". Другі адказваў за справы вайсковыя. Батальён быў укамплектаваны ў асноўным гарадской моладдзю з Мазоўша і Падляшша, меў у сваім складзе многа афіцэраў і падафіцэраў.

Нарэшце, на пераломе 1923/24 гг. у распараджэнні акругі прыбывае знаёмы нам з аперацыі па вызваленню вязняў пінскай турмы Ян Піўнік ("Пануры"),

У далейшым штаб акругі правёў рэарганізацыю акругі. На базе ранейшых і пазней створаных атрадаў былі сфарміраваны батальёны, з іх аб'ядноўваліся злучэнні. На базе злучэнняў прадугледжвалася стварэнне палкоў, існоўных на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства да верасня 1939 г., а іменна: 77-ы пяхотны полк (Ліда), 78-ы пяхотны полк (Баранавічы), 27-ы полк уланаў (Баранавічы). Такім чынам, у канчатковай фазе ваенная структура Навагрудскай акругі, паводле даследавання Яна Васевіча і Юзэфа Вільбіка, выглядала так:

1. Наднёманскае злучэнне - камандзір маёр Мацей Калянкевіч ("Котвіч"). Склад злучэння: 1-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 700 чалавек, камандзір капітан Уладыслаў Жогла ("Зых"); 4-ы батальён і прыданы яму эскадрон уланаў, 1600 чалавек, камандзір падпаручнік Стэфан Заянчкоўскі ("Рагнар"); 8-ы батальён, 200 чалавек, камандзір Тадэвуш Масакоўскі ("Ястшэмбец").

2. Паўночнае злучэнне - камандзір паручнік Ян Барысевіч ("Крыся"). Склад злучэння: 2-гі батальён 77-га пяхотнага палка, 650 чалавек, камандзір "Крыся"; 5-ы батальён, 300 чалавек, камандзір капітан Станіслаў Трушкоўскі ("Штрэмер").

3. Усходняе злучэнне - камандзір Станіслаў Дэдэліс ("Паль"). Склад злучэння: 3-ці (ударны кадравы) батальён 77-га пяхотнага палка, 480 чалавек, камандзір падпаручнік Баляслаў Пясэцкі ("Саблеўскі"); 6-ы батальён, 520 чалавек, камандзір Станіслаў Дэдэліс.

4. Заходняе злучэнне - камандзір Ян Піўнік ("Пануры"). Склад злучэння: 7-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 780 чалавек, камандзір Ян Піўнік, пасля смерці 16.06.1944 г. яго замяніў падпаручнік Баямір Тважыньскі ("Астоя").

5. Стаўбцоўскае злучэнне - камандзір паручнік Адольф Пільх ("Гура", "Даліна"). Склад злучэння: 1-ы батальён 77-га пяхотнага палка, 700 чалавек, камандзір капітан (ваенны лётчык) Вітольд Грыневіч ("Дзвіг"); 27-ы уланскі полк, 350 чалавек, камандзір харунжы Здзіслаў Нуркевіч ("Ноч", "Нячай").

У часе падрыхтоўкі да акцыі "Бура" дадаткова былі сфарміраваны: Нясвіжскі батальён, 500 чалавек, камандзір паручнік Мацей Вінтэр ("Станлей"), Баранавіцкі батальён, 700 чалавек, камандзір паручнік "Юзэф-2" (прозвішча невядома). Паводле Януша Праўдзіца-Шляскага, у канчатковай фазе свайго існавання Навагрудская акруга налічвала каля 8000 чалавек непасрэдна ў баявых часцях. Акрамя гэтага, у канспіратыўнай сетцы было задзейнічана болей 15 тысяч чалавек (маюцца на ўвазе асобы, якія прынялі прысягу).

Як ужо адзначалася, 16 чэрвеня 1944 г. загінуў самы славуты партызан Арміі Краёвай паручнік "Пануры". Здарылася гэта пры разгроме нямецкай пагранічнай заставы ў Еўлашах (Шчучынскі раён). Аперацыя пачалася даволі ўдала, заставалася захапіць толькі адзін бункер, у якім абараняўся нямецкі унтэр-афіцэр. "Пануры" падняў узвод у атаку і са сваім ад'ютантам рабіў кароткую перабежку. У гэтым час і быў скошаны кулямётнай чаргой. Загінула яшчэ 8 акаўцаў. "Панурага" - Яна Піўніка - пахавалі ў мястэчку Ваверка (Лідскі раён) ля муроў касцёла.

Паводле падлікаў Януша Праўдзіца-Шляскага, з першага студзеня 1942 г. і да прыходу Чырвонай Арміі фарміраванні АК Наваг-рудскай акругі правялі 102 узброеныя сутычкі з немцамі. Сапраўды, дакументальна пацверджана, што ў гэты перыяд акаўцы правялі некалькі дзесяткаў лакальных, часам даволі дзёрзкіх акцыяў супраць немцаў і паслугачоў. Напрыклад, налёты на варожыя гарнізоны Ў Радуні, Беняконях, Юрацішках, Шчучыне, вызваленне зняволеных лідскай турмы, праўда, толькі "сваіх", дыверсіі на лініях камунікацый, знішчэнне штутцпунктаў на скрыжаваннях дарог і г. д. Летам 1944 г. былі знішчаны 7 нямецкіх пагранічных заставаў

Але разам з тым лічба ўзброеных сутычак (102) з немцамі, прыведзеная былым камендантам Навагрудскай акругі, выклікае сумненне. Спашлюся на такія факты. У працы Праўдзіца-Шляскага пералічаны ўсе населеныя пункты, ля якіх ці ў якіх праходзілі баі, засады, дыверсіі, некаторыя месцы - з указаннем дакладнай даты акцыі. Адзначаецца, напрыклад, што 3-ці батальён АК правёў аперацыю ў Станкевічах, 7-ы батальен - у Скрыбаўцах. Між тым у выніку роспытаў мясцовых жыхароў старэйшага пакалення гэтых і навакольных вёскаў, усе яны, як адзін, сцвярджаюць, што ў той час тут не прагучаў ніводны стрэл, ніхто не чуў пра якія-небудзь сутычкі з немцамі.

Шчучын у працы Праўдзіца-Шляскага ў гэтым кантэксце ўспамінаецца тройчы. Але добра вядома, што сапраўдная баявая аперацыя супраць нямецкага гарнізона ў Шчучыне была толькі адна, у ёй, дарэчы, загінулі 43 акаўцы. Вечная ім памяць!

Кожнаму зразумела, не знойдзеш, бадай, ні аднаго баявога камандзіра ці военачальніка, каб ён наўмысна зменшваў колькасць сваіх перамогаў і павялічваў паражэнні. Хутчэй наадварот. Асабліва гэтым хварэюць аўтары пасляваенных мемуараў. Армейцы і партызаны, блізкія і далёкія, за гэтымі граніцамі і за тымі граніцамі. Чалавечая слабасць - паказаць сябе з лепшага боку - асабліва прачытваецца ў пазнейшых мемуарыстаў. У таго, хто пісаў не пасля падзеі, а праз гады пасля падзеі.

Таму не будзем ставіць у вялікую віну гэтую нязлосную хваробу - пераўвелічэнне польскіх заслугаў - Праўдзіцу-Шляскаму. Нас цікавіць зусім іншае. Нават у параўнанні з вялізнымі маштабамі Другой сусветнай вайны 8000 чалавек у батальёнах (плюс больш 15 тысяч у падполлі) - гэта не малая сіла. Дарэчы, усе партызаны АК былі вельмі добра ўзброеныя і нядрэнна абмундзіраваныя. Як адзначае ў сваіх успамінах начальнік штаба акругі Станіслаў Сэндзяк, без зброі добраахвотнікаў у батальёны не залічвалі.

Факты сведчаць, што гэтая сіла не была па-сапраўднаму пушчана ў ход, не змагла рэалізаваць свае магчымасці супраць немцаў, спаўна выкарыстаць наяўны падпольны і ваенны патэнцыял. Чаму?

Чаму ўзброеныя і добра абучаныя фарміраванні Навагрудскай акругі, дарэчы, і другіх рэгіёнаў Беларусі, засталіся практычна ў баку ад антыфашысцкай барацьбы? Чаму камандаванне акругі адказалася ад баявога супрацоўніцтва з кіраўніцтвам савецкіх партызанскіх злучэнняў і фактычна займала вычакальную пазіцыю?

Калі пагартаць старонкі працаў некаторых польскіх навукоўцаў, асабліва аўтараў мемуараў, якія жывуць ці жылі ў эміграцыі, то ў іх адказ па сутнасці зводзіцца да аднаго і таго: вінаватыя Масква і камандаванне савецкімі партызанамі. Вінаватыя ў тым, што не адмовіліся ад "Крэсаў Всходніх". Вінаватыя, што былі прыняты Тэгеранскае і Ялцкае пагадненні. Вінаватыя, што былі дэпартацыі польскага насельніцтва (як быццам беларусаў ці ўкраінцаў не дэпартавалі). Беларусы вінаватыя ў Катынскай трагедыі. Вінаватыя, што некаторыя савецкія партызанскія камандзіры павялі сябе з акаўцамі, мякка кажучы, не па-джэнтльменску (быццам афіцэры АК з самага пачатку загарэліся да Саветаў вялікай любоўю).

Гэты спісак абвінавачанняў і прэтэнзіяў можна прадаўжаць.

Так, сапраўды Масква была вінавата ў многім. Але калі спыніцца адно на віне Масквы, гэта будзе далёка не ўся праўда. Гэта будзе частка праўды. Другую яе частку трэба шукаць у многім недальнабачнай, прама скажам, крайне антысавецкай - асабліва пасля трагічнай гібелі разважнага і мудрага Сікорскага - палітыцы польскага эміграцыйнага ўрада ў Лондане. Гэты ўрад ні ў якім разе не хацеў змірыцца з існуючым статус-кво на ўсходніх граніцах. Урад выступіў з лозунгам "двух ворагаў". Менавіта адсюль выходзіў і другі лозунг, звернуты да Арміі Краёвай на "крэсах": "Стаяць са зброяй ля нагі!" Інакш кажучы - не выступаць супраць гітлераўцаў. Чакаць. Чакаць! Чакаць!

Хто чакаў? Як сведчаць успаміны Станіслава Сэндзяка, 80 працэнтаў складу Навагрудскай акругі АК складалі сяляне-беднякі і сераднякі, многія з іх нават не ўмелі чытаць і пісаць. Ім, безумоўна, вельмі складана было разабрацца ў хітраспляценнях і нюансах тагачасных палітычных рэаліяў.

На нашу думку, трэба з вялікай пашанай ставіцца да памяці загінулага на беларускай зямлі ў баі з немцамі, легендарнага ў Польшчы Яна Піўніка ("Панурага"). Партызан, сапраўдны патрыёт сваёй радзімы, ён не шкадаваў жыцця ў барацьбе за незалежнасць Польшчы. Палажыў галаву.

Разам з тым гэта быў чалавек свайго часу, з усімі ўласцівымі яго пакаленню стэрэатыпамі поглядаў. Дык вось, у архівах дзяржбяспекі захоўваецца данясенне савецкага разведчыка, якое непасрэдна датычыцца гераічнага "Панурага".

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ. "Зусім сакрэтна. Даведка № 1973.

Карэспандэнт № 36 Давыдаў 5.06.44 г. паведамляе поўны тэкст нядаўняга загаду камандзіра белапольскага батальёна Панурага:

"Партызанам гэтых раёнаў...

У сувязі з тым, што ваша дзейнасць не адпавядае інтарэсам польскага народа і польскай дзяржавы, загадваю вам спыніць яе. Даю вам тэрмін да 1 чэрвеня 1944 г., на гзты час загадваю вам:

1. Альбо ліквідаваць усе свае (цяперашнія) сувязі і перайсці за Нёман на службу жыдоўска-бальшавіцкіх бандаў;

2. Альбо з'явіцца да мяне са зброяй (...) у польскія партызанскія часці, каб разам абараняць мясцовае насельніцтва, незалежна ад нацыянальнасці і рэлігіі (...), ад грабежнікаў і бандытаў як нямецкіх, так і жыдоўска-бальшавіцкіх.

У выпадку невыканання майго загаду да вызначанага тэрміну, мы будзем вымушаныя ліквідаваць вас узброеным шляхам. Злоўленых аддам пад суд.

Камандзір 7-га пяхотнага палка "Пануры".

У заключэнне савецкі разведчык паведамляе: "Нядаўна тут белапалякі спалілі болей 30 хутароў і знішчылі мірнае насельнштва за сувязь з савецкімі партызанамі".

Хто мае вочы - бачыць. У загадзе героя, камандзіра батальёна ўсё сказана ясней яснага. Палякі не проста чакалі, хітравалі.

Яны падлічалі. Пралівайце кроў вы. Знішчайце адзін аднаго. Мы пачакаем. Мы змусім вас да пакоры і падначалення. Наш час блізка.

Карэспандэнт № 36 - гэта чалавек, які працаваў на чэкісцкую спецгрупу "Наватары" НКДБ БССР, дэсантаваную ў Заходнюю Веларусь. Загад "Панурага" ў штаб атрада польскіх партызанаў імя Ванды Васілеўскай (камандзір Вацлаў Альхімовіч), да так званых зялёных.

Калі падысці да справы нефармальна, то ў загадзе, як і ў асобе яго аўтара, увасоблены ўсе супярэчлівасці тагачаснага перыяду. "Пануры", сялянскі сын з цэнтральнай Полыычы, не які там шляхецкі выскачка, а чалавек, які выбіўся ў афіцэры, дзякуючы выключна асабістым якасцям - кемлівасці, мужнасці. Ён недалюбліваў паноў і паўпанкаў. "Пра "Панурага",- успамінае Станіслаў Сэндзяк,- сярод мясцовага насельніцтва ішла пагалоска як аб найсправядлівым чалавеку. Затое на яго трохі абуралася тутэйшая засцянковая шляхта, ад якой "Пануры" дамагаўся, каб перш за ўсё яна "свяціла" прыкладам. Сялянаў надта суцяшала, калі ад паручніка "атрымлівалі па заслугах" які-небудзь ганарлівы мясцовы шляхцюк або ўладальнік маёнтка, якога немцы вызначылі быць "фэрвальтэрам" (упраўляючым)".

3 другога боку, Ян Піўнік ("Пануры"), быў сынам свайго часу з усімі перажыткамі, прадузятасцямі, перакананнямі. Выхаваны ў духу нянавісці да ўсяго савецкага, да партызанаў, да Чырвонай Арміі, хоць яна і несла вызваленне ад чумы фашызму народам Еўропы, у тым ліку і радзіме "Панурага". Так, ён мог заступіцца за селяніна і аддаць загад усыпаць 10 ці 25 шомпалаў шляхцюку, але гэты ж самы чалавек мог пагражаць смерцю, як гэта бачна з загаду, адзінакроўным братам-палякам (зялёным), бо тыя асмельваліся думаць і рабіць хоць крыху што не так, як хацелася правіцелям з Лондана. Калі б "Пануры" не загінуў ад кулі немца, можна не сумнявацца, яго спасцігнуў бы той самы лёс, што і "Котвіча", "Рагнара", "Крысю" і многіх іншых, якія адразу пасля выгнання з тэрыторыі "крэсаў" немцаў выступілі са зброяй у руках супраць Саветаў.

У барацьбе з "праклятымі" бальшавікамі актыўнасць акаўцаў была поўная, праявілася адразу. Без вычаканняў.

Праўда, за іх актыўнасць і гераізм на крэсах лілася беларуская кроў. Беларусы-католікі і праваслаўныя, запісаныя палякамі, альбо засталыя на адвечна радзінных запісах - беларус - дабраахвотна ці з прымусу ваявалі за палынчызну. За чужаніцтва.

Расплачваліся за дурату не адныя воіны. Іх сем'і.

...Такім чынам, менавіта ў лозунгу "двух ворагаў", у першую чаргу, ляжалі вытокі трагедыі простых беларускіх і польскіх людзей, патрыятызм, адданасць радзімай зямлі, высокую ступень рэлігійнасці якіх польская вярхушка выкарыстоўвала для дасягнення сваёй вузкаэгаістычнай і, як выйшла на паверку, недасягальнай мэты. Здарылася тое, што ўжо неаднойчы было ў гісторыі: безадказныя палітыканы робяць непапраўныя памылкі, а разлічваецца за іх так званы маленькі чалавек, уласнымі пакутамі і крывёю. I пакутамі сяброў, крэўных.

Каментары чытачоў
Роман напiсаў(ла) 13.10.2010 13:32
Цікава стаття! Але хто напише про білоруських повстанців більш докладно, ніж я до цього зустрічав7 Не лише українці та поляки воювали проти комуністів!

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.