Польскі вайсковы супраціў і Армія Краёва

Польскі вайсковы супраціў у заходніх вобласцях БССР узнік не ў 1941 г., а мог абапірацца на тыя падпольныя структуры, што паўсталі яшчэ на этапе саветызацыі [1]. У рапартах высокапастаўленых афіцэраў „Саюза Збройнага змагання" (Związek Walki Zbrojnej - ZWZ) - пазней названага „Арміяй Краёвай" - гаворка пра польскую партызанскую дзейнасць ішла яшчэ ўзімку 1939/40 г. У дакладзе для кіраўніцтва Саюза, у якой характарызаваўся перыяд з лістапада 1939 да траўня 1940 г., перспектывы поспеху вайсковага паўстання ў БССР ацэньваліся нават вышэй, чым на тэрыторыях, занятых немцамі, бо савецкая адміністрацыя не ўжывала прынцып калектыўнага пакарання ў пераследзе за здзяйсненне замахаў [2]. Першыя ўзброеныя польскія аддзелы былі зафіксаваныя ў Беластоцкім рэгіёне. Да сярэдзіны 1940 г. кіраўніцтва Саюза намагалася стварыць у гэтым рэгіёне дзейсныя камандныя структуры. У Аўгустоўскай, Гарадзенскай i Беластоцкай акругах каля 4000 афіцэраў, падафіцэраў і шарагоўцаў падпарадкоўваліся загадам цэнтра Саюза Збройнага змагання [3]. У Віленскім краі да позняе восені 1939 г. разрозненыя групы змагаліся супраць Чырвонай арміі. Афіцэры ўтваралі аддзелы добраахвотнікаў у складзе па некалькі соцень чалавек, пра лёс якіх да сёння існуе шмат няяснага. Але да зімы большасць гэтых групаў сталі ахвярамі аддзелаў НКВД, які сістэматычна падаўляў „нацыяналістычныя паўстанні" на акупаваных тэрыторыях [4].

Падобныя працэсы мелі месца таксама на тэрыторыі пазнейшага Генеральнага камісарыята „Беларусь". На паўночным захадзе Наваградскай акругі маленькія партызанскія аддзелы нападалі на савецкія вайсковыя патрулі. Яны выконвалі смяротныя прысуды супраць інфарматараў савецкіх уладаў, рабавалі дзяржаўныя крамы - маючы пры гэтым ілюзорны спадзеў на вайсковую дапамогу з захаду. У Міры ды іншых населеных пунктах Баранавіцкай акругі ўвесну 1940 г. людзі паведамлялі пра замахі, учыненыя польскімі жаўнерамі. Іншымі цэнтрамі вайсковага супраціву былі лясныя масівы пад Белавежай (Беластоцкая акруга) і Аўгустовам (на паўночны захад ад Горадні), а таксама забалочаныя мясціны ўздоўж рэкаў Бобр i Нараў. Цэнтральная сістэма кантролю, аднак, функцыянавала ў недастатковай меры. Маленькія групы рабіліся самастойнымі й ігнаравалі загады. Таксама ўнутры паліцэйскага апарату ўзнікалі антысавецкія групы супраціву. У школах Баранавічаў і Слоніма маладзёны-палякі і беларусы збіралі і прыхоўвалі зброю. Падпольныя структуры з Горадні пашыраліся ў Наваградак, на Палессе, у часткі Беласточчыны і Віленшчыны. Польскае жыхарства падтрымлівала партызанаў у лясах. Гэта, аднак, з гледзішча колькасці вялікага значэння не мела. У пэўных мясцовасцях беларускія жыхары не падтрымоўвалі такой дзейнасці і выдавалі палякаў савецкім органам улады. Але ў Быцені, непадалёк ад Слоніма, дзе беларусы мелі колькасную перавагу, шмат хто з іх рэагаваў на першыя дэпартацыі заможных грамадзянаў, уцякаючы ў лясы й утвараючы там збройныя фармаванні. У вёсцы Дражна ў кастрычніку 1939 г. беларусы былі расстраляныя ў помсту за напады на эталоны Чырвонае арміі [5].

Ад пачатку нямецкае акупацыі польскі эміграцыйны ўрад у Лондане рабіў намаганні дзеля стварэння польскага падпольнага войска - Арміі Краёвай, а таксама дзеля таго, каб скаардынаваць яе дзеянні з узброенымі сіламі на Захадзе і з рухам супраціву ў акупаванай Польшчы [6]. Цягам першых двух гадоў пасля пачатку нямецкае акупацыі афіцыйна падтрымоўваўся вобраз савецка-англійска-амерыканскае кааліцыі ў справе абароны Еўропы. Прадстаўнікі польскага эміграцыйнага ўрада наведвалі польскія аддзелы, рыхтаваныя Чырвонай арміяй у Савецкім Саюзе [7]. У далейшым, аднак, усё большае значэнне ў справе прыняцця вайсковых рашэнняў ды матэрыяльнага забеспячэння Арміі Краёвай набывалі ўскладненні ў брытанска-савецкіх дачыненнях [8]. Эміграцыйны ўрад пацярпеў у значнай ступені з-за страты двух кіраўнікоў. 30 чэрвеня 1943 г. гестапа арыштавала камандзіра Арміі Краёвай генерала Стэфана „Грота" Равэцкага, а 4 ліпеня прэм'ер-міністр Сікорскі загінуў у авіякатастрофе паблізу Гібралтара [9].

Вайсковае значэнне Арміі Краёвай на тэрыторыі былой БССР напачатку было невялікім [10]. Да 1943 г. яе палітычнае аблічча таксама шмат у якіх аспектах заставалася незразумелым - у прыватнасці, у яго стаўленні да савецкага супраціву. Яшчэ ў першы год акупацыі мелі месца баі Арміі Краёвай з літоўскімі паліцэйскімі аддзеламі. Асабліва значэнне меў Віленскі край, які ў 1939 г. быў аддадзены пад уладу Літвы. Тут на той момант жыло амаль 70% палякаў, 14% габрэяў, 9% літоўцаў, 4% рускіх і 3% беларусаў [11]. У горадзе Вільні са 195 тыс. жыхароў 127 тыс. прылічвалі сябе да палякаў, 56 тыс. - да габрэяў, 7 тыс. - да рускіх i каля 2 тыс. - да беларусаў [12]. „Літуанізацыя" Віленскага краю адбывалася пад наглядам нямецкіх акупацыйных уладаў і пры іх ухваленні. Тут у траўні 1942 г. літоўскія паліцыянты забілі больш за 1200 польскіх змагароў супраціву. Часам для польскага жыхарства літоўцы былі яшчэ больш ненавісныя, чым нямецкія акупанты або савецкія змагары-падпольшчыкі [13]. Тут узнік агмень канфлікту, хвалі ад якога распаўсюджваліся і на тэрыторыю Генеральнага камісарыята „Беларусь" [14].

На пераломе 1942 і 1943 г. у Наваградскай, Баранавіцкай i Берасцейскай акругах, а таксама ў Віленскім краі актыўна дзейнічаў шэраг аддзелаў Арміі Краёвай, кожны ў складзе ад 30 да 100 байцоў. У 1942 г. у Мінску СД знішчыла групу з 68 змагароў супраціву, цэнтр якой быў у Варшаве; пад час ператрусу там знайшлі рацыю англійскае вытворчасці [15]. Супраціў у першыя два гады акупацыі найчасцей арганізоўваўся ўзгоднена з савецкім падполлем. На этапе, калі першачарговай была задача выжывання, канфрантацыя з акупацыйнай уладай, а тым болей паміж савецкімі, польскімі, габрэйскімі ды іншымі аддзеламі мела месца ў выключных выпадках. Змушаны хаўрус паміж савецкімі і польскімі камандзірамі ставіў за галоўную мэту знішчэнне „групаў марадзёраў" [16]. У Лідзе, Наваградку ды Шчучыне фармаванні Арміі Краёвай атрымалі загад супрацоўнічаць з савецкімі камандзірамі [17]. Але - насуперак версіям савецкае гістарыяграфіі - дамовы паміж польскімі і савецкімі вайсковымі кіраўнікамі ў бальшыні выпадкаў былі не больш чым дамовы аб замірэнні [18]. З лета 1943 г. ваенная сітуацыя пачала істотным чынам мяняцца, і прыхаваныя да пары канфлікты сталі выходзіць на паверхню [19].

Тыповым прыкладам, які ілюструе характар дачыненняў i нарастание напругі паміж рознымі плынямі вайсковага супраціву, выглядае польская брыгада лейтэнанта Мілашэўскага (Miłaszewski). Яна базавалася ў раёне Налібоцкае пушчы. Апорны пункт габрэйскае брыгады Бельскага знаходзіўся прыблізна ўсяго за кіламетр да аддзела Мілашэўскага. Асабістыя адносіны - сваяцтва, антыпатыі - камандзіраў прадвызначалі характар іх стасункаў. Пакуль суадносіны сілаў у вайсковым плане былі прыблізна роўныя, палякі i габрэі напачатку суіснавалі даволі мірна [20]. Паляк Мілашэўскі адмаўляў магчымасць правядзення вайсковых акцыяў у шчыльным супрацоўніцтве з савецкімі аддзеламі, што таксама дзейнічалі ў рэгіёне. У верасні 1943 г. яго брыгада была ўзмоцненая афіцэрамі, прысланымі эміграцыйным урадам. Узброеныя сутычкі набылі новыя маштабы. І калі палонных „рускіх" партызанаў, хоць і абяззброіўшы, а часам і збіўшы, усёткі ў бальшыні выпадкаў адпускалі, дык супраць габрэйскіх партызанаў і цывільных асобаў, што затрымліваліся ў гэтым рэгіёне, людзі Мілашэўскага дзейнічалі ўсё больш жорстка. Злоўленых габрэяў найчасцей расстрэльвалі на падставе фактаў рэквізіцыяў, якія партызаны-габрэі праводзілі ў вёсках. Мясцовыя камандзіры Арміі Краёвай лічылі сваім абавязкам бараніць безабаронных цывільных грамадзянаў ад нападаў. Калі камандзіра габрэйскіх партызанаў Бельскага запыталіся аб прычынах нападу, пад час якога байцы Арміі Краёвай расстралялі 11 партызанаў-габрэяў, якія здзяйснялі „рэйд па прадукты", той адказаў: маўляў, палякі „напалі на габрэяў, бо былі антысемітамі" [21]. У паасобных выпадках антысемітызм сярод палякаў набываў ваяўнічыя маштабы. Пасля заканчэння вайны польскі афіцэр гаварыў нямецкаму ваеннапалоннаму, што палякі „мусілі б паставіць Гітлеру помнік, калі б ён вынішчыў усіх габрэяў" [22].

Сялянская сям'я
Сялянская сям'я каля паўразбуранай сядзібы (НАРБ 750-1-294, 22)

Напрыканцы восені 1943 г. савецкае камандаванне загадала арганізаваць раптоўны напад на базы Мілашэўскага. У той час як шматлікіх польскіх жаўнераў размеркавалі па савецкіх атрадах, іх камандзіраў адправілі ў Маскву. Вядома ж, інфраструктура Арміі Краёвай у гэтым раёне i пасля ліквідацыі групы Мілашэўскага ў значнай ступені заставалася дзейснай. Хоць польскія падпольныя змагары з таго часу абміналі раён Налібоцкае пушчы, іх базы канцэнтраваліся ў навакольных мясцінах. Палякі стваралі пастаянную няпэўнасць для пераходу габрэйскіх i савецкіх аддзелаў. Населеныя пункты i сядзібы, „ахоўваныя" Арміяй Краёвай, не былі аб'ектамі харчовых рэквізіцыяў, якімі займаліся адмысловыя каманды забеспячэння. Пад час савецкіх паваенных апытанняў байцы савецкіх брыгад не расказвалі пра такое нялёгкае суіснаванне. Налібокі яны ўзгадвалі як сінонім народнага змагання братніх народаў супраць гітлераўскага фашызму. У сваіх успамінах прычынаю стратаў называлі выключна немцаў [23].

Польскі эміграцыйны ўрад яшчэ ў жніўні 1943 г. меў інфармацыю, якая сведчыла пра сітуацыю ў заходніх рэгіёнах БССР як падобную да стану грамадзянскай вайны. Інфарматары Арміі Краёвай узгадвалі пра злачынствы савецкіх партызанскіх аддзелаў, іх рэпрэсіі супраць цывільнага насельніцтва. Паводле іх дакладу, у выніку забойстваў і рабункаў былі спустошаныя віленскі, беластоцкі, наваградскі і палескі рэгіёны, напалоханыя жыхары якіх уцякалі ў гарады, а эканамічнае і сельскагаспадарчае жыццё значна паралізавалася. Для людзей, маўляў, немагчыма было адчуць розніцу паміж нямецкімі карнымі акцыямі і савецкімі дзікімі рабункамі. Да эмігранцкага ўрада звярнуліся з просьбай умяшацца і дамагчыся ад Савецкага Саюза абароны польскага насельніцтва [24]. У кастрычніку 1943 г. найвышэйшае камандаванне Арміі Краёвай атрымала ўказанні наконт сустрэчы савецкіх войскаў на польскай тэрыторыі. Нягледзячы на спробы дзе магчыма пазбягаць узброеных сутыкненняў, лонданскае польскае кіраўніцтва прадугледжвала, што над польскімі тэрыторыямі ўсталюецца кантроль злучэнняў Арміі Краёвай. Пасля адступлення вермахта i яшчэ да прыходу Чырвонае арміі трэба было заняць усе важныя цэнтры на тэрыторыі з польскім насельніцтвам [25].

Сутыкненні з савецкімі партызанскімі аддзеламі ва ўсё большай ступені набывалі рысы змагання за ўладу на населеных палякамі землях. Унутры польскага лагера пачаліся змаганні за выбар будучага курсу [26]. Трупы „нарадовых сіл збройных" - правага крыла Арміі Краёвай - распачалі барацьбу супраць камуністычнага ўхілу. Яны выступалі за знішчэнне ўсіх „чырвоных" партызанаў на польскіх тэрыторыях. Польскі супраціў, кіраваны з Варшавы і Вільні, ахопліваў агромністую колькасць ваенізаваных арганізацыяў. Яго палітычны спектр сягаў ад савецкага камунізму да прафашысціх поглядаў [27]. Мясцовыя вайсковыя камандзіры часам мелі ўласныя мэты ды ігнаравалі загады лонданскага эмігранцкага ўрада [28]. З канца 1943 г. таксама ў дыскусіях унутры Арміі Краёвай усё часцей пачаў з'яўляцца той аргумент, што, маўляў, перад абліччам канчатковага краху вермахта галоўны вораг Польшчы знаходзіцца на Ўсходзе [29]. У шматлікіх населеных пунктах савецкая выведка фіксавала наяўнасць „белапольскіх бандаў", якія мелі там значны ўплыў і нават кантралявалі некаторыя мястэчкі. Гэткія рапарты звярталі на сябе ўвагу на найвышэйшых узроўнях камандавання Чырвонае арміі. У той час як немцы ў Мінску яшчэ мроілі пра працяглае панаванне ў „Беларусіі" ды пра беларусізацыю апошняй, савецкае вайсковае кіраўніцтва ўжо стварала планы знішчэння польскіх падпольных структур з разлікам на пасляваенны час [30].

У тактычных перамовах паміж савецкімі і польскімі вайсковымі камандзірамі на акупаванай тэрыторыі апошнія ўсё часцей уздымалі пытанне пра вынішчэнне польскіх аддзелаў савецкімі. У дыялогах, што вяліся ў блазнаватай манеры, прыводзіліся даўно вядомыя факты. Але спрэчкі i канфрантацыя хаваліся за агульнымі словамі і фразамі. Хоць гаворка i вялася пра „прыкрыя выпадкі", абодва бакі на тле нямецкае прысутнасці чакалі далейшага развіцця падзеяў. Пры гэтым сітуацыя была гранічна зразумелаю. У той час як кіраўнік польскага супраціву ў Віленскім краі Аляксандр Кшыжаноўскі (Krzyżanowski; падпольная мянушка „Wilk" - „Воўк") здзяйсняў напады на нямецкія гарнізоны і пры гэтым дасягаў значных поспехаў, прызнаных i савецкім бокам, яму давялося сутыкнуцца з закідамі свайго савецкага контрагента за тое, што ў інфармацыйным бюлетэні Арміі Краёвай ён назваў Сталіна „другім галоўным ворагам" [31].

Палякі сутыкаліся ў Беларусі з усё лепш арганізаванымі часткамі НКВД. Апошні меў у БССР амаль суцэльную сетку тэрытарыяльных камітэтаў. Шчыльнасць групаў і структураў сабатажу была ў колішніх польскіх ваяводствах такая ж высокая, як і на колішняй савецкай тэрыторыі. Праца аддзелаў НКГБ абмяжоўвалася не толькі раскрыццём i ліквідацыяй шпіёнаў, але і ў значна большай ступені была зарыентаваная на знішчэнне „ворагаў савецкае ўлады". Як мяркуецца, НКГБ і НКВД забілі цягам вайны каля 37 тысяч „варожых элементаў", а ў іх ліку 6 тысяч нямецкіх „людзей даверу" [32]. У рапартах савецкіх партызанскіх брыгад побач са звесткамі пра забітых нямецкіх жаўнераў і афіцэраў, а таксама паліцыянтаў называліся таксама „шпіёны і здраднікі", колькасць якіх часта была вышэйшай за колькасць узброеных байцоў [33]. Важным месцам у гэткага кшталту паведамленнях была „прапольская" пазіцыя насельніцтва. У Беларусі яе, нягледзячы на апісаныя вышэй канфлікты паміж этнічнымі групамі, фіксавалі не толькі ў польскім асяроддзі, але і сяды-тады сярод беларусаў. Аднак апошнія ў гэтым выяўлялі не столькі вотум даверу для польскага кіраўніцтва, колькі - у значна большай ступені - супраць савецкага разумення ўлады, і ў гэтым яны рабілі выбар на карысць „меншага ліха" [34].

У Наваградскай і Баранавіцкай акругах цягам 1943 г. усё больш выразна выяўлялі сябе сапраўдныя намеры савецкага кіраўніцтва. Савецкія партызанскія аддзелы не толькі займаліся разбурэннем нямецкай сувязі і сістэмы камунікацыяў, але і сям-там стваралі савецкія кантрольныя інстанцыі [35]. У той самы час напружанасць у населеных пунктах рабілася ўсё мацнейшай. У Слонімскай акрузе польскія сем'і перадавалі інфармацыю пра дзейнасць савецкіх групаў нямецкай паліцыі. Тры тысячы мясцовых паліцыянтаў або дапаможных супрацоўнікаў вермахта ўзмацнілі вайсковы патэнцыял. У якасці сталай і нязменнай пагрозы палякі ўспрымалі казакаў, кабардзінцаў, чаркесаў, украінцаў, беларусаў і рускіх, што на пачатку 1944 г. прывяло да ўзнікнення новае хвалі ўцекачоў з вёсак у гарады. Маладыя людзі звярталіся да нямецкіх жаўнераў з просьбай дазволіць ім перасяліцца на Буг. Галоўным чынам гэта было выклікана страхам перад наступай Чырвонае арміі. На іх думку, шанцы на выжыванне на берагах Буга былі найлепшыя, бо акурат там Армія Краёва мусіла мець найбольшы ўплыў. Калі ў чэрвені 1944 г. польскі аддзел разрабаваў дзяржгас „Глінішчанскі" і забіў некалькі байцоў размешчанага там літоўскага паліцэйскага батальёна №258, літоўскі камандзір роты загадаў сагнаць увесь польскі персанал гаспадаркі і расстраляць усіх, улучна з жанчынамі і дзецьмі, за быццам бы ўчыненую здраду. Калі ў гэтай гаспадарцы выпадкова з'явіліся немец-супрацоўнік Таварыства Остлянда загаспадарання зямлі, а таксама паляк, былы ўладальнік маёнтка, які выконваў для гэтага органа ўлады кантрольныя і дарадчыя функцыі, паляка выхапілі проста з машыны і тут жа расстралялі. Паказальным для дэманстрацыі сітуацыі распаду ў апошні перыяд вайны было тое, што ў адказ на пратэст нямецкага супрацоўніка Таварыства апошні пачуў, што, маўляў, няхай ён радуецца, што не расстраляй і яго, і параду як найхутчэй знікнуць разам са сваім самаходам. Сваякам расстраляных давялося прасіць дазволу ў віленскім „штабе супрацьдзеяння ўзброеным бандам" на эксгумацыю пахаваных у агульнай магіле целаў і перазахаванне іх у асобных магілах. Крыху пазней СД арыштавала ўдзельнікаў расстрэлу, літоўца - камандзіра роты і некалькіх ягоных жаўнераў [36]. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

У Пінску польскія партызаны раззброілі, а потым адпусцілі патруль вермахта. Афіцэры былога Войска Польскага камандавалі гэтымі аддзеламі ў асобных выпадках з 1939 г. і яшчэ ўлетку 1944 г. пазбягалі ўсялякіх кантактаў, ініцыяваных савецкім бокам. У Маладзечанскім рэгіёне польскія падпольныя групы пачалі акцыю мабілізацыі ўсіх асобаў мужчынскага полу, народжаных у 1925-1927 г. Колішніх савецкіх функцыянераў збівалі проста на вуліцы сярод белага дня [37]. У Вілейскім гебітскамісарыяце, у наваколлях Ракава, у 1944 г. польскія групы перамяшчаліся амаль без перашкодаў з боку нямецкай або мясцовай паліцыі. Тут зноў і зноў мелі месца факты раззбраення і выкрадання жаўнерамі Арміі Краёвай жандараў, якіх потым у бальшыні выпадкаў адпускалі на свабоду [38]. Цягам апошніх месяцаў нямецкай акупацыйнай улады ўзніклі прыкметы другой анексіі ўсходніх земляў былой Польшчы. Яшчэ ў большай ступені, чым гэта мела месца ў 1939 г., яна здзяйснялася не ў форме звычайнага прыходу войскаў, але ў выглядзе ваеннага канфлікту шматлікіх бакоў.

К'яры, Б.
Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941-1944 г.) / Пер. з ням. Л. Баршчэўскага; нав. рэд. Г. Сагановіч. - 2-е выд., папраўл. - Мінск, 2008. - 390 с. - (Бібліятэка часопіса "Беларускі Гістарычны Агляд").

Крыніцы:

  • [1] Пра паняцце „вераснёўскае паўстанне" параўн.: Strzembosz. Armed Resistance..., 150.
  • [2] Тамсама, 153.
  • [3] Armia Krajowa w dokumentach..., N.l, 347-348.
  • [4] Liszewski. Wojna polsko-sowiecka 1939 г., 96-97.
  • [5] Strzembosz. Armed Resistance..., 163-164.
  • [6] Okęcki. Polish Resistance Movement...; Peszke. The Polish Armed Forces...
  • [7] Яшчэ цалкам у духу бесканфліктнага партнёрства паміж заходнімі саюзнікамі i Савецкім Саюзам: Zaba, Hansson. Das kämpfende Polen... Пра армію Андэрса мемуары яе камандзіра: Anders. An Army in Exile...; Сталин, Берия и судьба Ар¬мии Андерса... Савецкая ваенная гістарыяграфія апісвае польскі ўклад у Другую сусветную вайну ўнутры Чырвонай арміі найбольш тыпова ў: Поплавский. То¬варищи в борьбе...
  • [8] Karski. The Great Powers and Poland..., 387-524; Świderska. Z powiązań Polska- SOE-NKWD...
  • [9] Kersten. The Establishment of Communist Rule..., 3-38; Irving. Accident...
  • [10] Аглядна ў: Весялкоўскі. Што прывяло Армію Краёву на Беларусь...; Сямашка. Армія Краёва на Беларусі...; Ермолович, Жумарь. Огнем и мечом...
  • [11] Borodziewicz. Rozmowy polsko-litewskie...
  • [12] Postwar Foreign Policy 1939-45..., Washington. Department of State 1949, App.16, 12.01.1943, 495; копія ёсць у: НАРБ.
  • [13] Banasikowski. Na ziemi Wileńskiej..., 70.
  • [14] Korab-Żebryk. Biała Księga..., 23-26, 37; у падобным ключы: яго ж. Operacja Wileńska AK...
  • [15] ЦИДК 504-1-8.
  • [16] SiPo, Berichte über Zusammenarbeit, ЦИДК 504-1-10.
  • [17] Juchniewicz. In the Partisan War in the East of Europe... Юхневіч у сваей працы абмяжоўваецца прасавецкім i антынямецкім укладам у вызваленне БССР.
  • [18] Пра псіхалагічнае становішча польскіх вайсковых камандзіраў у падполлі гл.: Garliński. The Survival of Love...
  • [19] Gnatowski. Dokumenty o stosunku radzeckiego kierownictwa...; Note an den sowjetischen Botschafter, 16.05.1942, DPSH, T.l, 352-353.
  • [20] Tec. Defiance..., 114-115.
  • [21] Тамсама, 152-153, цытата на с.153.
  • [22] Erinnerungen Froben Schulz, 3.01.1997, неапубл. машынапіс, 3.
  • [23] Бляшев Абдурахман Хасанович, НАРБ 750-1-121, арк.128-135; Венцек. Учас¬тие поляков в борьбе...
  • [24] DPSR, Т.2, 29-30.
  • [25] Указание генералу Бур-Камароўскаму, 7.07.1944 г., DPSR, Т.2, 276-277.
  • [26] Аглядна ў: Гнатоўскі. Аб стане даследавання...
  • [27] Gnatowski. Grupy i oddziały NKGB..., 377; параўн.: Okęcki. Polish Resistance Movement..., 321-381; Terej. Na rozstajach dróg...
  • [28] LMP-WCU, SW 2625, Z.N., арк. V 958.
  • [29] Kersten. The Establishment of Communist Rule..., 21-22.
  • [30] Шматлікія прыклады з розных рэгіёнаў гл. у: Gnatowski. Dokumenty o stosunku radzeckiego kierownictwa...
  • [31] Кіраўнікі савецкіх брыгад імя Манохіна, імя Суворава i імя Жалезняка; Banasikowski. Na ziemi Wileńskiej..., 73.
  • [32] Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Пінская, Палеская, Вілейская, Віцебская вобласці; параўн.: Gnatowski. Grupy i oddziały NKGB..., 364, 369, 376; Соловьев. Они действовали под разными псев¬донимами... НКГБ выдзеліўся з Наркамату ўнутраных спраў толькі ў 1941 г.
  • [33] Напрыклад, запіскі брыгады „Штурмавая", НАРБ 3500-4-152, брыгады імя Варашылава, НАРБ 3500-4-257.
  • [34] Да прыкладу, брыгада імя Леніна, НАРБ 3500-4-27.
  • [35] Параўн.: DPSR, Т.2, 729.
  • [36] SiPo Kauen, Fernschreiben 5701, 24.06.1944, ЦИДК 501-1-14, арк.60-61; BdS Ostland an HSSPF Riga, 26.06.1944, тамсама, арк.62.
  • [37] НАРБ 3500-2-32, арк.9, 11,14, 100,101.
  • [38] LMP-WCU, SW 2625, Z.N., арк.ІІ 81, II 81, II 94, II183, V 958.