25-га Сакавіка

У Менску

Сьнежань 1917 году ў Менску. Я, як пісарчук "Всерасійскага Земскага Саюзу" (напаўвайсковая арганізацыя дапамогі жаўнерам на фронце), прыкамандыраваны быў да "Камітэту Северазападнага Фронту", што стаяў тады ў Менску. Горад гэты, перапоўнены войскам, быў надзвычай рухлівы. Але ў паветры чулася яшчэ нешта асаблівае, нейкае нязвычайнае ажыўленьне: усюды гучэлі словы: "Беларускі Нацыянальны Зьезд", "Усебеларускі Кангрэс". Паўтарала гэтыя словы і расейская й беларуская менская прэса й разнаякая цывільная ды вайсковая публіка. Слухаў я гутаркі й дыскусіі аб "Беларускім Кангрэсе" і сярод маіх супрацоўнікаў "Земсаюзу". Спрачаліся расейцы й мясцовыя менчукі аб "Учредытельном Собрании", сэпаратызьме, фэдэралізьме й непадзельнай Расеі. Мне - вучню, гэтыя словы тады мала што гаварылі, але я адчуваў, што ў Менску адбываецца нешта вельмі важнае й беларускае, бо Беларусь была на вуснах ува ўсіх. Сэрца маё пачынала ёкаць, пры кожнай важнай спрэчцы я мімавольна, хоць ціха, трымаў старану тых, што баранілі Беларусь і мне страшэнна хацелася ведаць што такое гэты "Беларускі Кангрэс" і дзе ён адбываецца. Асьцярожненька я дапытаўся ўсё-ж: "Беларускі Кангрэс" адбываецца ў рожавым будынку тэатру, недалёка ад Пётрапаўлаўскай вуліцы, дзе я жыў. Туды я й шмыгануў пасьля працы.

На вуліцы й на сквэрыку каля тэатру было большае ажыўленьне, а газэтчык - хлапец больш менш у маім веку - прадаваў тэлеграмкі - надзвычайны дадатак, з крыкам: "Беларусь адзьдзяляецца ад Расеі"! Я цешыўся, што змагу ў яго спытацца як папасьці на Кангрэс, бо старэйшых і важных мне не хацелася чапаць і я адразу да яго зьвярнуўся. На маё пытаньне хлапец адказаў: "Пачакай, я зараз скончу прадаваць тэлеграмкі, тады разам пойдзем". Мяне падбадзёрыла, што ён гаварыў такой самай гутаркай, як і я, а не "пагарадзкому", і я стаў побач яго. "На, чытай, калі ўмееш" - сунуў ён мне ў руку тэлеграмку. Я ўмеў чытаць пабеларуску, бо яшчэ перад вайной чытаў беларускія календары з Пецярбургу й "Нашу Ніву" з Вільні. У тэлеграмцы было напісана, што "Ўсебеларускі Зьезд" вынес пастанову аб тым, што Беларусь мае адзьдзяліцца ад Расеі. Гэта быў надзвычайны дадатак - ня помню цяпер добра - ці "Вольнай Беларусі", ці "Звону".

Тым часам на сквэрыку зьявілася шмат войска. Жаўнеры ў баявым строі, са стрэльбамі хлынулі ў тэатар. Адразу выбухла нейкая нэрвовая атмасфэра. Прахожыя затрымліваліся каля войска, што заткнула ўсе дзьверы тэатру й адразу пачаўся тварыцца натоўп. Пры самым уваходзе ў тэатар стаяла некалькі кулямётаў. Жаўнеры сталі адціскаць натоўп і загадавалі расхадзіцца. З тэатру пачуўся гоман і вострыя крыкі. Гуло там, як у вульлі. Час ад часу чутны былі стрэлы. Публіка пачала панічна разьбягацца й з нэрвовым цікавым позіркам затрымлівалася воддаль. Мой новы знаёмы даўно ўжо перестаў выкрыківаць сваё "Беларусь адзьдзяляецца ад Расеі!.." і з трывогай пазіраў на тое, што дзеялася навокал. "Хадзем!" - урэшце сказаў ён і, схапіўшы мяне за руку, пацягнуў да тэатральных дзвярэй. "Куда вы, мышаняты, вход в театр запрещен!" - крыкнулі на нас жаўнеры й адапхнулі ў бок. "Бачыш? Разганяюць Кангрэс! Хадзем на другі бок вуліцы, паглядзім што далей будзе", - прамовіў нэрвова мой новы сябра й мы адыйшліся.

А ў тэатры варылася, як у катле. Гоман і крыкі чутны былі аж на другім баку вуліцы. Стрэлы часьцелі. Жаўнераў прыбывала ўсё больш і больш. Яны прыходзілі цэлымі ротамі. Будынак тэатру быў ахоплены вайсковым кругам. Над'ехалі й бранявыя самаходы. Жаўнеры кінуліся разганяць і тых людзей, што групаваліся воддаль. Нам, хлапцом, патапталі ногі й укінулі нас у якісь бочны завулак. Зсінелыя ад сьцюжы, мы стараліся зноў прашмыгнуць да тэатральнага будынку, але нічога з гэтага ня выйшла. Вуліца й сквэрык былі запруджаны войскам, цывільных ня было зусім відаць, усякі вулічны рух тут быў спынены. "Хадзем да мяне ў "общежитие"" - запрапанаваў я. "Добра, пакажы мне дзе ты жывеш, дык я да цябе прыду пазьней, бо цяпер мушу бегчы ў редакцыю й паглядзець што там дзеецца". І так мы рассталіся з Лёнькам, бо так называўся гэты рухавы хлапец.

Лёнька прышоў да мяне позна, бо аж па адзінаццатай. Ён не званіў, а пастукаў у вакно, як мы ўмовіліся. Я вышаў на вуліцу. Ён расказаў мне, што Беларускі Кангрэс разагналі бальшавікі за тое, што ён пастанавіў, каб Беларусь адзьдзялілася ад Расеі, што акцыяй разгону кіраваў камісар Крывашэін, што ў тэатры была вялікая бойка й што некаторых беларусаў паарыштоўвалі. Называў нават прозьвішчы, але я іх цяпер ня помню. Сказаў мне пад сакрэтам, што ён падслухаў у рэдакцыі, што Кангрэс мае йзноў сабрацца, толькі ён ня ведае дзе. Мы з ім пасябравалі й пазьней шмат разоў спатыкаліся, пакуль я быў у Менску. Гэта быў заядлы беларус. Я яго знайшоў і ў 1919 годзе, калі другі раз быў у Менску - пры паляках. Мы разам хадзілі ў "Беларускую Хатку" на канцэрты й прадстаўленьні.

На другі дзень увесь Менск гаварыў аб разгоне Ўсебеларускага Кангрэсу. Пісала аб гэтым і расейская прэса. На кожным кроку чуліся дыскусыі. Тады яшчэ бальшавікі толькі прыходзілі да ўлады і ніхто іх надта не баяўся, гаварылі сьмела. У абсалютнай бальшыні дыскутуючых чулася абурэньне супраць бальшавікоў за разгон Кангрэсу. Абураліся ня толькі беларусы, але й расейцы. Мае супрацоўнікі ў "Земсаюзе" толькі аб гэтым і гаварылі. Нават урадаўцы высокай рангі, як упаўнамочаны Ўладзіміраў - эсэр па перакананьнях - быў страшэнна абураны. "Як яны сьмелі разагнаць Беларускі Кангрэс, Кангрэс народу, які найбольш уцісканы быў царскай уладай і першы раз сабраўся, каб сказаць сваё слова!" - казаў ён. Падобных галасоў было многа. А калі пазьней зьявілася вестка, што Кангрэс усё-ж сабраўся зноў у чыгуначным дэпо пад ахаронай чыгуначнікаў, якіх бальшавікі ня сьмелі крануць, што закончыў сваю працу й пераказаў усе свае паўнамоцтвы аб лёсе Беларусі Радзе Кангрэсу - чуліся словы пахвалы й задаваленьня: "Ай да беларусы, вот так молодцы, не побоялись красных штыков Крывошэіна! Не так, как наша эсэрня, что сидит, как мышь под метлой!"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.