Думкі аб Слуцкім паўстаньні

В. Русак 08.03.2008

Ліст Васіля Русака Канстанціну Езавітаву

1 сакавіка 1944 г.

м. Прага

Вельмі шаноўны сябру К. Езавітаў.

На Ваш ліст і матэрыялы па Случчыне адказаў пісулькай, цяпер пішуліста. Пачну з надрукаванага ў [часопісе] "Б[еларус на] варце". Артыкул набліжаецца зусім да праўды, але самае галоўнае не дагаворана і яно ні можа быць дагаворана, бо ўсю складну ператасоўку праводзіў я і знаў Сяргей Бусел, якога зь Вільні вывязьлі. Часцічна знаў Пракулевіч. Пасьля зьезду ў Менску ўлетку 1920 года, на якім былі случакі, мы былі зьвязаны партыйнаю дысцыплінаю, і таму было роблена мною як бы за кулісамі і толькі, калі ўжо ні можна было выйсьці з палажэньня, браўся афіцыйна. Станавілася так справа, што ўся праца папярэдніх гадоў (гл. "Нашую Думку" за 1921 год, № 9, 10, 11*) магла б пайсьці не на карысьць Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня. "Тройка" - Паўлюкевіч, Мацэля і Бочка, якія арганізовывалі мітынг у Слуцку, выбраўшы 9 дэлегатаў на папаўненьне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, і ў гэты спосаб захапіць у сваё кіраўніцтва Камітэт, было зроблена ўсё, каб гэтага не сталася, а пры перагаворах прышлі да згоды сазваць зьезд Случчыны разом, каб ужо зьезд выдзяліў кіраўніцтва. Ужыта слова ні Слуцкага павету, а Случчыны з шыршым зьместам, бо былі прадстаўнікі і з другіх паветаў. Прадстаўнікі былі: ад вёскі па 2 дэлегаты, а ад беларускіх арганізацыяў па 5.

Уся ідэёвая нацыянальная праца вялася дужа сьціскла; былі вызваны вучні зь мест, сябры "Папар[аць]-Кветкі", каб намеціць кандыдатаў на месцах, і праводзілі выбары. Першы дзень зьезда - 14 лістапада 1920 года, і выбары старшыні прайшлі як найлепей. Тагды "тройка" бачыць, што ўсе яе камбінацыі з Балаховічамі йдуць на змар, рашылі папробаваць тэрор. 3 гэтаю мэтаю быў арэстованы Асьвяцімскі і пушчана правакацыя на старшыню зьезда Васіля Русака, а гэта ўжо іх была бестактоўнасьць, бо на яго ні мог ніхто маральна сказаць слова, яго добра ведалі як аднаго з чэсных змагароў-рэвалюцыянераў, беларускіх дзяржаўнікаў. На другі дзень, 15 ліст., пайшло бурленьне, пачалі ўносіць рэзалюцыі. Іх было тры. Каб ні разьбіваць галасоў, адна была зьнята, дзе коратка вітаўся ўрад Народнай Беларускай Рэспублікі". Дзьве другія былі прыняты для ўжытку, і старшыня пасьля прыняцьця аканчальна зьбіў Паўлюкевіча, а тым самым даў знаць брату Балаховіча, што німа што ў Случчыне рабіць.


Пасьведчаньне В.Русака, рэвідэнта БВК.

Гэта было так: посьле прыняцьця рэзалюцыі, дзе віталася Найвышэйшая Рада БНР, старшыня зьезду, знаючы, што Павал Жаўрыд меў грамату ад Найвышэйшай Рады БНР, зараз жа даў міма чаргі слова яму як прадстаўніку Найвышэйшай Рады <...> [Тут балахоўцы] кінуліся крычаць: "Як то!"... Тагды старшыня <...> усьцешыў і разьясьніў, у чым справа, і ўсе крыкі ўжо няўмесны, паколькі прынята рэзалюцыя аб прызнаньні Рады БНР і мусімо*яе камісара. Пасьля чаго была выбрана Рада Случчыны зь 17 асоб, якая зь сябе выдзяліла Прэзыдыюм з 7 сяброў, старшынёю быў Ул. Пракулевіч.

Пасьля зьезду разьвярнулася гарачая рэвалюцыйная праца, бо час ні ждаў. У Слуцак наплывала многа народу, якія ўцякалі ад маскоўскай навалы. Быў выдан пратэст на імя народнага камісара Леніна праз дэлегацыю, якая была пры польскім штабе пры [перамовах] па перамір'ю, што да ўвода Чырвонай арміі на Беларусь, паколькі яе прызнаюць пры перамір'і, і што калі ня будзе прыняты гэты пратэст к пагоджаным, то Рада Случчыны, выпаўняючы волю жыхарства, павядзе яго на аружнае змаганьне. У даны срок отпаведзі ні было, тагды Рада Случчыны дадала заяву аб зборцы ў мяст. Семежава і прыняцьці фарміраваньня 1-е Слуцкай брыгады войск БНР, так што з былое міліцыі арганізоўвалі ўжо войска на барацьбу з ворагамі за Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусь Каб паказаць перад сьветам ужо сваю правату і за што змагацца, Рада Случчыны 28-29.ХІ.1920 г. у м. Семежаве выдала Дэклярацыю, якая дзялілася на ўступ і 8 аддзелаў пры ім. Да Семежава прыехаў прадстаўнік Найвышэйшай Рады Тэрэшчанка, які, убачыўшы, як стройна радамі йшлі жаўнеры Случчыны, расплакаўся, раздаваў усё, што меў. На паседжаньні Рады гаварыў, што ён увойдзе ў перагаворы з Польскаю ўладаю і паможа нам амуніцыяй і аружжам, к таму што Вайсковая Камісія ў Лодзі вышле афіцэраў <...> Абніякай помачы амуніцыяй і аружжам ня было ні слуху ні духу, а некалькі афіцэраў прыбыло. Частка іх была сумленна і нават патрыятычна <...>, другая нечага баялася, і яны пакінулі Семежава. Пасьля ўдачных і няўдачных баёў (гл. сводку ў "Новым Шляху", 25 лістапада 1937года;№3(24)).*<...>

Што датычыцца асобаў, іх характарыстык, то проста ўстрымовываюся, паколькі ні знаю, у якім яны стане ёсьць і дзе. Знаю толькі, што Кутылоўскі-Сокал у Ганцавічах цяпер, а Якубецкі ў Дзьвінску. Уладзімер Пракулевіч быў пракурорам суда, Павал Жаўрыд - юрыст пасьля Варшаўскага ўніверсытэту. Паўлюкевіч - ваенны ўрач. Мацэлі, здаецца, Вы яго зналі, бо некаторы час быў у Менску ў Вайсковай Камісіі, потым Рада Случчыны дала дзеля сувязі ў штаб Балаховіча, як і Балаховіч і Савінкаў далі нам афіцэра дзеля сувязі. Бо Рада Случчыны вяла зь імі кантакт толькі як з вайсковымі і не ўступала ў другія якія бы то ні было перагаворы, каб гэтыя польскія найміты не скампраметавалі ў вачох грамадзянства і Беларусі справы незалежнасьці. Бо прызыў у Рады Случчыны быў: "Ні польскага пана, ні маскоўскага камісара". Хаця ж гэта з* увайшло як слуцкае паўстаньне, але правідлова яго можам назваць "Барацьба Случчыны ў 1920 г. за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі проці акупацыі".

НАРБ, ф. 459, воп. 1, спр. 9, арк. 35-39. Аўтэнт., рук. Апубл.: Спадчына. 1995. №6. С.31-36.

*Узгадваецца артыкул Юркі Лістапада "Узьбіліся на свой шлях", зьмешчаны ў віленскай газэце "Наша Думка" ў 1921 г. Гл. с. 142-152.

** Маецца на ўвазе ўрад В. Ластоўскага.

* Наступнае слова нечытэльнае.

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.