Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)

Другі Ўсебеларускі Кангрэс

Падзеі на фронце, недахоп інтэлігенцыі, якую зьнішчылі фізічна Сталін і Варшава, ускладнялі ўмовы скліканьня Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, які трэба было правесьці як мага хутчэй. Аднак жаданьне і падтрымка народу давала сілу і энэргію беларускаму актыву для скліканьня гэтага Кангрэсу.

27 чэрвеня 1944 г., калі бальшавіцкая навала была каля сталіцы Беларусі, у Менску адбыўся гістарычны Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Дэлегаты абмеркавалі ўсе дзеяньні Беларускай Цэнтральнай Рады і вызначылі яе на чале з прэзідэнтам БЦР дзяржаўным прадстаўніком беларускага народу да часу скліканьня Трэцяга Ўсебеларускага Кангрэсу.

Гэта былі велічныя хвіліны, калі вырашаўся лёс і будучыня беларускага народу. Прыгожа гучала па залі беларуская мова, хаця кожны свабодна мог гаварыць, як хацеў[45]. Беларускі народ паказаў сьвету, што, нягледзячы на страшны векавы прыгнёт, ня страціў сваёй народнай годнасьці, сваёй слаўнай мінуўшчыны – паўстаў ізноў, як у 1918 г. 25 сакавіка, так і цяпер 27 чэрвеня 1944 г., абвясьціў сьвету свае правы на вольнае жыцьцё ў вольнай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспубліцы.

Беларускае Краёвае Войска (БКВ) з усходняй франтавой зоны Беларусі актыўна прымала ўдзел у працы Другога Ўсебеларускага Кангрэсу. Прадстаўнікамі БКВ-ОД і адначасна закансьпіраванымі прадстаўнікамі БНП былі: я, Дзімітры Касмовіч, інспэктар БКВ-ОД, сябра ЦК БНП; мой намесьнік па лініі БКВ-ОД Міхась Вітушка, сябра ЦК БНП; Усевалад Родзька - кіраўнік БНП.

Жаўнеры Беларускага Краёвага Войска прыслалі з Усходняга фронту прывітаньне дэлегатам Другога Ўсебеларускага Кангрэсу і выказалі салідарнасьць у прыняцьці ўсіх пастаноў Кангрэсу:

“Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу ў Менску, вельмі паважанаму Гаспадару Прэзыдэнту Прафэсару Радаславу Астроўскаму.

Жаўнеры Парадкавай службы – першай Беларускай Збройнай Арганізацыі прысылаюць з усходняга фронту Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу гарачае прывітаньне і жадаюць Яму поўнага посьпеху ў ягонай працы над адбудовай вольнай і незалежнай Беларусі. Прыракаем Усебеларускаму Кангрэсу поўную салідарнасьць у ягонай дзейнасьці і пастановах. Прыракаем сваю зброю ня выпусьціць з рук, пакуль не застанецца ніводнага ворага на нашай беларускай зямлі. Жыве Беларусь!

26.6.1944 г. Жаўнеры і афіцэры парадкавай службы, Усходні фронт”.

Гэты абавязак байцы і камандзіры Беларускай парадкавай службы – Беларускага Краёвага Войска – ОД ганарова выканалі. Яны ўвесь час вайны гераічна змагаліся на Ўсходнім фронце супраць ворага Беларусі № 1 – маскоўска-бальшавіцкага Сталінскага рэжыму. Нават пасьля заканчэньня вайны ў лясах пры дапамозе насельніцтва яны працягвалі барацьбу супраць камуністычнага акупанта за вольнасьць і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Вораг быў мацнейшы, і яны злажылі сваё жыцьцё на аўтар сваёй Маці-Беларусі.

Яны несьлі з гонарам бел-чырвона-белы беларускі сьцяг – сімвал вольнасьці беларускага народу і яны перадалі яго ў спадчыну маладому беларускаму пакаленьню з запаветам несьці гэты сьцяг вольнасьці і незалежнасьці да канчатковай перамогі, каб гэты сьцяг вольнасьці разьвіваўся над ўсёю злучанай вольнай і незалежнай Беларусьсю, у якой беларускі народ, шануючы ўсе прыязныя яму нацыі, будзе гаспадаром, а не нявольнікам.

Чырвоны камуністычны панявольнік набліжаўся да Менску, але гэта не запужала дэлегатаў, бо патрыятычнае пачуцьцё заглушала страх. Пад грукат артылерыйскага агня і выбухі разрываючых бомбаў, прадстаўнікі народу з гонарам закончылі сваю гістарычную працу. Другі Ўсебеларускі Кангрэс вынес наступную рэзалюцыю, прынятую адзінагалосна ўсімі дэлегатамі:

“Другі Ўсебеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску праз чвэрць стагодзьдзя пасьля Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і выслухаўшы даклады аб падзеях на Беларусі ў часе паміж абодвума Кангрэсамі, адзінагалосна пастанавіў:

1. Вызначыць правільнай і зноў падцьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая маючы паўнамоцтвы Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917, на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 г. урачыста 3-й Устаноўчай Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквою і расейскай дзяржавай ва ўсіх яе формах.

2. Падцьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе створаныя Масквою нібыта беларускія ўрады – ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца беларускім народам.

Таму ўсе ўмовы, ці аднабаковыя пастановы ўрадаў: СССР, былой Польшчы і сучаснага, гэтак званага “эміграцыйнага ўраду Польшчы”, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і беларускага народу і якія былі зроблены раней, або будуць зроблены ў будучыні, Другі Ўсебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы; як ня будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаваў і народаў.

4. Адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу і ягонага краю зьяўляецца сёньня Беларуская Цэнтральная Рада з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале”.

30 чэрвеня 1944 г. Беларуская Цэнтральная Рада пад моцным напорам бальшавіцкага наступу вымушана была пакінуць Менск. Беларускае Краёвае Войска-ОД, Беларуская Афіцэрская Школа, Беларуская Краёвая Абарона і ўсе ўзброеныя фармацыі разам з франтавой арміяй пакідалі Беларусь. Аднак жаўнеры і цывільнае насельніцтва Беларусі працягвала верыць, што вольны Захад усё ж такі дапаможа перамагчы камуністычнага акупанта і аднавіць вольную беларускую дзяржаву.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Аляксандр напiсаў(ла) 26.11.2012 15:16
Надрукуйце, калі ласка, дату выхада друкаванага твора

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.