Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)

Дзмітры Касмовіч і яго ўспаміны

Дзмітры Касмовіч нарадзіўся 21 верасня 1909 г. у Нясвіжы ў сялянскай сям’і Дзяніса Касмовіча і Юстыны з Крукоўскіх. У 1920-1927 гг. вучыўся ў Нясвіжскай, Наваградскай, Радашкавіцкай гімназіях. Падчас вучобы ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі далучыўся да беларускага нацыянальна-вызвольнага руха, а на яго светапогляд паўплывалі Язэп Гаўрылік, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандар Уласаў.

Пасля непрацяглай працы на пошце ў Нясвіжы і Бярозе-Картузскай (1927-1928 гг.) Дзмітры Касмовіч выехаў у Бельгію, дзе жыў да 1934 г., выключаючы службу (1933-1934 гг.) у польскім войску. У Бельгіі ён вучыўся ў Політэхнічным Інстытуце ў Генце, ва Універсітэце Льежа, паралельна падрабляючы на вугальных капальнях. Касмовіч увайшоў у склад кіраўніцтва Аб’яднання Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый (АБСА), якое дзейнічала ў Еўропе і рэпрэзентавала беларускую моладзь на міжнародных форумах, даводзячы грамадскасці пра нацыянальны і сацыяльны ўціск беларусаў у Польшчы і СССР.

У 1934 г. Дзмітры Касмовіч пераехаў у Югаславію (Згодна з законамі Бельгіі, нельга было сумяшчаць універсітэцкую вучобу з працай.), дзе паступіў на багаслоўскі факультэт Бялградскага Універсітэта. Пад уплывам выкладчыкаў і вышэйшага праваслаўнага кліра Югаславіі зрабіўся актыўным свецкім праваслаўным дзеячам. Наладзіў кантакты з кіраўніцтвам Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, у прыватнасці, з мітрапалітам Варшаўскім Дзянісам (Каледзінскім) і архіяпіскапам Савам (Саветавым).

Па сканчэнні вышэйшых штудыяў у Бялградзе ўлетку 1939 г. Касмовіч вярнуўся ў Нясвіж. Згодна з уласнымі ўспамінамі, савецкая ўлада, што акупавала ў верасні 1939 г. гэты горад, прапанавала яму стаць “бургамістрам” горада. Аднак да гэтага сцвярджэння трэба адносіцца крытычна. Так Дзмітры Касмовіч успамінаў, што прапанаваў яму гэтую пасаду начальнік гарадскога НКВД Мікалай Сіротка, які, паводле дакументаў, насамрэч з’яўляўся старшынёй тамтэйшага райкама гораду. У тых жа ўспамінах аўтар прыпісаў сабе даклад “Аб нацыяналізацыі банкаў і прамысловасьці” на Народным Сходзе Заходняй Беларусі 28-30 кастрычніка 1939 г., у рэчаіснасці зроблены жанчынай. У пратаколах Народнага Сходу спадар Касмовіч кваліфікаваны як настаўнік. Ён быў дэлегаваны ў Маскву на нечарговую сесію ВС СССР і на нечарговую сесію ВС БССР, на якіх Заходняя Беларусь была “ласкава прынятая” у склад СССР і БССР. 

У канцы 1940 г. Дзмітры Касмовіч пакінуў Нясвіж і паступіў у Менскую Палітэхніку. З пачаткам нямецкай акупацыі ён стаў супрацоўнічаць з новай уладай, узначаліў аддзел грамадскага забеспячэння Менскай управы, а таксама менскую паліцыю. Беларускі вайсковы дзеяч Франц Кушаль ва ўспамінах “Спробы стварэньня беларускага войска”, дае такую характарыстыку гэтай установе: “Начальнікам паліцыі быў Касмовіч Дзьмітры, чалавек з духоўнай асьветай (скончыў духоўную праваслаўную сэмінарыю), які зусім ня знаўся ані на вайсковай арганізацыі, ані на вайсковай падрыхтоўцы. Пад гэтым поглядам выручаў яго капітан Пугачоў Міхал. Капітан Пугачоў быў кадравым афіцэрам савецкай арміі, афцэр вельмі дысцыплінаваны й сумленны. Ён проста з скуры вылазіў, каб як-небудзь прывесьці гэтую банду ў сякі-такі парадак... З самага пачатку паліцыя называлася “орднунгдынст” і была падпарадкаваная СД. Амаль штодзень СД праводзіла арышты ў Менску з мэтай вылавіць шкодны камуністычны элемэнт і ўжывала да гэтае “орднунгдынст”. Пры арыштах і пры вобысках паліцыя займалася ардынарным адкрытым грабяжом. Разумеецца, прыгаварыць да сумленьня гэных людзей, ці абавязку, раўнялася таму, што сыпаць гарох аб сьцяну. Вось гэтак выглядала менская паліцыя...” 

У канцы кастрычніка 1941 г. Дзмітры Касмовіч разам са стрыечным братам Міхасём Вітушкам з невядомых прычын пакінулі Менск і выехалі ў зону франтавога камандавання. У Бранскай, Смаленскай, Магілёўскай акругах Касмовіч ўзначальваў Паліцыю ОД – службу парадка, якая падпарадкоўвалася паліцыі СД і мусіла змагацца супраць савецкіх партызанаў. Адбудоўваў там і нацыянальнае беларускае жыццё, браў удзел у абвяшчэнні Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы на Усебеларускім Царкоўным Саборы ў жніўні 1942 г., у арганізацыі Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). 27 чэрвеня 1944 г. удзельнічаў у Другім Усебеларускім Канрэсе ў Менску. 

З набліжэннем Чырвонай Арміі Дзмітры Касмовіч разам са сваімі жаўнерамі пакінуў Беларусь; улетку 1944 г. ён знаходзіўся ў батальёне Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі, які пад кіраўніцтвам легендарнага Ота Скарцэні школіў беларускіх дыверсантаў для змагання на ўжо згубленай Бацькаўшчыне. Далей Касмовіч займаўся наладжаваннем міжнародных сувязей для эвентуальнай барацьбы супраць камунізму разам з заходнімі саюзнікамі. Лідэр БНП Усевалад Родзька накіраваў дзеля гэтай мэты Дзмітрыя Касмовіча ў Парыж. Аднак хутка вайна скончылася, заходнія саюзнікі і не думалі ваяваць з Савецкай дзяржавай. Частка сяброў БНП, найперш тыя, хто выхоўваўся ў Дальвіцы, вярнуліся на Беларусь. Касмовіч апынуўся ў Заходняй Нямеччыне, дзе пасля пакарання смерцю ў Беларусі Усевалада Родзькі, узначаліў БНП. 

Паваеннае жыццё Дзмітрыя Касмовіча было тыповае для ўсіх беларусаў-выгнанцаў. Ён стаў сведкам і ўдзельнікам падзелу на прыхільнікаў Рады БНР і Беларускай цэнтральнай рады, стаўшы на пазіцыі апошняй, узначаліў дэлегатуру БЦР у Заходняй Нямеччыне. Ён выключыў з партыі прыхільнікаў Рады БНР і патэнцыйных канкурэнтаў: Барыса Рагулю і Уладзімера Набагеза. 

У 1954 г. Дзмітры Касмовіч ўзначаліў інспіраваны Радаславам Астроўскім Беларускі Вызвольны Фронт. У пачатку 80-х гг. ён атрымаў ад прэзідэнта БЦР Нікандра Мядзейкі рангу генерала. Браў удзел у безлічы антыкамуністычных форумаў: у часы халоднай вайны тэма змагання з Савецкім Саюзам была актуальная. Вялікая колькасць улётак, адозваў, мэмарандумаў... - гэта былі хутчэй спробы рэанімаваць баявы дух камбатантаў-выгнанцаў, бо і вельмі актыўная дзейнасць эмігрантаў ніякім чынам не ўплывала на сітуацыю на Беларусі. 

Памёр Дзмітры Касмовіч 23 красавіка 1991 г. Свае ўспаміны, якія распавядаюць пра жыццё ад дзяцінства і да выгнання з Беларусі ў 1945 г., напісаў у 1986 г. Найбольш дэталёва ва ўспамінах асвятляецца час “бурмістарства” ў Нясвіжы ў 1939-1941 гг. і гады нямецкай акупацыі. Асобна аўтар вылучыў матэрыял, прысвечаны дзейнасці Беларускай Незалежніцкай Партыі, які і прапануецца вашай увазе. 

Да ўспамінаў Дзмітрыя Касмовіча трэба падыходзіць вельмі крытычна. Разумеючы, што наўрад хто зможа спраўдзіць факты, аўтар прыпісаў сабе шмат “подзвігаў”, якіх не было ў рэальным жыцці. Гэта тычыцца і “слаўнай” дзейнасці на Смаленшчыне і Браншчыне, і працы ў Беларускай народнай самапомачы. Так Дзмітры Касмовіч, апісвае ўдзел у канферэнцыі Беларускай народнай самапомачы і сваю там галоўную ролю, пры тым, што яго, згодна з архіўнымі дакументамі, там зусім не было. 

Акрамя таго, аўтар называе лічбу жаўнераў Беларускага Краёвага Войска – ОД (“Службы Парадку”) у 100 тыс. чалавек, што трэба рэальна памяншаць у некалькі, калі не ў дзесяткі разоў. 

Неабходна ўважліва падыходзіць да гісторыі Беларускай Незалежніцкай Партыі. Нягледзячы на сцвярджэнні, што партыя актыўна дзейнічала ў 1941 г., цалкам дапушчальна, што да 1944 г. яна налічвала ў лепшым выпадкам некалькі дзясяткаў чалавек, калі не была прыватным інтарэсам Касмовіча, Вітушкі, Родзькі, Саковіча. Не выключана, што тыя дакументы, якія падае мемуарыст, былі напісаныя шмат пазней на эміграцыі. 

Чым адрозніваюцца ўспаміны Дзмітрыя Касмовіча ад мемуараў сотні астатніх беларускіх эмігрантаў, удзельнікаў нацыянальна-грамадскага жыцця? Ва ўспамінах апошніх адчуваецца комплекс віны за “супрацоўніцтва” з немцамі падчас вайны. У Касмовіча гэтага адчування няма. Ён застаўся ўпэўнены ў правільнасці ўласнай пазіцыі да канца сваіх дзён. 

Нягледзячы нават на вялікія сумненні ў праўдзівасці пададзеных фактаў, успаміны вельмі цікавыя і карысныя. Гэта рэпрэзентацыя погляду часткі беларускай грамадскасці, прадстаўнікі якой са зброяй у руках, пачынаючы ад 1941 г., змагаліся на баку Нямеччыны супраць СССР, і засталіся на сваіх пазіцыях і надалей, не здрадзілі сваім ідэалам. 

Магчыма, пройдзе час, і будзе напісаная сапраўдная біяграфія Дзмітрыя Касмовіча, дзе будзе сказана, хто ён ёсць на самой справе: нацыянальны герой ці авантурыст. Пакуль выглядае на апошняга. 

Успаміны падаюцца на мове арыгінала, з нязначнымі скарачэннямі і стылёвымі праўкамі. Аўтарскі тэкст захаваны поўнасцю.

Алег Гардзіенка

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Аляксандр напiсаў(ла) 26.11.2012 15:16
Надрукуйце, калі ласка, дату выхада друкаванага твора

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.