Крыўя-Беларусь у мінуласьці

Дальшы развой падзеяў у Вялікім Княстве Літоўскім

У 80-х гадох XTV стаг. ў Польшчы й Ліцьве-Крыўі паўстаў праект ажаненьня вял. князя крывічанскага ("літоўскага") Ягайлы з польскай каралеўнаю Ядзьвігаю і займа ім польскага пасаду. Умова аб гэтым была зроблена ў крывічанскім месьце Крэве (цяпер местачка Ашмянскага павету з даўнейшым замчышчам) і ведама пад назовам Краўской вуніі. Акт Краўское вуніі паміж іншым зьмяшчаў абяцаньне Ягайлы прылучыць Вялікае Княства Літоўскае да Каралеўства Польскага. Ня будзем тутка разглядаці пытаньня, ці Ягайла маніўся сваё абяцаньне споўніць, заняўшы польскі пасад, ды ці нарушала яно сувэрэннасьць Вялікага Княства Літоўскага. Было-б гэта ў ладнай меры лішняе з тае прычыны, што акт Краўской вуніі ніколі ня спаўняўся. У тагачасных варунках політычных, калі Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам ладне дужшым за Польшчу, а ўсё насельніцтва Вялікага Княства было проці гэтага прылучэньня, менаванага абяцаньня Ягайлавага немагчыма было ўжыцьцёвіць, як немагчыма было споўніць іншага - балей урачыстага й станаўкога абяцаньня - зьмяшчонага ў тым-жа акце, наіменна забавязаньня Ягайлавага навярненьня на каталіцтва (на'т прынукаю) усяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.

Зараз посьле падпісаньня Краўское вуніі ў Ліцьве ўзьняліся паўстаньні проці Ягайлы, каторыя яго змусілі ў умове, зробленай у 1392 г. ў Востраве, прызнаць свайго браценьніка Вітаўта вялікім князем літоўскім і толькі па яго сьмерці мела быць часьць Літвы прылучана да Польшчы. Значыцца, гэтай умоваю быў нарушаны акт Краўское вуніі.

Надабе гэтта зацеміць, што ад акту Краўское вуніі, польскія політыкі ўважалі Вялікае Княства Літоўскае за прылучонае да Польшчы з гледзішча праўнага. А што да Крывічоў, дык прыхільнікі політыкі Ягайлавай былі пагляду, што вунія з Полынчай карысьнейшая старане крывіцкай, бо крывіцкі князь Ягайла займае польскі пасад. Крывічы-ж-праціўнікі політыкі Ягайлавай - а гэткіх была вялізарная бальшыня - з прынцыпу былі проці злучэньня свайго гаспадарства - Вялікага Княства Літоўскага - з Польшчаю. Наагул-жа крывіцкая старана ўважала, што, як із Польшчаю, так із кажным іншым гаспадарствам Вялікае Княства Літоўскае можа рабіць саюзы, калі яны яму карысныя пры сучаснай міжнароднай конюнктуры. Пры гэтым сваім становішчу Крывічане аставаліся ўвесь час быцьця Вялікага Княства Літоўскага.

У1413 г. на зьезьдзе ў Горадле была зроблена новая ўмова аб адносінах між Крыўі й Польшчы. У гэтым акце, ведамым такжа пад назовам Горадзельскае вуніі, няма ані слова аб пераходзе часьці Вялікага Княства Літоўскага да Польшчы па сьмерці Вітаўта, у ім ёсьцека толькі засьцярога, што па сьмерці вял. кн. Вітаўта, Вялікае Княства Літоўскае не абярэ ягонага наступніка бяз згоды караля польскага і Польшчы, але й Палякі ня будуць магчы абраць сабе караля бяз згоды Літвы і яе вялікага князя.

Актам Горадзельскае вуніі была чыста скасавана (анулявана) вунія Краўская. Але й гэтымі варункамі ня былі здаволіўшыся Вітаўт і крывіцкае гаспадарства. Яны імкнуліся да поўнае роўнасьці з Полылчай і іншымі гаспадарствамі Заходняе Эўропы на'т з боку вонкашнага. Дзеля таго Вітаўт меў каранавацца за крывічанскага караля [22].

За дзяржавы (гаспадараньня) вялікага князя Вітаўта (1392- 1430) задзіночанае гаспадарства крывіцкае, званае Вялікім Княствам Літоўскім, даходзіць да верху свае політычна-нацыянальнае магутнасьці. У ім задзіночыліся ўсе чыста землі крывіцкія, бо нават Пскоўшчына й Цьвер прызнаюць над сабою верхнюю ўладу ягоную. Ізь земляў чужых было прылучана ўкраінскае Падольле. У гэтую пару ўзмацаваліся позыцыі гаспадарства крывіцкага на берагох Чорнага мора. Нягледзячы на паражку 1399 г. ля р. Ворсклы, гаспадарства крывіцкае мела вялікія ўплывы ў Залатой Ардзе (Кіпчаку). Наагул за дзяржавы Вітаўта задзіночанае гаспадарства крывіцкае было адным із найдужшых у сучаснай Эўропе.

Ад 1440 г. пасад задзіночанага гаспадарства крывіцкага на даўгі час пераходзіць у рукі Ягайлавічаў - сына й патомкаў Ягайлавых-ажно пакуль гэтая дынастыя ня вымерла ізь сьмерцяй Жыгімонта II Аўгуста ў 1572 г.

Сваёй маткаю Софіяй з князёў Гальшанскіх, крывіцкай патрыёткаю, сыны Ягайлавы былі ўзгадаваны ў духу нацыянальна-крывіцкім. Гэта зьдзеіла, што і дальшыя Ягайлавічы, прынамся тыя зь іх, што займалі крывіцкі пасад, былі добрымі Крывічамі [23].

Першы зь Ягайлавічаў, Казімер, быў абраны за вялікага князя літоўскага з нарушэньням апошніх праўных забавязаньняў аб вуніі з Польшчай.

За даўгога гаспадараньня Казімера (1440-1492) гаспадарства крывіцкае, не пашыраючыся навонкі, консолідавалася й разьвівалася ўнутры, як з боку грамадзка-політычнага, так і культурнага. За дзяржавы Казімеравай настала становая дыфэрэнцыяцыя і збліжэньне людзёў таго-ж стану ў усім гаспадарсьцьве, ня гледзячы на тую ці іншую апрычонасьць асобных земляў. Гэта датычыла наўперад шляхты. Гэтак, прыкладам, шляхта северская чулася як у сябе дома ў Смаленшчыне, Полаччыне, Вільні, Горадне, на Жмудзі і г. д., - усюды, бо ўсюды ў гаспадарсьцьве была тая самая "брацьця шляхта" з аднэй ідэёлёгіяй політычнай, ня гледзячы на мясцовыя розьніцы гісторычныя і іншыя. Дзеля консолідацыі гаспадарства мела гэта вялізарнае значаньне. Пры такім развою немагчымым стаўся мясцовы сэпаратызм.

Ад канца XV стагодзьдзя ў задзіночанага гаспадарства крывіцкага пачынаюцца бязупынныя, адно зь некаторымі перарывамі, войны з Масквою, так характэрныя ў узаемных адносінах гэтых гаспадарстваў. Войны гэтыя бывалі ізь зьменным шчасьцям.

Найцяжшай і найгоршай Крывічом сваймі рэзультатамі была вайна з Маскоўшчынаю 1558-1582 г. Пачала яе Маскоўшчына, хочучы захапіць Лівонію (прастор цяперашняе Латвы й Эстоніі), каб гэткім спосабам здабыць прыступ да Балтыцкага мора. Лівонія зьвярнулася помачы да Крыўі ("Літвы"), адначасова прылучаючыся да гэтага гаспадарства. Адгэтуль у Крывічоў паўстала вайна з Маскоўшчынаю. Вайна гэтак давяла да Люблінскае вуніі з Польшчаю ў 1569 г., "бо на Вялікае Княства Літоўскае ўсё балей сунулася небясьпечнасьць звонку. Проці яго на ўсходзе стаялі Масква й Крым, а на заходзе - бязупынныя пагранічныя непаразуменьні з Польшчаю, што добра ацаніла цяжкое палажэньне ягонае. Шляхта некаторых, пагранічных із Маскоўшчынаю, паветаў дамагалася вуніі з Польшчаю - дзеля абароны ад Маскоўшчыны. Падляшане й Валынцы дамагаліся вуніі, церпячы на паграніччу з Польшчаю ўціск ад Палякоў; яны спадзяваліся, што посьле вуніі перасьледваньні перастануць" [24].

Калі вонкашная небясьпечнасьць мінула, крывіцкая старана ня прызнала Люблінскае вуніі ані на зьездах-соймах крывіцкіх, ані констытуцыяй Вялікага Княства Літоўскага, зьмешчанай у 3-ім выданьню 1588 г. кодэксу крывіцкага права, званага Статутам Літоўскім. Было-б з гэтай вуніяй тое самае, што з папярэднімі, калі-б ня тое, што гэтай вуніяй было крывіцкае гаспадарства аслаблена, бо ад яго адарвалі да Польшчы ўсю Украіну ды невялічкую лапіну зямлі крывіцкае (цяперашнія паветы: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі ды малая частка цяперашняга павету Бела-Падляскага).

Але важнейшым было тое, што посьле Люблінскае вуніі асталіся вонкавыя прычыны, каторыя да яе давялі. Гэтымі прычынамі былі акалічнасьці, што Маскоўшчына, вызваліўшыся ў 1480 г. ад татарскага ярма, а далей заваяваўшы ў XVI стагодзьдзі царствы татарскія - Казанскае й Астраханскае - была зусім чыста забясьпечыўшыся на ўсходзе і магла ўсе свае сілы, павялічаныя рознымі турка-татарскімі гордамі, ськіраваць на заход - проці гаспадарства крывіцкага. 3 другога боку, Польшча таксама была забясьпечыўшыся на заходзе, бо Нямеччына была падзяліўшыся на дробныя гаспадарствы. Дзеля таго Польшча ў часе кажнага цяжкога ваеннага палажэньня крывіцкага гаспадарства выступала із свайго боку з ваеннымі пагрозамі, стаўляючы політычныя вымаганьні ў хворме ўтвараньня розных вуніяў або іх дадзяржаньня.

Дзеля менаваных прычынаў, Люблінская вунія, хоць ніколі ня была праўна прызнана з боку крывіцкага, хоць ніколі ня была ўжыцьцёўлена ў сваім спачатным выглядзе, то аднак асталася, будучы ператворана ў фэдэрацыйны зьвяз двух раўнапраўных і сувэрэнных гаспадарстваў.

Гэты зьвяз быў шкодны Крывічом, што відаць ізь ніжменаванага.

Нягледзячы на тое, што, подле тэксту Люблінскае вуніі, абедзьве стараны - крывіцкая й польская - павінны былі сабе ўзаемна памагаць у часе вайны, Польшча альбо зусім не памагала Крыўі, альбо памагала надта мала. Гэтак, прыкладам, увесь цяжар вайны з Маскоўшчынаю за Лівонію прыпаў старане крывіцкай, а па перамозе над Маскоўшчынаю ў 1582 г. Польшча дамагалася, каб Лівонія (Інфлянты) была собскасьцяй супольнай Крыўі й Польшчы.

Апрача таго Люблінская вунія адчыняла дарогу польскім уплывам на Крыўю, а ўплывы гэныя ня былі добрыя.

Розьніцы інтарэсаў гаспадарства крывіцкага і Польшчы перашкаджалі ў працы соймаў - супольных ад Люблінскае вуніі. Звычайным зьявішчам былі "протэстацыі" паслоў крывіцкіх на гэных соймах ды адмова іх ад імя свайго гаспадарства даць згоду на рэзолюцыі сваіх польскіх сяброў. Трагічнае для Рэчыпаспалітай "veto" было ўпяршыню сказана ў 1652 г. крывіцкім паслом Сіцынскім.

"У канцы канцоў Люблінская вунія была аднэй з прычынаў, што Рэчпаспалітая да канца свайго быцьця застыгла й задзержылася ў сваім гаспадарсьцьвеным развою. Аднэй з галоўных сілаў, што запынілі канечне патрэбныя рэформы, была звьмайная немагчымасьць пагадзіць інтарэсы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага; гэта стварала мус, што ляпей пакінуць нязьмененае старое, чымся йсьці на ўступкі аднаму з гаспадарстваў, злучаных вуніяй. Ужо каля сту год таму зацемілі (Нямцэвіч), што каронныя соймы, каторыя з 1569 г. сталі супольныя для Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага, дыкжэ па Люблінскай вуніі, асабліва спачатку дзяржавы Жыгімонта III Вазы, ператварыліся балей у перагаворы, чымся ў разгляд справаў. Гэта зусім зразумела, бо дыкжэ ў часе займа пасаду Жыгімон-там III Вялікае Княства Літоўскае канчальна й хвармальна аз-начыла свае адносіны да Польшчы, падзяліўшы Лівонію (Інфлянты) між Польшчы й Княства (замест супольнага вала-даньня ёю) і зацьвердзіўшы свой новы статут" [25].

У 1655 г. ў часе вайны Рэчыпаспалітай із Швэдзіяй ладная часьць Крывічоў, на чале з князям Янушом Радзівілам, учыні-ла - паразумеўшыся із Швэдамі - спробу разарваньня сувязі з Польшчаю. 3 прычыны паражкі Швэдзіі, спроба гэтая ня ўжыцьцёвілася.

3 гледзішча політычна-праўнага Вялікае Княства Літоўскае аставалася самастойным гаспадарствам крывіцкім ажно да другога падзелу Рэчыпаспалітае польска-крывіцкае ў 1793 г., калі было прылучана да Расеі. Калі аднак прыймем пад увагу мамэнт культурна-нацыянальны, дык мусім прызнаць, што, астаючыся гаспадарствам самастойным, з боку культурнага ў сваёй кіруючай сфэры перастала яно быць крывіцкім ужо ў канцы стагодзьдзя XVII [26]. Ад канца XVII стаг. дзейнікі кіруючыя гэтае гаспадарства, сьцерагучы ад Польшчы яго апрычонасьці політычнай і гаспадарскай, з боку культурнага чыста паддаваліся ўплывам польскім. Іх гаспадарсьцьвены патрыётызм, нягледзячы на культурна-нацыянальную асыміляцыю, характарызаваў у іх кіруючы слой народу із старой традыцыяй гаспадарсьцьвенай.

  • [22] И. И. Лаппо, op. cit., бач. 103.
  • [23] Выняткам быў апошні зь іх, слабавольны Жыгімонт II Аўіуст, але толькі пад канец свайго жыцьця, калі апынуўся пад уплывам польскіх езуітаў.
  • [24]Лаппо, op. cit., бач. 134.
  • [25]Там-жа, бач. 146.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Цярэшка напiсаў(ла) 24.06.2008 17:34
Я ня разумею, чаму мова Станкевіча дасюль ня цікавіць нашых моваведаў?
Сяргей напiсаў(ла) 27.01.2012 19:29
Дата выдання, калі хто не ведае - 1942 год. Калі хто не ведае гісторыю Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай - у 1941-44 гг. Мінск быў пад нямецкай акупацыяй. І м-р Станкевіч выдаваў свае "творы" ў акупаваным Мінску з ведама і дазволу нямецкіх улад, што было магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён з імі супрацоўнічаў. Гэтым ўсё сказана. Такі ж кошт і яго "геніяльным творам" - беларусы, значыць, "чыстыя арыйцы", а "расейцы" - "турка-татары" і "фіны". Ну-ну...
Андрэй напiсаў(ла) 15.11.2012 16:45
Сяргэй, немцам усе роуна было да гэтага. Яны ня ведали беларускуй минуласци
litva напiсаў(ла) 30.12.2012 16:24
Станкевіч мае рацыю незалежна ад таго зь кім ён "супрацоўнічаў" ці не "супрацоўнічаў".
Чытай тут
і тут

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.